Выбрать главу

Я рабiў вылiчэннi з нейкай маўклiвай зацятасцю, i толькi яна трымала мяне на нагах. Атупеўшы ад стомленасцi, я не здолеў нават раскласцi ложак у кабiне, i замест таго, каб адчапiць верхнiя клямары, я цягнуў за край, пакуль уся пасцель не ўпала на мяне. Нарэшце я апусцiў ложак, скiнуў з сябе на падлогу ўсё адзенне i бялiзну i амаль несвядома звалiўся на падушку, нават не напампаваўшы яе як след. Заснуў я пры святле, але не ведаю калi. Расплюшчыўшы вочы, я вырашыў, што спаў толькi некалькi хвiлiн. У пакоi стаяў чырвоны прыцемак. Было халаднавата i прыемна. Я ляжаў голы, нiчым не накрыўшыся. Насупраць ложка, ля напаўзачыненага iлюмiнатара, нехта сядзеў на крэсле ў промнях чырвонага сонца. Гэта была Хэры, у белай сукенцы, босая, нага на нагу, цёмныя валасы зачасаны назад, тонкая тканiна напiналася на грудзях; апусцiўшы загарэлыя да локцяў рукi, яна пiльна пазiрала на мяне з-пад сваiх чорных вейкаў. Я доўга зусiм спакойна разглядваў яе. Першая мая думка была: "Як добра, што гэта такi сон, калi ведаеш, што ўсё снiцца". I ўсё ж хай бы лепш яна знiкла. Заплюшчыўшы вочы, я з усяе моцы жадаў сабе гэтага, але калi расплюшчыў iх, Хэры сядзела ў ранейшай позе. На твары застыла звыклая грымаса, нiбыта яна збiралася свiснуць, але ў вачах не было нiякiх прыкмет усмешкi. Я згадаў усё, што думаў пра сон вечарам, перш чым заснуць. Яна нiяк не змянiлася, была такая ж, як i тым апошнiм разам, калi я бачыў яе жывой. Тады ёй было дзевятнаццаць; зараз было б дваццаць дзевяць. Так, яна, вядома, не змянiлася - памерлыя не старэюць. Яна мела тыя ж вочы, што здзiўлена пазiраюць на свет; i па-ранейшаму яна не зводзiла з мяне позiрку. Трэба кiнуць у яе чым-небудзь, падумаў я. I ўсё адно, хоць гэта мне толькi снiлася, я не мог нават у сне кiдаць што-небудзь у памерлую.

- Бедная, - сказаў я, - ты з'явiлася адведаць мяне, праўда?

Я трохi спалохаўся - мой голас прагучаў рэальна, а пакой i Хэры мелi выразныя абрысы, як наяве.

Якi жывы сон, я не толькi адрознiваю колеры, але i бачу на падлозе шмат рэчаў, на якiя ўчора, калi клаўся спаць, нават не звярнуў увагi. Калi прачнуся, трэба будзе праверыць, цi ляжаць яны тут, цi проста сняцца мне, як i Хэры...

- I доўга ты збiраешся так сядзець?.. - спытаўся я i заўважыў, што гавару цiха, каб нiхто не пачуў, нiбыта можна падслухаць сон!

Тым часам сонца ўжо трохi паднялося. Гэта не вельмi кепска. Калi я лёг спаць, быў чырвоны дзень, пасля павiнен пачацца блакiтны i толькi пасля яго другi чырвоны. Не мог жа я праспаць пятнаццаць гадзiн, значыць, мне ўсё гэта снiцца!

Супакоiўшыся, я ўважлiва прыгледзеўся да Хэры. Яна сядзела спiнай да святла; прамень, якi пранiкаў праз занавеску, залацiў аксамiтны пушок на яе левай шчацэ, а вейкi кiдалi на твар доўгi цень. Яна была прыгожая. Якi ж я скрупулёзны нават у сне: пiльную рух сонца i хачу, каб ямачка ў Хэры была на сваiм месцы - нiжэй куточка губ, больш нi ў кога я не бачыў такой ямачкi; але хай бы ўсё гэта скончылася. Мне ж трэба займацца справай. Я зажмурыўся, iмкнучыся прачнуцца, i раптам пачуў рыпенне. Я адразу ж расплюшчыў вочы. Хэры сядзела побач са мной i ўважлiва пазiрала на мяне. Я ўсмiхнуўся ёй, яна таксама ўсмiхнулася, нахiлiлася да мяне; першы пацалунак быў ледзь адчувальны, зусiм як дзiцячы. Я цалаваў яе доўга. Хiба можна так паводзiць сябе ў сне? думаў я. Але ж гэта нават не здрада яе памяцi, бо яна снiцца мне, менавiта яна. Такога здарэння са мной яшчэ не было... Мы па-ранейшаму маўчалi. Я ляжаў на спiне; калi яна падымала твар, я мог зазiрнуць у яе маленькiя, пранiзаныя сонцам ноздры - пастаянны барометр яе пачуццяў; кончыкамi пальцаў я пакратаў яе вушы, заружавелыя ад пацалункаў. Не ведаю, што мяне непакоiла; я ўсё даказваў сабе, што гэта сон, але сэрца маё сцiскалася.

Я вырашыў устаць, абавязкова ўстаць; але ўнутрана быў падрыхтаваны, што мне гэта не ўдасца, бо ў сне цела часта не слухаецца нас, яно быццам чужое або яго наогул не адчуваеш. Я разлiчваў, што, iмкнучыся ўстаць, прачнуся, але замест гэтага сеў, апусцiўшы ногi на падлогу. Нiчога не зробiш, давядзецца даглядзець сон да канца, - падумаў я, але настрой сапсаваўся дарэшты. Мне стала страшна.

