Выбрать главу

Камiсiя: Ты цвёрда перакананы, што ўбачанае табой нагадвала сад - i больш нiчога?

Бертан: Так. Я ж заўважыў там розныя дэталi: напрыклад, у адным кутку, памятаю, стаялi побач квадратныя скрыначкi. Пазней мне стукнула ў галаву, што гэта магла быць пасека.

Камiсiя: Пазней стукнула табе ў галаву? А хiба не ў той момант, калi ты ўбачыў?

Бертан: Не, бо ўсё гэта было як з гiпсу. Я бачыў i iншыя рэчы.

Камiсiя: Якiя рэчы?

Бертан: Не магу сказаць якiя, я не паспеў iх як след разгледзець. Здаецца, пад некаторымi кустамi ляжалi нейкiя прадметы, даўгаватыя, з зубамi, яны былi падобны на гiпсавыя злепкi з маленькiх садовых машын. Але ў гэтым я не ўпэўнены. А ў тым, што казаў раней, не сумняваюся.

Камiсiя: А ты не думаў, што ў цябе галюцынацыi?

Бертан: Не. Я думаў, што гэта мiраж. Пра галюцынацыi не можа быць i гаворкi: па-першае, я адчуваў сябе нармальна, па-другое, iх у мяне наогул нiколi не было. Калi я падняўся на вышыню 300 метраў, туман унiзе пада мной, пранiзаны лейкамi, быў падобны на сыр. Адны з гэтых дзiрак былi пустыя, праз iх бачны хвалi Акiяна, у iншых нешта клубiлася. Я знiзiўся ў адну з леек i з вышынi сарака метраў убачыў, што пад паверхняй Акiяна - зусiм неглыбока ляжыць як быццам сцяна вельмi вялiкага будынка; яна выразна бачылася праз хвалi, у ёй знаходзiлiся радкi правiльнай формы адтулiн, падобных на вокны; у некаторых вокнах, па-мойму, нешта рухалася, але ў гэтым я не цалкам упэўнены. Сцяна стала пакрысе падымацца i выступаць з Акiяна, з яе цэлымi вадаспадамi сцякала слiзь i звiсалi нейкiя пражылкi. Раптам сцяна развалiлася на дзве часткi i пачала хутка апускацца ў глыбiню, а пасля знiкла. Я зноў набраў вышыню i ляцеў проста над туманам - шасi амаль дакраналiся да яго. Наступны лейкападобны прасвет быў у некалькi разоў большы за першы. Яшчэ здалёку я ўбачыў: там плавае нешта светлае, амаль белае, абрысы нагадвалi фiгуру чалавека. Я падумаў - мо гэта скафандр Фехнера? Баючыся згубiць гэтае месца, я крута развярнуў машыну. Фiгура крыху прыўзнялася: здавалася, яна плыве або стаiць да пояса ў хвалях. Я занадта паспешна лiквiдаваў вышыню i адчуў, як шасi зачапiлiся за нешта мяккае - напэўна, за грэбень хвалi, даволi высокай у гэтым месцы. Чалавек - так, менавiта чалавек - быў без скафандра, i ўсё адно ён шавялiўся.

Камiсiя: Ты бачыў яго твар?

Бертан: Бачыў.

Камiсiя: Хто гэта быў?

Бертан: Дзiця.

Камiсiя: Якое дзiця? Ты бачыў яго калi-небудзь раней?

Бертан: Не. Нiколi. Ва ўсякiм выпадку я гэтага не памятаю. Як толькi я наблiзiўся - напачатку мяне аддзяляла ад яго метраў сорак, а мо крыху больш, я адразу зразумеў, што тут штосьцi не так.

Камiсiя: Што ты маеш на ўвазе?

Бертан: Зараз растлумачу. Спачатку я разгубiўся, а пасля зразумеў: дзiця было незвычайна вялiкага росту. Мала сказаць - велiкан. Яно было метры чатыры. Помню дакладна: калi шасi стукнулася аб хвалю, твар дзiцяцi знаходзiўся крыху вышэй за мой твар, а я, хоць i сядзеў у кабiне, быў, вiдаць, метры за тры ад паверхнi Акiяна.

Камiсiя: Калi яно было такое вялiкае, чаму ты лiчыш, што гэта дзiця?

Бертан: Таму, што яно было зусiм маленькае.

Камiсiя: Цi не здаецца табе, што твой адказ нелагiчны?

Бертан: Не. Не здаецца. Я бачыў яго твар. Ды i склад цела быў дзiцячы. Яно здалося мне амаль... амаль грудным. Не, не тое. Яму магло быць два альбо тры гады. У яго былi чорныя валасы i блакiтныя вочы - вялiзныя! Яно было голае, зусiм голае, нiбыта толькi што нарадзiлася. I мокрае, а больш дакладна пакрытае слiззю, скура яго блiшчала.

Гэты малюнак страшна падзейнiчаў на мяне. Больш я не верыў нiякiм мiражам. Бо я разгледзеў дзiця надта добра. Хвалi хiсталi яго, i, акрамя таго, яно само рухалася, гэта было агiдна!

Камiсiя: Чаму? Што яно рабiла?

Бертан: Яно было падобна на музейны экспанат, на нейкую ляльку, толькi жывую. Адкрывала, заплюшчвала вочы, выконвала розныя рухi - агiдныя рухi! Вось iменна, агiдныя. Бо рухi былi не яго.

Камiсiя: Як гэта зразумець?

Бертан: Я быў метраў за пятнаццаць ад яго, ну мо за дваццаць. Я ўжо казаў, якое яно вялiкае, таму я вельмi добра яго бачыў. Вочы яго блiшчалi, яно здавалася жывым, але вось рухi... Нiбыта нехта спрабаваў... быццам нехта праводзiў выпрабаваннi...

