Выбрать главу

Цівун паслаў мужыка паглядзець, ці папаў у птушку.

Той угодлівым крокам пабег, падскокваючы, як падстрэлены, па востраму ржышчу чорнымі босымі нагамі. Прынёс застрэленую варону, падаў пану цівуну і ўгодліва выціснуў з свайго нутра гукі, падобныя да смеху:

— Гэ-гэ-гэ-э-э!

У гэты самы час да цівуна падышоў прыганяты з даносам на старую кабету:

— Старая сука пана цівуна не паважае. Яна казала: «Цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць».

Не паспела сысці з твару цівуна ўсмешка задаволенасці ад удачнай страляніны, як твар наліўся крывёю, вочы заблішчэлі.

— Як?! во гэта падла старая будзе гаварыць? Я ёй пакажу! Палажыць ёй за пазуху мёртвую варону! Няхай трымае да самага вечара! Гэй, ты, галган, — звярнуўся ён да мужыка, — дай яму (цівун паказаў на прыганятага) варону!

Прыганяты ўзяў з рук мужыка варону і панёс з рогатам да старой бабы. За ім на кані пад'ехаў і цівун.

Старая кабета з лямантам-выццём кінулася цівуну ў ногі. Яна крыжам распласталася на ржышчы чуць не пад самыя ногі каня і выла немым голасам. Ледзь можна было ў гэтых прыдушаных галошаннях пазнаць словы:

— Даруй, паночку… даруй, міленькі…

Строгі і грозны быў пан цівун.

Старую паставілі на ногі, расшпілілі ёй вопратку і палажылі паміж худых вісячых грудзей за зрэбную, цвёрдую, як бляха, кашулю — акрываўленую, забітую варону.

— Жаць, псякосць, ідзі! — крыкнуў пан цівун.

Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Мужыкі пры вазах пахмурнелі, сціснулі моцна, да скрыпу, зубы і давай накладваць снапы. Лаянкі і пракляцці хацелі зрывацца са смаглых губ, але нема маўчалі яны. Ад злосці толькі пляваліся людзі.

Пільней за іншых глядзелі за ўсім гэтым два чалавекі — малады Сымон і дачка пакрыўджанай старой, Зоська.

Сымон ірвануўся было ратаваць кабету, сціскваў кулакі, скрыгатаў зубамі і ледзь стрымліваў сябе.

У Зоські ў вачах заблішчэлі слёзы.

— Матанька… Маці… — шаптала яна і кусала губы да крыві.

Над шырокім полем раптам шугануў моцны вецер. Давай скубці хусткі на галовах у баб, давай трапаць чубы снапоў. Вецер прагульваўся невідочнымі нагамі па золату каласоў шырокага жытняга поля.

Пералівы жоўта-зялёнага колеру мільгалі над жнівом.

Задрыжэў здалёку лес, завойкаў, закрахтаў. Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай бавоўны. Па небу распаўзліся хмары, накінулі на сонца ваўняную світку. Воблакі прыдушылі сонца. Дзень пахмурнеў ад злосці і згрызоты. Над абшарам навісла вялізная шэра-сіняя каламуць.

Поле страціла залацісты бляск. Брудна-шэры колер вісеў над людзьмі.

Дзесьці далёка за лесам глуха загрукаталі грымоты.

Нехта малаціў жалезнымі цапамі па жалезнаму таку.

Яшчэ больш пацямнела. Лес набух, як вялізная губка, наліўся сінім атрамантам. Птушкі паднялі крык.

Жнеям загадалі збіраць снапы ў мэндлікі. Рухава запрацавалі прыгоннікі. Панскае дабро можа сапсавацца. Наехала з двара яшчэ шмат фурманак.

Ледзь паспелі накласці поўныя вазы. Маланкі пачалі паласаваць неба. Чырвоныя вяроўкі раскручваліся па хмарах, сляпілі бляскам спалоханую ваколіцу.

Хтосьці лупцаваў неба агнёвымі бізунамі, хтосьці гікаў злосна па-за хмарамі.

Нехта над лесам лаяўся на пакалечанай мове заік. Нехта глуханямы крычаў, выў, рагатаў і ржаў, як сто жарабцоў.

Вялікая грамада рушылася з поля ў бок двара.

Ліў дождж, падаў і цягнуўся вадзянымі даўжэзнымі пугамі. Людзі прамоклі да апошняй ніткі.

Ззаду ўсіх, не спяшаючыся, ішла ў затаёным роздуме з глыбокім страхам у выцвілых вачах старая кабета. Варона была за пазухай…

За ёю ішла, апусціўшы галаву, яе маладая дачка Зоська.

Ці ж старая не выканае загаду панскага цівуна? Ого, няхай толькі папрабуе!

Здавалася, што старая ніякай увагі не зварочвае на дождж, нават не адчувае яго… ступае босымі, чорнымі, патрэсканымі і паколатымі нагамі, трохі кульгаючы. Варона за мокрай кашуляй хлюпаецца аб голае цела. Дзюба і кабздзюры застрэленай птушкі час ад часу драпаюць, казлытаюць скуру.

Не заўважыла дажджу і яе дачка Зоська.

Сымон ішоў за апошнім возам снапоў. Ён заўважыў погляд старой, запрыкмеціў, што пад прамоклай наскрозь вопраткай у яе нешта за пазухай тырчыць. Ён адчуў вялікі смутак Зоські.

Нястрыманая злосць закіпела ў яго сэрцы.

Ён падскочыў да цівуна, які ехаў конна побач з вазамі.

Пад самыя вушы каню Сымон завыў па-воўчаму.

Разляглося навокал сумнае выццё, працяглае, страшнае…

Конь спудзіўся, застрыгаў вушамі, захроп, панёсся і скінуў цівуна ў глыбокую канаву.

Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк.