Выбрать главу

— Успомніў, — абрадаваўся ён. — Не ўсе людзі з прыгонных пана загінулі. Яны ўцяклі ў лясы. І зноў свісты Салаўя чуваць былі. Ён і чорнабароды Язэп часта нападалі на панскія маёнткі гэтай ваколіцы. Не раз у маёвую ноч паны дрыжэлі ад страху, пачуўшы песню нават звычайнага салаўя. Яны тады чакалі непажаданых гасцей.

— Зірні туды! — звярнуўся да мяне дзед і паказаў рукою, куды я павінен глядзець: — Вунь там, за гэтым лесам, ёсць вялізныя пасекі. Туды бабы ходзяць увосень апенькі збіраць. Там стаіць курган. Даўней там усюды была непраходная пушча. Такая была гушчэча, што і днём было страшна. Вось там і жыў Салавей з сваёй кумпаніяй. Той курган яшчэ і цяпер завецца «Салаўіным курганом». Невясёлы гэты курган, — кажа далей дзед, — хоць і салаўіны. Пры паляках там легіёны панскія тутэйшых вясковых дзецюкоў стралялі. У гэтым маёнтку войска панскае стаяла. Праўда, партызаны пасля задалі такога перцу панам, ажно горача і моташна ім стала. Вось і некалькі вёсак знішчылі паны пры ўцёках ад бальшавікоў. Цяперашнія паны не лепшыя за даўнейшых, трэба сказаць. Вось анегды прыбег сюды з таго боку адзін дзяцюк. Ён гаварыў такія штукі, ад якіх валасы дыба становяцца.

І дзед расказаў мне адзін з тысячаў жудасных фактаў катавання ў панскіх турмах невінаватых людзей.

Ад густога парку цягнуўся па полі доўгі цень. Адпала гарачыня летняга дня.

Нібы косці шкілета, тырчэлі з пяску на дарожцы вакол вялізнага запушчанага кветніка абломкі каменных ільвіных лап.

Калісьці львы нема і горда паглядалі ўдаль з высокага ганка панскіх палацаў.