- Што ты хочаш? - спытаўся я хрыплым голасам i адкашляўся.

Звыкла пашукаў босымi нагамi пантофлi i перш чым успомнiў, што iх тут няма, так стукнуўся пальцам, што нават заенчыў. Ну, цяпер-то ўжо я напэўна прачнуўся, падумаў з задавальненнем.

Але нiчога не змянiлася. Калi я сеў, Хэры адсунулася. Яна прыхiнулася да спiнкi ложка. Было бачна, як у яе б'ецца сэрца: сукенка злева прыкметна ўздрыгвала. Яна разглядвала мяне спакойна i з цiкаўнасцю. Добра было б схадзiць у душ, але хiба душ, якi снiцца, можа разбудзiць?

- Як ты сюды трапiла? - спытаўся я.

Яна падняла маю руку i пачала забаўляцца з ёю, знаёмым рухам падкiдвала i лавiла мае пальцы.

- Не ведаю, - адказала яна. - Хiба гэта дрэнна?

Голас у яе быў гэткi ж нiзкi, i гаварыла яна гэтак жа абыякава, як i заўсёды, нiбыта яе турбавалi не вымаўленыя словы, а нешта зусiм iншае; таму часам здавалася, што Хэры нi пра што не думае, а часам - што яна нiчога не саромеецца. Яна прыглядалася з ледзь прыкметным здзiўленнем, якое свяцiлася i ў яе ў вачах.

- Цябе... хто-небудзь бачыў?

- Не ведаю, я проста прыйшла... якое гэта мае значэнне, Крыс?

Забаўляючыся i далей з маёй рукой, яна насупiлася.

- Хэры?

- Што, мiлы?

- Адкуль ты даведалася, дзе я?

Гэта яе спынiла. Хэры бездапаможна развяла рукамi, усмiхнулася. У яе былi такiя цёмныя губы, што на iх не заставалася слядоў нават ад вiшань.

- Паняцця не маю... Дзiўна, праўда? Ты спаў, калi я ўвайшла, але я цябе не разбудзiла. Я не хацела цябе будзiць, ты злоснiк. Злоснiк i зануда, - у такт сваiм словам яна энергiчна падкiдвала маю далонь.

- Ты была ўнiзе?

- Ага. Я ўцякла адтуль: там холадна.

Яна выпусцiла маю руку. Кладучыся на бок, страсянула галавой, адкiдаючы валасы, паглядзела на мяне з той ледзь прыкметнай усмешкай, якую я не пераносiў, пакуль не пакахаў Хэры.

- Але ж... Хэры... але ж, - мармытаў я.

Нахiлiўшыся над ёй, я падняў кароткi рукаў яе сукенкi. Над падобным на венчык кветкi следам ад прывiўкi воспы чырванелася маленькая ранка ад уколу. Праўда, я гэтага чакаў (бо мiжволi шукаў хоць нейкую логiку), але мне стала блага. Я дакрануўся пальцам да ранкi ад уколу - яна мне снiлася праз доўгiя гады. Як часта я прачынаўся з енкам на скамечанай пасцелi, заўсёды ў адной i той жа позе, скурчыўшыся амаль папалам, так, як ляжала яна, калi я знайшоў яе ўжо халоднай - нiбы стараўся вымалiць у яе памяцi дараванне альбо хоць быць побач з ёй у апошнiя хвiлiны, калi яна, адчуўшы дзеянне ўколу, спалохалася. Яна ж баялася нават звычайнай драпiны, не пераносiла нi болю, нi крывi, а тут адважылася на такое. I пакiнула мне пяць слоў на лiстку. Запiска была са мной заўсёды, пакамечаная, парваная на згiбах; у мяне не хапала смеласцi расстацца з ёй - тысячу разоў я вяртаўся да тае хвiлiны, калi Хэры пiсала яе, i стараўся ўявiць сабе, што яна тады адчувала. Я пераконваў сябе, што яна хацела проста пажартаваць i напалохаць мяне, а доза аказалася - выпадкова - надта вялiкая. Усе даказвалi мне, што так i было альбо што яна зрабiла гэта пад уплывам хвiлiннай слабасцi, раптоўнай дэпрэсii. Нiхто ж не ведаў, што я сказаў ёй за пяць дзён да гэтага. Я нават забраў свае рэчы, каб ёй было яшчэ больш балюча. А яна, калi я збiраўся, прамовiла занадта спакойна: "Ты разумееш, што гэта азначае?.." - i я зрабiў выгляд, нiбы не разумею, хоць цудоўна разумеў. Але я лiчыў яе баязлiўкай i сказаў ёй пра гэта - а зараз яна ляжала папярок ложка i ўважлiва пазiрала на мяне, быццам не ведала, што я забiў яе.

- I гэта ўсё? - спыталася яна.

Пакой быў чырвоны ад сонца. Валасы Хэры палымнелi. Яна паглядзела на сваю руку, нiбыта хацела зразумець, чаму я так доўга яе разглядваю, пасля прыцiснулася халаднаватай гладкай шчакой да маёй далонi.

- Хэры, - хрыпла прамовiў я, - не можа быць...

- Перастань!

Вочы яе былi заплюшчаны, павекi ўздрыгвалi, чорныя вейкi датыкалiся да шчок.

- Дзе мы, Хэры?

- У нас.

- А дзе гэта?

На iмгненне яна расплюшчыла адно вока i адразу ж зноў заплюшчыла, паказытала вейкамi маю далонь.

- Крыс!

- Што?

- Мне так добра.