Камiсiя: Што ты маеш на ўвазе? Пастарайся растлумачыць дакладна.

Бертан: Не ведаю, цi ўдасца. Так мне падалося. Iнтуiтыўна. Я не iмкнуўся разабрацца ў сваiх уражаннях. Рухi былi ненатуральныя.

Камiсiя: Ты маеш на ўвазе, што рукi, напрыклад, рухалiся так, быццам у iх наогул не было суставаў?

Бертан: Не. Не тое. Проста... Рухi не мелi нiякага сэнсу. Бо кожны рух мае свой сэнс, нечаму служыць...

Камiсiя: Ты так лiчыш? Рухi груднога дзiцяцi не заўсёды мэтанакiраваныя.

Бертан: Ведаю. Але рухi немаўляцi бязладныя, не скаардынаваныя. А гэтыя... так, гэтыя рухi былi метадычныя. Яны чаргавалiся, паўтаралiся. Нiбы нехта спрабаваў высветлiць, што iменна дзiця можа зрабiць рукамi, а што - тулавам i ротам. Але страшней за ўсё быў твар, вiдаць, таму, што твар звычайна надта выразны, а тут ён быў як... не, не магу растлумачыць. Твар быў жывы, але не чалавечы, разумееце, рысы твару, вочы, скура - усё як у чалавека, а выраз, мiмiка - не.

Камiсiя: Мо дзiця корчыла грымасы? Цi ведаеш ты, якi выгляд мае твар чалавека пад час прыступу эпiлепсii?

Бертан: Ведаю. Я назiраў такi прыступ. Разумею пытанне. Не, тут было iншае. Пад час эпiлепсii - сутаргi i канвульсii, а тут - абсалютна плаўныя i бесперапынныя рухi, з пералiвамi, калi так можна сказаць. I твар, з тварам было тое самае. Не бывае так, каб адна палова твару была вясёлая, а другая самотная, адна частка выяўляла пагрозу або спалох, а другая ўрачыстасць або што-небудзь падобнае, а тут было менавiта так. Акрамя таго, i рухi, i мiмiка змянялiся незвычайна хутка. Я быў там не вельмi доўга, секунд дзесяць. Не ведаю нават, цi дзесяць.

Камiсiя: I ты заяўляеш, што ўсё разгледзеў за некалькi секунд? Дарэчы, як ты вызначыў, колькi мiнула часу? Ты глядзеў на гадзiннiк?

Бертан: Не. На гадзiннiк я не глядзеў. Але я лётаю ўжо шаснаццаць гадоў. У маёй прафесii галоўнае - умець адчуваць час з дакладнасцю да секунды, я маю на ўвазе хуткасць рэакцыi. Гэта патрэбна пад час пасадкi. Пiлот, якi не можа, незалежна ад абставiн, зарыентавацца, колькi мiнула секунд - пяць або дзесяць, нiколi не стане майстрам сваёй справы. Гэта датычыць i назiранняў. Чалавек з гадамi прывыкае ўсё лавiць на хаду.

Камiсiя: Гэта ўсё, што ты бачыў?

Бертан: Не. Але астатняга я дакладна не помню. Вiдаць, усё так падзейнiчала на мяне, што мой мозг проста выключыўся. Туман пачаў насоўвацца, i мне давялося набiраць вышыню. Як i калi я набраў яе, не памятаю. Упершыню ў жыццi я ледзь не капатаваў. Мае рукi калацiлiся, я не мог як след трымаць рычаг кiравання. Здаецца, я нешта крычаў i выклiкаў Базу, хоць i ведаў, што сувязi няма.

Камiсiя: Цi спрабаваў ты вярнуцца?

Бертан: Не. Калi нарэшце выбраўся з туману, я падумаў, што Фехнер, магчыма, у нейкай лейцы. Бязглуздзiца? Вядома. Але я так думаў. Калi тут гэткае творыцца, лiчыў я, то, мажлiва, мне ўдасца знайсцi i Фехнера. Таму я вырашыў, што даследую столькi дзiрак у тумане, колькi здолею. Але трэцiм разам я ўбачыў такое, што, калi набраў вышыню, зразумеў: болей я не вытрымаю. Не вытрымаю! Павiнен сказаць, зрэшты, вам гэта вядома. Мне стала блага, мяне ванiтавала. Дагэтуль я нiколi не адчуваў нiчога падобнага. Мяне нiколi так не нудзiла.

Камiсiя: Гэта быў сiмптом атручэння, Бертан.

Бертан: Магчыма. Але тое, што я ўбачыў трэцiм разам, я не выдумаў. Гэта не было сiмптомам атручэння.

Камiсiя: На якой падставе ты гэта сцвярджаеш?

Бертан: Гэта была не галюцынацыя. Бо галюцынацыю стварае мой уласны мозг, праўда?

Камiсiя: Праўда.

Бертан: Вось iменна. А такое ён не мог стварыць. Я нiколi ў гэта не паверу. Мой мозг на такое не здатны.

Камiсiя: Пастарайся расказаць, што гэта было.

Бертан: Спачатку я павiнен даведацца, як аднясецца камiсiя да таго, што я ўжо сказаў.

Камiсiя: Хiба гэта мае значэнне?

Бертан: Для мяне мае. Прынцыповае. Як я ўжо казаў, я бачыў нешта такое, чаго нiколi не забудуся. Калi камiсiя прызнае ўсё, што я паведамiў, праўдзiвым хоць на адзiн адсотак i вырашыць, што трэба распачаць адпаведнае вывучэнне Акiяна менавiта ў гэтым накiрунку, то я раскажу ўсё. Але калi камiсiя мае намер палiчыць мае звесткi трызненнем, я не скажу больш нiчога.