Выбрать главу

— Добрая справа, і я быў вось такім самым, як пан Вашамірскі, — буркнуў у бараду пан Скшымбжыцкі. — Я запрапанаваў бы трохі нам прагуляцца пехатою па лесе. Хачу паглядзець, можа, калі на паляванне да пана прыеду.

— Вельмі прашу! — згадзіўся пан Вашамірскі.

— Я так адчуваюся не зусім добра. Даўно не ездзіў конна. Гады даюць аб сабе знаць. Калісьці не быў такім трухлявым.

Пан Вашамірскі спрытна скочыў з каня і падбег да гасця, каб памагчы яму злезці.

«Якраз мой дзед», — падумаў пан Вашамірскі, і ў яго з кожнай хвілінай расла ўсё большая чуласць да пана Скшымбжыцкага.

Яны прывязалі коней да пня.

— А я ведаю панскага Салаўя, — сказаў раптам пан Скшымбжыцкі жартаўлівым голасам. — Ён быў у маім маёнтку і свістаў салаўём…

— О, ласкавы пане! — здзівіўся пан Вашамірскі.

— Я нават і свістаць ад яго навучыўся. Калісьці і я любіў вясёлыя жарты. Люблю і цяпер пажартаваць.

Нягледзячы, што гэтае «калісьці» ставіла мяжу паміж старым і маладым, аднак пан Вашамірскі пачуў да яго блізасць.

Пан Скшымбжыцкі пачаў свістаць салаўём…

Водгаласкі пайшлі па лесе…

Пан Вашамірскі вылупіў на яго пару здзіўленых вачэй і глядзеў, як зачараваны.

— Дык няхай пан Вашамірскі не дзівіцца, — сказаў пан Скшымбжыцкі і сарваў з сябе бараду і парык з галавы, — бачыце, акторы з панскай студыі, што нядаўна ўцяклі ад пана, прынеслі мне парык і грыму — прыгадзілася. Я грымаваўся пад панскага дзеда. Вельмі добра памятаю яго.

Перад панам Вашамірскім стаяў яго ранейшы Садапей…

Пан Вашамірскі пабляднеў, зуб аб зуб ляпаў. Пан быў такі спалоханы, што нават не супраціўляўся, калі Салавей прывязваў яго да дрэва крэпкай вяроўкай: яна была схавана ў Салаўя за пазухай.

— Можа, цяпер пан Вашамірскі свісне салаўём? А можа, ваўком завые? — А калі пан не хоча, дык…

Салавей пачаў дубасіць пана Вашамірскага па чым папала канчуком, прыгаварваючы:

— Вось гэта табе, яснавяльможны пане, за тэатр! Вось гэта за лупцоўку цяперашніх канюхоў — ранейшых актораў! Вось гэта табе за Зоську! Вось гэта — за здзекі з прыгонных!

Вось гэта…

Салавей пералічыў усе панскія грахі. Многа разоў паўтараў «вось гэта»…

— Глядзі, яснавяльможны пане, калі не спыніш здзекаў, дык Салавей яшчэ раз свісне!

Пры гэтых словах Салавей адвязаў пана ад дрэва, сеў на каня, другога ўзяў за павады і паехаў лясной дарогай, дзе ўжо чакаў на брычцы яго «фурман» — адзін з цімакоў.

11. Мніх-бернардынец

Пані Вашамірская хворая яшчэ з часоў балю. З кожным днём ёй усё горш ды горш. Дзіўная хвароба ў пані старой. Яна ні з кім не гаворыць, не скардзіцца ні на якія болі. Нейкая панская хвароба.

Яе апанаваў сум.

Не спіць па начах, а ўсё думае-думае. Свае думкі тоіць пры сабе, нават духоўніку, ксяндзу Марцэвічу, нічога не кажа.

Пані ўвесь час думае пра Салаўя. Рассылала людзей па ўсёй ваколіцы шукаць яго. Катоў сваіх яна выпусціла на волю, выганяла з пакояў, калі яны лезлі туды назад. Яны прымушаны былі ладзіць свае вясеннія канцэрты на стрэхах.

Не выпісвае пані да сябе ніякіх дактароў, бо ведае, што адно толькі лякарства ёй можа дапамагчы — Салавей. Толькі мець яго ў сваіх пакоях. Салаўіных песняў яна цяпер у сне не чуе, бо яна наогул не спіць, але душа пані наяве сніць — сніць Салаўя.

— Няйначай памрэ пані, — шэпчацца чэлядзь у пакоях.

Пані Вашамірская ляжыць на ложку, чакае смерці. Ад роспачы ёй нічога іншага чакаць не засталося.

Ксёндз Марцэвіч даўным-даўно падрыхтаваў яе да смерці красамоўным маляваннем чарцей і анёлаў, пекла і раю.

Пасля таго як пан Вашамірскі распусціў свой тэатр, выправіў на свой кошт у Парыж французскіх педагогаў — рэжысёра і балетмайстра, ксяндзу Марцэвічу ад сваёй драматургіі застаўся адзін прыемны ўспамін: хвальба доктара багасловіі і філасофіі — Курачковіча аб тым, што пекла ксяндза Марцэвіча падобна да пекла Дантэ.

Гэта моцна засела ў галаве ксяндза Марцэвіча. «Давай, — думаў ён, — буду развіваць далей сваё маляванне пекла. Магу давясці яго перад старой паняй Вашамірскай да вялікага мастацтва».

Старая пані аказалася добрай глебай для імправізацыйнай пякельнай творчасці ксяндза Марцзвіча.

Дзень у дзень ксёндз, які цяпер не адыходзіў ад пані ні на крок, убіваў ёй у мазгі жывыя малюнкі страшнага пекла. Рай перад паняй ён мала прадстаўляў. Спецыялізаваўся, галоўным чынам, на малюнках пекла.

Часта ён распісваў перад паняй у жудасных фарбах «апошні шлях грэшнай душы». Першым чынам ён тлумачыў старой, што з'яўляецца грэхам, а пасля гаварыў аб карах за грэх: