Выбрать главу

Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк.

6. Падарунак па-панску

Пад вечар у той жа дзень Сымон сядзеў у Зоські ў хаце.

Застрэленая панам цівуном варона ляжала ў куце пад абразамі.

— Няхай Пан Бог бачыць, як паны і панскія прыслужнікі крыўдзяць бедных людзей, — сказала старая маці Зоські. — А калі не заступіцца, дык буду сабе шукаць іншага, мужыцкага бога. А гэтага (яна паказала рукой на абразы) панам пакіну!

Зморшчаная, нізенькая бабулька прагаварыла апошнія словы са злосцю.

— Я ўжо пану цівуну адплаціў за варону, — сказаў Сымон, і вочы яго весела заблішчэлі. — Вось вазьму ды зраблюся мужыцкім богам!

— Не грашы… — спалохалася старая. — Пакуль што мужыцкаму богу ад панскага дастанецца.

— За мяне, маці, няма чаго баяцца. Выкручуся з бяды. А пан цівун, пэўна, ногі выкруціў, як з каня зваліўся.

Старая засмяялася, усхапілася і сказала:

— А божачка, чаго я радуюся чужой бядзе?

— Такой бядзе грэх не радавацца, — заўважыў Сымон.

— Зарабіў ты, Сымонка, яечню за гэта!

Старая зараз жа пачала раскладаць агонь на прыпечку, каб спячы яечню.

На дварэ паўзлі змрокі. Яны наліваліся ценямі ў шызыя цэбры паветра. Праз маленькія шыбіны змрокі ўрываліся ў хату і запоўнілі яе цямрыстай ватай. Лезлі ва ўсе шчыліны.

Агоньчык на прыпечку палаў. Жоўтыя языкі спаміж дзвюх цаглін лізалі патэльню, на якой скварылася сала.

Сымон з Зосяй сядзелі моўчкі, прытуліліся адзін да аднаго на тапчане пры стале. У іх ужо было вырашана ў каляды прасіць у пана дазвол на вяселле.

А вось раптам уздрыгануліся.

Яны пачулі тупат ног, хлюпат па лужынах каля хаты. Хутка скрыпнулі дзверы, і, сагнуўшыся, каб галавой не ўдарыцца аб верхні касяк дзвярэй, увайшоў высокі малады хлопец.

Гэта быў Макар, адзін з панскіх гайдукоў.

— Добры вечар! — буркнуў ён у хату.

— Добры вечар! — адказала адна толькі старая заўпалым голасам.

Сымон пабляднеў.

— Ці не данюхаўся панскі гіцаль, што я тут. Мабыць, мяне шукаюць, — падумаў ён. — А можа, так прыйшоў — да Зосі?

Ужо другі год, як Зоська спадабалася Макару. Усялякімі спосабамі стараўся ён задобрыць яе. Але, нягледзячы на тое, што Макар быў прыгожы хлопец, Зоська ненавідзела яго, як і ўсе сяляне, за тое, што быў мужыцкім вырадкам, здзекаваўся над імі, дзе толькі мог.

Яго ўсе называлі «панскім гіцлем».

— Што ж і сесці мяне не просіце? — сказаў Макар кплівым голасам. — Тады сам сяду.

Сеў за стол грузна, цяжка і роблена па-старыкоўску «эхнуў».

«Пэўна па маю душу прыйшоў», — думаў Сымон і пачаў прыслухоўвацца, ці не чуваць каля хаты крокаў каго-небудзь яшчэ. Адзін Макар не пусціцца за ім.

Сымон адсунуўся ад Зоські і давай пільней прыслухоўвацца.

За сцяной хаты на гародзе як бы хтосьці ходзіць…

— Што так вушы вострыш, Сымон? — запытаўся Макар.

— А гэта не павінна цікавіць панскага саб… — не закончыў Сымон.

— Чаму не павінна? павінна! — цвёрдым голасам сказаў Макар і заскрыгатаў зубамі ад злосці. — Ты не думай, хамула, што вырвешся з маіх рук. Хата абкружана. Цівун па тваёй ласцы выкруціў нагу, як упаў з каня. Пан гэта табе не даруе.

Сымон маўчаў. Зоська і матка яе таксама як бы анямелі.

Яечня была гатова.

Старая запаліла лучыну і палажыла белы абрус на стол. Тую вячэру, якую яна рыхтавала для Сымона, падсунула Макару.

— Еш, паночку! — сказала яна ціхім голасам, і зморшчаны твар яе зрабіў лагодную ўсмешку.

Сымон не пакрыўдзіўся на старую, бо добра зразумеў яе бабскія хітрыкі.

— Еш, паночку! — паўтарыла яна другі раз яшчэ болей лагодна.

— Ды я не галодны! — аднекваўся Макар.

— Не павінен ты ганьбаваць маім хлебам-соллю, саколік, калі хочаш мець за жонку маю Зоську… — не адступала старая.

Сымон уздрыгануўся:

«Мо старая гэта шчыра гаворыць…»

Макар спадлобку зірнуў на Зоську і прыняўся за яду.

Зоська яшчэ далей адсунулася ад Сымона і ціхенька зацягнула песню:

Дайце вы мне вольку —

Я ў зязюльках апынуся;

Дайце вы мне крылкі —

Я да пташак прылучуся…

У Сымона зрабілася цяжка на душы. Яго мала непакоіла тое, што за сцяной панскія гайдукі.

— Чорт іх няньчыў гэтых баб. Што гэта ў іх — ці хітрыкі? Можа, сапраўды павярнулі ў бок панскага сабакі, паквапіліся на лепшае жыццё…

Зоська зрабіла ласкавае вока да Макара. Ён не здымаў з яе вачэй. Трымаў лыжку ў руцэ так моцна, як бы рыхтаваўся стрэльнуць лыжкай у сквараду з яечняй.

— Ды еш жа, каток! — не адставала старая.

У яе голасе звінелі ноткі любасці, крэўнасці, шчырасці…