Шуміць вецер у парку. Пан Вашамірскі ловіць вухам шушуканне дрэў. Непрыемна яму гэтае шушуканне — падобнае да шэптаў многіх людзей. Прыслухоўваецца пан Вашамірскі да начных галасоў у маёнтку і дзівіцца:
— Чаму ж гэта сягоння сабак не чуваць?
Ён пачынае непакоіцца.
— І бражджоткі старога вартаўніка таксама не чуваць…
Страх нападае на пана Вашамірскага.
— Што гэта можа быць?
Шуміць вецер у парку. І нібы крокі чуваць з розных куткоў вялікага дзядзінца, і нібы гоман людскі.
Пан Вашамірскі адчувае, што ў яго грудзях пуста робіцца, а валасы на галаве растуць, растуць…
Ён ціханька адчыняе акно і высоўвае галаву. Па вуглах будынкаў мітусяцца людскія цені. Невялікімі грамадкамі — па тры, па пяць чалавек.
Хацеў пан Вашамірскі крыкнуць: «ратуйце!» і не мог, язык анямеў. Хацеў ён шапнуць: «Пан Езус…», ды твар яго скрывіўся. Ён успомніў Каспараву Марыльку, што «божай маткай» стаяла ў касцёле «Кроў Езуса». Мільгануў у яго ўяўленні «дух святы» ў постаці доктара багасловіі і філасофіі ксяндза Курачковіча.
Хоць страшна было пану Вашамірскаму глядзець уніз праз акно, але вачэй адарваць не мог.
Цяпер ён пачуў гул людскіх галасоў ва ўсіх пакоях палаца. Тупат ног па мяккіх дыванах, нейкае бароканне, хрыпы, лаянкі.
Адвярнуўся пан Вашамірскі ад акна толькі тады, калі блізка за сваёй спіною пачуў у сваім пакоі гулкі свіст.
Перад ім стаялі Салавей і чорнабароды Язэп. Яны запалілі свечку, і чорнабароды Язэп звярнуўся да пана:
— Давай грошы!
Пан Вашамірскі не мог і слова сказаць ад страху, толькі рукою паказаў на кованую скрыню пад ложкам.
Яны кінуліся да скрыні. Скрыня не адчынялася.
— Ключы! — крыкнуў чорнабароды Язэп.
— Я ведаю, дзе ключы, — сказаў Салавей, — у пана за пазухай на шоўкавым шнуры.
Калі яны даставалі ключы ў пана, у яго з'явіўся голас. Ён падняў крык.
— Крык не паможа, — засмяяўся чорнабароды Язэп. — Усе твае гайдукі звязаныя ляжаць, а іншая твая чэлядзь нам памагае. Сабак мы атруцілі.
Войкнуў пан Вашамірскі і апусціў галаву.
Пана звязалі, заткнулі яму рот анучаю і крыкнулі праз акно да людзей.
Прыбеглі чатыры чалавекі з былых панскіх актораў. Павалаклі яго ўніз. Пана пры гэтым пацяшаў Салавей голасам і словамі ксяндза Марцэвіча:
— Пакуты цела — гаенне для духа…
Свечка засталася гарэць на стале. З адчыненага акна дзьмуў вецер. Аганёк свечкі круціўся ва ўсе бакі, нібы агнёвае джала змяі. Вось-вось, здаецца, патухае. Сцены пакоя заплывалі змрочным ценем. Але раптоўна зноў успыхне святло і бледным водсветам абалье сцены і столь пакоя. Асвятлілася на хвіліну французская гравюра, на якой красаваўся стэп, дзікія коні ў першабытным харастве скакалі па стэпе.
Ажыўлялася на хвіліну гравюра і зноў нікла ў ценях. Пасярод пакоя стаяла адчыненая кованая скрыня і пара круглых тумбачак, абабітых дарагім аксамітам, ляжалі бокам на падлозе. Блішчэлі чышчанай меддзю маленькія калёсікі, прышрубаваныя да тумбачак знізу.
Унізе, у драўляным будынку, на скотным дварэ пан угледзеў на падлозе звязаных усіх сваіх адданых людзей — дзікіх гайдукоў, лютага войта і нават ксяндза Марцэвіча.
Салавей паглядзеў ксяндзу глыбока ў вочы, пахлопаў яго па спіне і сказаў у другі раз:
— Пакуты цела — гаенне для духа. Святыя вашыя словы, ойча вялебны…
Ксёндз Марцэвіч маўчаў. Ён, можа, нешта сказаў бы, але і рот духоўніка быў запханы анучаю.
— Глядзі, чорнабароды, — звярнуўся Салавей да атамана, — ксёндз не згаджаецца з тым, што пакуты цела гаенне для духа!
Пры гэтым Салавей паказаў рукою на твар ксяндза Марцэвіча.
Вочы ксяндза на лоб вылазілі ад натугі. Яны злосна блішчэлі. Вось зараз праколіць імі і Салаўя, і чорнабародага Язэпа, і ўвесь свет.
— Так, — адказаў лагодна чорнабароды Язэп, — ксёндз супроць сваіх уласных святых слоў. Гэта вельмі кепска. Сягоння, як паедзе на той свет разам з панам Вашамірскім ды з усімі панскімі гіцлямі, дык Пан Бог яго за такі грэх у рай не пусціць…
Заварушыліся ўсе звязаныя і давай тарашчыць ва ўсе бакі спалоханыя вочы.
— Што? І вы не згодны, што пакуты цела гаенне для духа? — са злосцю запытаўся чорнабароды Язэп. — Тады і ваша месца ў раі іншыя зоймуць…
Праз некалькі хвілін пасвятлела на дзядзінцы. З усіх будынкаў маёнтка шугала полымя. У падпале прымалі ўдзел усе прыгонныя пана. Прыбеглі людзі з блізкіх вёсак.
Вецер рос. Галавешкі, цэлыя снапы агню перакідваліся ў паветры з даху на дах, ляцелі агнёвымі птушкамі.
Будынкі панскага маёнтка трашчалі. З вокнаў высоўваліся чырвоныя языкі полымя.