Я сядзеў над ёй не кратаючыся. Падняў галаву i ўбачыў у люстэрку над рукамыйнiкам частку ложка, рассыпаныя валасы Хэры i свае голыя каленi. Я падсунуў нагой нейкi напалову абгарэлы прадмет, адзiн з тых, што валялiся на падлозе, падняў яго, прыклаў вострым канцом да нагi, там, дзе ружавеўся паўкруглы сiметрычны шрам, i ўваткнуў у цела. Боль быў рэзкi. Я пазiраў на буйныя кроплi крывi, якiя сцякалi па назе i бязгучна падалi на падлогу.
Усё дарэмна. Страшныя думкi, якiя круцiлiся ў галаве, набывалi ўсё больш пэўныя абрысы, я ўжо не паўтараў: "Гэта сон", я даўно перастаў верыць у яго, зараз я думаў: "Трэба абараняцца". Я паглядаў на спiну Хэры, на лiнiю бядра, на босыя ногi, якiя звiсалi з ложка. Я выцягнуў руку i асцярожна пакратаў яе ружовую пятку, правёў пальцам па падэшве.
Яна была далiкатная, як у немаўляцi.
Зараз я быў перакананы: гэта не Хэры, я амаль што безаглядна верыў у гэта - нават яна сама не ведае аб тым.
Яе босая ступня здрыганулася ў маёй далонi, цёмныя губы Хэры трэслiся ад бязгучнага смеху.
- Перастань... - прашаптала яна.
Я цiхенька вызвалiў руку з-пад яе шчакi, устаў i пачаў спешна апранацца. Хэры сядзела на ложку i пазiрала на мяне.
- Дзе твае рэчы? - спытаўся я i адразу ж пашкадаваў пра гэта.
- Мае рэчы?
- Няўжо ў цябе толькi адна сукенка?
Зараз гэта была ўжо гульня. Я iмкнуўся трымацца будзённа, свабодна, быццам мы рассталiся толькi ўчора, не, быццам мы наогул нiколi не разлучалiся. Хэры ўстала, знаёмым лёгкiм i моцным рухам паправiла сукенку. Мае словы заiнтрыгавалi Хэры, але яна прамаўчала. Толькi цяпер яна ўважлiва ўсё агледзела i, вiдаць, здзiўленая павярнулася да мяне.
- Не ведаю, - прамовiла яна бездапаможна, - магчыма, у шафе?.. - дадала Хэры i адчынiла дзверы.
- Не, там толькi камбiнезоны, - адказаў я.
Я знайшоў каля рукамыйнiка электрабрытву i пачаў галiцца. Стараўся не стаць плячыма да дзяўчыны, кiм бы яна нi была.
Хэры хадзiла па кабiне, зазiрала ва ўсе куткi, углядалася ў iлюмiнатар, нарэшце падышла да мяне i прамовiла:
- Крыс, у мяне такое адчуванне, быццам нешта здарылася.
I змоўкла. Я выключыў брытву i чакаў.
- Быццам я нешта забылася... быццам шмат што забылася. Ведаю... памятаю толькi цябе... i... i нiчога больш.
Я слухаў яе, стараючыся нiяк не выявiць сябе.
- Я была... хворая?
- Ну... можна сказаць i так. Нейкi час ты хварэла.
- Ага, вось, значыць, у чым справа.
Хэры адразу супакоiлася. Я не магу перадаць мой стан: калi яна маўчала, хадзiла, сядзела, усмiхалася, перакананасць, што перада мной Хэры, была мацнейшая за гнятлiвую трывогу. Пасля мне зноў пачало здавацца, што гэта не Хэры, а толькi яе спрошчаны вобраз, заснаваны на некалькiх характэрных словах, рухах, жэстах. Яна наблiзiлася да мяне амаль ушчыльную, уперлася кулачкамi ў мае грудзi i спыталася:
- Як у нас з табой? Добра цi дрэнна?
- Цудоўна, - адказаў я.
Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася.
- Калi ты так гаворыш, значыць, дрэнна.
- Што ты, Хэры! Ведаеш, дарагая, мне трэба зараз выйсцi, - хуценька прамовiў я. - Пачакай мяне, добра? А мо ты галодная? - дадаў я i раптам сам захацеў есцi.
- Галодная? Не. - Яна пакруцiла галавой, яе валасы рассыпалiся па плячах. - Мне чакаць цябе? Доўга?
- З гадзiну... - пачаў я.
- Я пайду з табой, - перабiла Хэры.
- Табе нельга iсцi са мной, мне трэба працаваць.
- Я пайду з табой.
Гэта была зусiм iншая Хэры: тая ў падобных выпадках нiколi не настойвала. Нiколi.
- Дзiцятка маё, гэта немажлiва...
Яна пазiрала на мяне знiзу, пасля ўзяла за руку. Я правёў далонню па яе руцэ, плячо было пругкае i цёплае. Зусiм не жадаючы, я лашчыў яе. Уся мая iстота прагнула яе, я хацеў яе насуперак розуму, насуперак усiм аргументам, насуперак страху.
З усяе сiлы стараючыся захаваць спакой, я паўтарыў:
- Хэры, гэта немагчыма, ты павiнна застацца.
- Не.
Як гэта прагучала!
- Чаму?
- Н-не... ведаю.
Яна азiрнулася i зноў падняла вочы на мяне.
- Я не магу... - прамовiла яна цiха.
- Чаму?!
- Не ведаю. Не магу. Мне здаецца... Мне здаецца...
