Выбрать главу

— Калі чалавек грэшны, калі не шануе духоўнікаў, калі не дае на касцёл грошы, калі Богу не моліцца, дык да такога яшчэ пры кананні прыходзяць чэрці — рагатыя, з казлінымі бародамі, з капытамі, з хвастамі. Вочы ў іх гараць-гараць зялёнымі аганькамі, гараць-гараць…

Ксёндз Марцэвіч гаворыць шэптам, манатонна. У яго самога шэрыя вочы так блішчаць, ажно пані Вашамірская баіцца зірнуць на яго. Ксёндз пераходзіць на больш драматычны тон:

— Абцугамі пачынаюць чэрці рваць душу з чалавека. Не хоча грэшная душа выходзіць з грэшнага цела, вельмі не хоча. Баіцца, лямантуе, трапечацца, крычыць… Чалавек корчыцца, пакутуе, дыханне стрымліваецца. Нарэшце вырвалі душу. Панеслі чэрці душу грэшную праз горы, праз лясы, праз моры-акіяны, панеслі-павалаклі ў апраметную. А там, унізе, пякельны агонь гарыць-палае, смала ў вялізных катлах пеніцца…

— Ой… — стогне пані Вашамірская, — а далей што?

— А там маршалак чарцей, Люцыпар, пытаецца ў грэшнай душы: «Ты духоўнікаў шанавала? Карміла іх? Песціла іх? Спавядалася перад імі? На божы касцёл давала грошы? Богу малілася?» Дрыжыць грэшная душа ад страху. І кідаюць грэшную душу ў гарачую смалу. «Ой, горача-горача!» — крычыць грэшная душа. Тады вымаюць яе з гарачай смалы і топяць у халодную, як лёд, ваду. «Ой, халодна-халодна!» — зноў крычыць грэшная душа.

Пані Вашамірская хапаецца за сэрца:

— Я ж, ойча святы, не грэшная, — кажа яна ў вялікім сполаху, — я і вам памагаю, і на касцёл даю, і Богу малюся, і спавядаюся…

— Я кажу наогул аб грэшніках, — гаворыць салодкім голасам ксёндз Марцэвіч, — пані Вашамірская святая. Пані напэўна ў рай пападзе.

Ксёндз гаворыць далей:

— Смяецца Люцыпар, рагоча. Чым больш грэшная душа пакутуе, тым прыямней маршалку пякельніцы. Ён кліча чарцей рознага росту: вялікіх, маленькіх, маленечкіх і самых дробненькіх, як шпілечкі. Яны рвуць у грэшнай душы язык за тое, што богу не малілася, што духоўнікаў не шанавала, што на святы касцёл не давала. І адрэзваюць ногі ў грэшнай душы за тое, што ў касцёл не хадзіла. І адрываюць вушы за тое, што не слухала святых званоў. І гарачым жалезам пратыкаюць сэрца грэшнай душы за тое, што не была набожнай. І раздзіраюць цела на драбнюткія кавалачкі і кідаюць зноў у смалу гаручую…

— Ой, — стогне пані Вашамірская, — ойчанька, злітуйся…

Ксёндз Марцэвіч як бы не чуе і гаворыць далей аўтарытэтным голасам:

— З гарачай смалы душа грэшная зноў выплывае цэлая, цэленькая нібы толькі што на свет нарадзілася. На яе нападае вялікі голад, такі голад, быццам яна пасцілася сорак дзён і сорак начэй. Тады чэрці падносяць ёй золата, брыльянты, шаўкі, аксаміты; падносяць усё тое, што грэшная душа мела пры жыцці. «Ты гэта не хацела даваць на касцёл — на еж! грызі!» Чэрці кормяць грэшную душу ўсім гэтым, так кормяць, ажно ўсё назад з горла лезе…

Пані Вашамірская дрыжыць ад страху і шапоча:

— Усё, усё сваё багацце аддаю на касцёл…

Шчодрай рукою пані Вашамірская сыпала золата. Вось хутка ксёндз Марцэвіч пачне будаваць гэты касцёл. Яшчэ вось трохі часу пачакае, бо на званіцу не хапае грошай…

У той час з'явіўся сюды адзін мніх-бернардынец, які таксама збіраў грошы на касцёл.

Не рад быў свайму канкурэнту ксёндз Марцэвіч. Ён хмурыўся на мніха. Але мніх быў такі набожны, што ксёндз да яго доступу не меў. Мніх вечна малітвы шаптаў і набожнымі вачыма шукаў на сценах пакояў пані Вашамірскай святых абразоў.

Мніх быў вельмі строгі і грозны. Ён заняў адразу першае месца ў набожным сэрцы старой. Мніх падабаўся ёй сваім выглядам, які напамінаў біблійнага прарока. Ён быў таксама красамоўным, таксама распісваў пекла перад паняй Вашамірскай. У яго пекла мела крыху інакшую афарбоўку, было больш інтымнага евангелічнага характару. Грэшная душа, паводле слоў бернардынца — тая, што шануе багатых і зневажае бедных.

— Па грэшную душу прыходзяць чэрці, такія самыя, аб якіх кажа ксёндз: рагатыя, барадатыя, хвастатыя. Яны накідваюць на грэшную душу пятлю і, як цялушку, цягнуць у пекла. Люцыпар пытае ў грэшнай душы во так грозна, злосна: «Ты катавала прыгонных? Ты здзекавалася над мужыкамі? Ты жыла ў шаўку і золаце, а твае падданыя ў гнаі капаліся? Ты ела смачныя рэчы, а яны душыліся заціркай з мякіны? Ты піла заморскае віно, а яны пот і кроў сваю пілі?»

Мніх-бернардынец бліскае страшнымі вачыма на паню Вашамірскую. Старая нямее ад сполаху, маўчыць.

— Вельмі грозны гэты самы Люцыпар. «Гэй, слугі мае! — камандуе ён, — прынясіце сюды тыя самыя бізуны, якімі бедных людзей катавала во гэтая грэшная!» Можа, сто, а можа, тысяча чарцей валакуць панскія бізуны, чырвоныя, завэцганыя ў мужыцкай крыві, у хамскім мясе. Б'юць, лупцуюць чэрці гэтымі бізунамі грэшную душу. Крычыць грэшная душа, літасці просіць. Рагоча Люцыпар. «А ты, — кажа ён, — грэшная душа, злітавалася над людзьмі?» І кідаюць грэшную душу ў тую самую смалу, аб якой гаварыў ксёндз. Смажыцца грэшная душа ў смале, як яечня на патэльні. «Яшчэ смалы! Мала смалы! — крычыць злосны Люцыпар. — Гэй, чарцюгі, ліха на вас, яшчэ смалы!» — «Мы змарыліся», — кажуць рагатыя і касматыя. Тады прыбягаюць нябожчыкі прыгонныя, якіх грэшная душа мучыла пры жыцці. Яны на крык Люцыпара з раю ў пекла спусціліся, пашкадавалі Люцыпара, хацелі яму дапамагчы. «Мы, паночку-лябедзіку, — кажуць мужыкі-прыгонныя, — прывыклі працаваць яшчэ на зямлі. На панскім прыгоне, ой, як працавалі! У раі мы разгультаіліся без работы. Ад абібоцтва косці ломіць. Будзем дзеля забаўкі ліць смалу на нашу яснавяльможную панечку!»