Я падняў руку Хэры. Вакол пазногцяў запяклася кроў, але раны знiклi, далонь зацягнулася маладой, ружовай скуркай, парэзы гаiлiся проста на вачах.
Я сеў, пагладзiў Хэры па твары i паспрабаваў усмiхнуцца ёй, але не магу сказаць, што мне гэта ўдалося.
- Хэры, нашто ты гэта зрабiла?
- Не. Гэта... я?
Яна вачыма паказала на дзверы.
- Так, ты. Хiба не памятаеш?
- Не. Я заўважыла, што цябе няма, спалохалася i...
- I што?
- Пачала шукаць цябе, падумала, што ты, мажлiва, у душавой...
Толькi зараз я ўбачыў, што шафа, якая зачыняла ўваход у душавую, адсунута.
- А пасля?
- Я пабегла да дзвярэй.
- I што?
- Не помню. Штосьцi адбылося?
- Што?
- Не ведаю.
- А што ты помнiш? Што было пасля?
- Я сядзела тут, на ложку.
- Хiба ты не помнiш, як я перанёс цябе сюды?
Хэры вагалася. Куточкi яе вуснаў апусцiлiся, твар стаў напружаным.
- Здаецца... Магчыма. Сама не ведаю.
Яна ўстала, падышла да разламаных дзвярэй.
- Крыс!
Я абняў яе за плечы. Хэры дрыжала. Раптам яна павярнулася, шукаючы мой позiрк.
- Крыс, - шаптала яна, - Крыс.
- Супакойся,
- Крыс, няўжо, Крыс, няўжо ў мяне эпiлепсiя?
Эпiлепсiя, о Божухна! Мне стала смешна.
- Не, каханая. Проста дзверы тут такiя, што... так, тут гэткiя дзверы...
Мы выйшлi з пакоя, засланкi iлюмiнатара з працяглым вiскам паднялiся, i паказаўся сонечны дыск, якi апускаўся ў Акiян.
Я накiраваўся на невялiкую кухню, што знаходзiлася ў другiм канцы калiдора. Мы гаспадарылi разам з Хэры, вялi пошукi ў шкапчыках i халадзiльнiку. Хутка я зразумеў, што Хэры не надта ўмее кухарыць, а здольная толькi адчыняць кансервы, гэта ўмеў i я. Я праглынуў змесцiва дзвюх такiх бляшанак i выпiў некалькi фiлiжанак кавы. Хэры таксама ела, але ела, як часам ядуць дзецi, якiя не хочуць рабiць прыкрасцi дарослым, - нават не з прымусам, а механiчна i абыякава.
Пасля мы пайшлi ў невялiкi аперацыйны пакой, побач з радыёстанцыяй; у мяне быў сякi-такi план. Я сказаў Хэры, што хачу на ўсялякi выпадак яе абследаваць. Я сеў на складное крэсла i дастаў са стэрылiзатара шпрыц i iголкi. Я ведаў амаль на памяць, дзе што знаходзiцца, бо так вымуштравалi нас на Зямлi, на трэнажоры. Я ўзяў кроплю крывi з пальца Хэры i зрабiў мазок, высушыў яго ў экспiкатары, апрацаваў iонамi серабра ў высокiм вакууме.
Рэальнасць гэтай працы супакойвала. Хэры, лежачы на падушках раскладзенага крэсла, разглядвала аперацыйны пакой, застаўлены рознымi апаратамi.
Цiшыню перапынiла мармытанне ўнутранага тэлефона. Я ўзяў трубку.
- Кельвiн слухае, - прамовiў я, не зводзячы вачэй з Хэры, якая з пэўнага часу стала апатычнай, нiбыта за апошнiя гадзiны яе ўсю вычарпалi.
- Ты ў аперацыйнай? Нарэшце! - пачуў я ўздых палёгкi.
Гэта быў Снаўт. Я чакаў, прыцiснуўшы трубку да вуха.
- У цябе "госць", праўда?
- Праўда.
- I ты заняты.
- Так.
- Сякiя-такiя даследаваннi?
- А што? Ты хацеў згуляць партыю ў шахматы?
- Не блазнуй, Кельвiн. Сарторыус хоча з табой сустрэцца. Дакладней, з намi.
- Вось дык навiна, - здзiвiўся я. - А што з... - Я не закончыў, а пасля дадаў: - Ён адзiн?
- Не. Я недакладна сказаў. Ён хоча з намi паразмаўляць. Звяжамся ўтрох, па вiдэатэлефоне, але толькi заслонiм экран.
- Ах, так? Чаму ён не пазванiў адразу мне? Яму сорамна?
- Нешта накшталт гэтага, - прамармытаў Снаўт. - Ну як?
- Значыць, нам трэба дамовiцца? Давай праз гадзiну. Добра?
- Добра.
На маленькiм, не большым за далонь, экране я бачыў толькi яго твар. Снаўт дапытлiва пазiраў мне ў вочы. У трубцы трашчалi разрады.
Пасля Снаўт рашуча прамовiў:
- Як ты маешся?
- Зносна. А ты?
- Лiчу, крыху горай за цябе. Я мог бы?..
- Ты хочаш прыйсцi да мяне? - здагадаўся я.
Я зiрнуў на Хэры. Яна звесiла галаву з падушкi i ляжала, закiнуўшы нагу на нагу, ад самоты падкiдвала срэбны шарык, якiм заканчваўся ланцужок ля поручня крэсла.
- Пакiнь гэта, чуеш? Пакiнь! - пачуўся гучны голас Снаўта.
Я ўбачыў на экране яго профiль. Больш я нiчога не пачуў, ён закрыў рукой мiкрафон, я бачыў толькi яго губы, якiя шавялiлiся.
- Не, я не магу прыйсцi. Мо пасля. Праз гадзiну, - хутка сказаў ён, i экран патух.
Я павесiў трубку.
- Хто гэта быў? - абыякава спыталася Хэры.
- Так сабе, адна асоба. Снаўт. Кiбернетык. Ты яго не ведаеш.
- Яшчэ доўга чакаць?
- А табе хiба сумна? - спытаўся я.
Я заклаў першую серыю прэпаратаў у касету нейтрыннага мiкраскопа i пачаў нацiскаць каляровыя кнопкi выключальнiкаў. Сiлавыя палi глуха загулi.
- Забаў тут няма, а калi майго сцiплага таварыства табе не хапае, то справа дрэнь, - гаварыў я нiбыта мiж iншым, з вялiкiмi паўзамi, апускаючы рукамi вялiкую чорную галоўку, у якой свяцiўся акуляр мiкраскопа, i прыкладваючы мяккую гумавую аблямоўку да вачэй.
Хэры нешта сказала, я не разабраў што. Нiбыта з вялiкай вышынi я бачыў бязмежную пустыню, залiтую срабрыстым бляскам. На ёй ляжалi ахутаныя лёгкай iмглой, патрэсканыя, выветраныя пляскатыя круглякi камянёў. Гэта былi чырвоныя крывяныя цельцы. Не адводзячы вачэй ад шкельцаў, я павялiчыў рэзкасць i ўсё глыбей i глыбей апускаўся ў палаючае серабрыстае поле. Левай рукой я круцiў ручку рэгулятара столiка, а калi адзiнокае, як валун, цельца апынулася на перасячэннi чорных рысачак, я дадаў павелiчэння. Здавалася, што аб'ектыў наязджае на бясформенны, увагнуты пасярэдзiне эрытрацыт, якi меў выгляд кратэра вулкана, з чорнымi рэзкiмi ценямi ў паглыбленнях колцападобнага беражка. Гэты беражок, пакрыты крышталёвым налётам iонаў серабра, не змяшчаўся ў фокусе. З'явiлiся цьмяныя, бачныя нiбыта праз мiгатлiвую ваду, абрысы сплаўленых, сагнутых ланцужкоў бялку; злавiўшы на чорным скрыжаваннi адно з патаўшчэнняў бялковых рэшткаў, я паволi пакручваў ручку павелiчальнiка, усё пакручваў i пакручваў; вось-вось мусiў наступiць канец гэтага падарожжа ўглыбiню. Расплюшчаны цень малекулы запоўнiў усё поле i... раптам расплыўся ў тумане!
Нiчога, аднак, не сталася. Я павiнен быў убачыць мiльганне дрыготкiх сцюдзянiстых атамаў, але iх не было. Экран свяцiўся незатуманеным срэбрам. Я дакруцiў ручку да канца. Гнеўны гул мiкраскопа ўзмацнiўся, але я па-ранейшаму нiчога не бачыў. Дрыготкi сiгнал, якi паўтараўся, папярэджваў, што апаратура перагружана. Я яшчэ раз зiрнуў на срэбную пустыню i выключыў ток.
Я паглядзеў на Хэры. Яна вымушана ўсмiхнулася, каб схаваць пазяханне.
- Як там мае справы? - спыталася яна.
- Вельмi добра, - адказаў я. - Думаю, што... лепш i быць не можа.
Я ўсё пазiраў на яе, адчуваючы паколванне ў нiжняй губе. А што, уласна, адбылося? Што гэта значыць? Гэтае цела, з выгляду такое далiкатнае i слабае, нельга знiшчыць? Па сутнасцi, яно складаецца з нiчога? Я стукнуў кулаком па цылiндрычным корпусе мiкраскопа. Мо якi-небудзь дэфект? Мо няма факусiроўкi?.. Не, я ведаў, што апаратура спраўная. Я апусцiўся на ўсе ўзроўнi: клетка, бялковае рэчыва, малекула - усё мела такi самы выгляд, як i на тысячах прэпаратаў, якiя я ўжо бачыў. Але апошнi крок унiз вёў у тупiк.
Я ўзяў у Хэры кроў з вены i разлiў яе ў прабiркi. Аналiзы занялi больш часу, чым я меркаваў, - я ўжо страцiў ранейшы спрыт. Рэакцыi былi нармальныя. Усе. Хiба што...
Я капнуў канцэнтраванай кiслатой на чырвоную пацерку. Кропля задымiлася, стала шэрай, пакрылася налётам бруднай пены. Разлажэнне. Дэнатурацыя. Далей, далей! Я адхiлiўся па новую прабiрку. Калi ж зiрнуў на ранейшую, прабiрка ледзь не вывалiлася з маiх рук.
Пад бруднай пенай на самым дне прабiркi зноў вырастаў цёмна-чырвоны слой. Кроў, спаленая кiслатой, аднаўлялася! Гэта было неверагодна! Гэта было немагчыма!
- Крыс! - пачуў я быццам здалёку. - Крыс, тэлефон!
- Што? А, тэлефон? Дзякую.
Тэлефон мармытаў ужо даўно, але я пачуў яго толькi зараз.
- Кельвiн слухае, - сказаў я ў трубку.
- Гаворыць Снаўт. Я пераключыў лiнiю, i мы ўтрох будзем адначасова слухаць адзiн аднаго.
- Вiтаю вас, доктар Кельвiн, - пачуўся высокi, насавы голас Сарторыуса. Голас гучаў так, нiбыта яго гаспадар узыходзiў на небяспечна гнуткi подыум, пранiзлiва, насцярожана, хоць знешне спакойна.