Яна з цяжкасцю шукала адказу, а калi знайшла, то i для яе самой ён прагучаў нечакана:
- Мне здаецца, што я павiнна бачыць цябе... заўсёды.
Спакойная iнтанацыя хавала не пачуццi, а нешта зусiм iншае. Я гэта адчуў. Знешне ўсё заставалася па-ранейшаму: я абдымаў яе, гледзячы ў вочы, але пацiху пачаў заломваць ёй рукi за спiну, нерашучыя рухi сталi ўпэўненымi - я знайшоў сваю мэту. Вачыма я ўжо шукаў, чым можна звязаць яе.
Яе локцi, адведзеныя мною назад, стукнулiся i адначасова напружылiся з такой сiлай, якая звяла на нiшто мае намаганнi. Я змагаўся мо хвiлiну. Яна стаяла, выгнуўшыся назад, ледзь не краналася падлогi. У такiм становiшчы нават атлет не здолеў бы супрацiўляцца. А яна, няпэўна ўсмiхаючыся, вызвалiлася з маiх абдымкаў, выпрасталася i апусцiла рукi. Твар яе нават не здрыгануўся.
Яе вочы сачылi за мной гэтак жа спакойна, з цiкаўнасцю, як i напачатку, калi я прачнуўся. Яна, вiдаць, нават не заўважыла маiх адчайных высiлкаў, выклiканых прылiвам страху. Зараз яна стаяла абыякавая, засяроджаная, крыху здзiўленая, нiбыта нечага чакаючы.
Мае рукi апусцiлiся. Я пакiнуў яе пасярод пакоя i падышоў да палiцы ля рукамыйнiка. З адчуваннем, што трапiў у неверагодную пастку, я шукаў выйсця, мяркуючы зрабiць усё, што патрабавала сiтуацыя. Калi б нехта спытаўся, што са мной сталася i што ўсё гэта азначае, я не здолеў бы выцiснуць з сябе нiводнага слова, але я паступова зразумеў: тое, што адбываецца на Станцыi з усiмi намi, гэта непарыўнае цэлае, такое ж страшнае, як i незразумелае. Аднак у той момант я быў заняты iншым - спрабаваў знайсцi хоць нейкi ход, нейкую шчылiну для выратавання. Я ўвесь час адчуваў на сабе позiрк Хэры. Над палiцай у сцяне была маленькая аптэчка. Я хутка агледзеў яе, знайшоў слоiк са снатворнымi парашкамi i кiнуў чатыры таблеткi - максiмальную дозу - у шклянку. Я нават не хаваў свае манiпуляцыi ад Хэры, цяжка сказаць чаму, я не задумваўся над гэтым. Налiў у шклянку гарачай вады i пачакаў, пакуль таблеткi растворацца, падышоў да Хэры, якая ўсё яшчэ стаяла пасярод пакоя.
- Ты гневаешся? - спыталася яна цiха.
- Не. Выпi вось гэта.
Не ведаю, чаму я лiчыў, што Хэры паслухаецца. Сапраўды, яна моўчкi ўзяла ў мяне шклянку i выпiла яе залпам. Я паставiў пустую шклянку на столiк i сеў у кут памiж шафай i кнiжнай палiцай. Хэры няспешна падышла да мяне, уселася на падлозе ля крэсла, яна рабiла гэта i раней, падкурчыла ногi i добра знаёмым рухам адкiнула валасы назад. Хоць я ўжо больш не верыў, што гэта Хэры, усё адно кожны раз, калi я пазнаваў яе прывычкi, штосьцi сцiскала маё горла. Гэта было незразумела i страшна, а страшней за ўсё тое, што я i сам паводзiў сябе вераломна, робячы выгляд, што прымаю яе за Хэры, але ж яна сама лiчыла сябе Хэры, i, згодна з яе разуменнем, тут не было нiякай хiтрасцi. Не магу растлумачыць, як я здагадаўся, што ўсё менавiта так, але я быў упэўнены ў гэтым, калi наогул яшчэ магла iснаваць хоць нейкая ўпэўненасць!
Я сядзеў, а дзяўчына абаперлася плячыма на мае каленi, яе валасы казыталi маю руку. Мы сядзелi нерухома. Некалькi разоў я непрыкметна пазiраў на гадзiннiк. Мiнула паўгадзiны, снатворнае павiнна падзейнiчаць. Хэры нешта цiхенька прамармытала.
- Што ты сказала? - спытаўся я.
Яна не адказала. Я палiчыў гэта адзнакай яе санлiвасцi, хоць - далiбог, у глыбiнi душы сумняваўся, што на яе падзейнiчае лякарства. Чаму? Не ведаю. Верагодна, таму, што такое выйсце было б занадта простае.
Яе галава паволi апускалася на мае каленi, цёмныя валасы ўпалi на твар; Хэры дыхала спакойна, як чалавек, якi спiць. Я нахiлiўся, каб аднесцi яе на ложак. Не расплюшчваючы вачэй, яна крыху турзанула мяне за валасы i гучна рассмяялася.
Я здранцвеў, а яна залiвалася смехам i, прымружыўшы вочы, назiрала за мной. Выраз яе твару быў наiўны i хiтры. Я сядзеў ненатуральна прама, аглушаны i бездапаможны, а Хэры хiхiкнула яшчэ раз, прыцiснулася шчакой да маёй рукi i змоўкла.
- Чаго ты смяешся? - глуха спытаўся я.
Яе твар зноў стаў неспакойны, задумлiвы. Я бачыў, што яна хоча быць шчырай. Хэры паднесла палец да носа i прамовiла, уздыхаючы: