I што ўсё гэта азначае? Так, што гэта азначае?..
Памятаю, як адна школьная экскурсiя наведала Iнстытут салярыстыкi ў Адэне. Я быў тады асiстэнтам Гiбарыяна. Праз бакавую залу бiблiятэкi школьнiкаў правялi ў галоўнае памяшканне, якое ў асноўным з'яўлялася сховiшчам мiкрафiльмаў. На плёнках былi зняты нязначныя фрагменты нутра сiметрыяд, якiя, вядома, ужо даўно не iснавалi. Усяго ж там - не асобных кадраў, а цэлых шпуляў з плёнкай - больш за дзевяноста тысяч. I вось тады таўсматая дзяўчынка гадоў пятнаццацi, рашуча i запытальна пазiраючы праз акуляры, спыталася:
- А навошта ўсё гэта?..
У няёмкiм маўчаннi, якое наступiла адразу ж, настаўнiца сурова зiрнула на свавольную вучанiцу, а мы, салярысты-экскурсаводы (я таксама быў там), не маглi адказаць. Сiметрыяды ж непаўторныя, i, як правiла, не паўтараюцца працэсы, што ў iх адбываюцца. Часам паветра перастае праводзiць у iх гук, часам павялiчваецца або змяншаецца каэфiцыент праламлення. У асобных месцах рытмiчна пульсуе прыцягненне, нiбыта ў сiметрыяды пачынае бiцца гравiтацыйнае сэрца. Часам нашыя гiракомпасы проста вар'яцеюць; дзе-нiдзе з'яўляецца i знiкае павышаная iанiзацыя. Гэта можна доўжыць бясконца. Зрэшты, нават калi загадка сiметрыяд будзе адгадана, застануцца яшчэ асiметрыяды...
Яны ўзнiкаюць такiм жа чынам, але фiнал у iх - iншы. У iх нельга нiчога адрознiць: у iх усё трасецца, палае, мiльгае. Мы ведаем толькi адно: асiметрыяды - гэта ачагi працэсаў, хуткасць якiх мяжуе з фiзiчна магчымымi велiчынямi; часам асiметрыяды называюць "велiзарнымi квантавымi з'явамi". Матэматычнае падабенства асiметрыяд з мадэлямi пэўных атамаў такое часовае i мiмалётнае, што некаторыя лiчаць яго другараднай або нават выпадковай прыкметай. Асiметрыяды жывуць значна менш, чым сiметрыяды, - не больш за дваццаць хвiлiн, а iхняя пагiбель яшчэ больш страшная: адразу за вiхурай, якая з аглушальнымi грымотамi запаўняе i ўзрывае iх, на месцы асiметрыяд з неверагоднай хуткасцю ўздымаецца бурлiвая гiдкая вадкасць. Яна разлiваецца пад бруднай пенай i залiвае ўсё, а пасля адбываецца выбух, якi нагадвае вывяржэнне вулкана гразi: ён выкiдвае слуп пашкуматаных рэшткаў, якiя доўга яшчэ падаюць на неспакойную паверхню Акiяна. Вецер ганяе гэтыя шматкi, высахлыя, жаўтлявыя, пляскатыя, яны нагадваюць закасцянелыя перапонкi або празрыстыя храсткi. Пазней iх можна знайсцi на хвалях за дзесяткi кiламетраў ад месца выбуху.
Асобную групу складаюць утварэннi, якiя цалкам аддзяляюцца ад жывога Акiяна на больш-менш працяглы час. Яны сустракаюцца значна радзей, i iх значна цяжэй заўважыць. Калi ўпершыню былi знойдзены iх рэшткi, вучоныя палiчылi, як стала вядома пазней, цалкам памылкова, што гэта рэшткi насельнiкаў акiянскiх глыбiнь. Часам здаецца: утварэннi спрабуюць уратавацца ўцёкамi ад пагонi "мiгценнiкаў", нiбы дзiўныя шматкрылыя птушкi. Але гэтае зямное параўнанне нiчога не вытлумачвае. Часам - вельмi рэдка - на скалiстых берагах астравоў можна заўважыць дзiўныя сiлуэты, якiя нагадваюць альбо цюленяў, альбо пiнгвiнаў. Яны статкам грэюцца на сонцы або лянiва спаўзаюць у мора, каб злiцца з iм у адно цэлае.
Даследнiкi ўсё нiяк не маглi вырвацца з зачараванага кола зямных, чалавечых паняццяў, а першы кантакт...
Экспедыцыi пераадолелi сотнi кiламетраў у глыбiнi сiметрыяд, расставiлi сотнi прыбораў-рэгiстратараў, аўтаматычныя кiнакамеры; тэлеперадатчыкi штучных спадарожнiкаў фiксавалi з'яўленне мiмоiдаў i "даўгуноў", iх выспяванне i адмiранне. Папаўнялiся бiблiятэкi, раслi архiвы. За гэта неаднойчы даводзiлася вельмi дорага плацiць. Семсот васемнаццаць чалавек загiнулi ў катаклiзмах, бо не паспелi выбрацца з прыгавораных да гiбелi гiгантаў, сто шэсць з iх - толькi ў адной катастрофе, - у ёй загiнуў i сам Гiзэ, якому было ўжо семдзесят гадоў. Пагiбель, звычайна ўласцiвая асiметрыядам, здарылася з утварэннем, якое ўяўляла надзвычай выразную сiметрыяду. Велiзарны фантан гразi за лiчаныя секунды знiшчыў семдзесят дзевяць чалавек у бранiраваных скафандрах, машыны i прыборы, ён збiў сваiмi струменямi i дваццаць сем пiлотаў, якiя знаходзiлiся ў лятаючых апаратах над месцам вывучэння. Гэтае месца - на скрыжаваннi сорак другой паралелi з восемдзесят дзевятым мерыдыянам - адзначана на мапах як "Вывяржэнне ста шасцi". Але толькi на мапах - на паверхнi Акiяна не засталося нiякага следу.
Тады ўпершыню за ўсю гiсторыю салярыстыкi прагучалi галасы, якiя патрабавалi нанесцi тэрмаядзерны ўдар. Па сутнасцi, гэта больш жорстка, чым любая помста: хацелi знiшчыць тое, што не маглi зразумець. Цанкен, намеснiк начальнiка рэзервовай групы Гiзэ (у вынiку памылкi аўтамата-перадатчыка, якi недакладна вызначыў каардынаты месца даследавання, Цанкен застаўся жывы, бо заблудзiўся над Акiянам i з'явiўся на месца лiтаральна праз некалькi хвiлiн пасля выбуху, - калi падлятаў, ён яшчэ ўбачыў чорны грыб), калi абмяркоўвалася пытанне, прыстрашыў, што ўзарве Станцыю разам з сабой i iншымi васемнаццаццю асобамi, якiя заставалiся там. Хоць у афiцыйных крынiцах нiчога не гаворыцца, што гэты ўльтыматум меў уплыў на вынiкi галасавання, аднак, верагодна, было менавiта так.
Але часiны такiх буйных экспедыцый на планету даўно мiнулiся. Саму Станцыю стваралi, назiраючы за яе будаўнiцтвам са спадарожнiкаў. Зямля магла б ганарыцца маштабамi iнжынернага збудавання, калi б Акiян за некалькi секунд не нараджаў канструкцыi, якiя па велiчынi перабольшвалi Станцыю ў мiльёны разоў. Станцыя ўяўляе дыск дыяметрам дзвесце метраў, чатырох'ярусны ў цэнтры i двух'ярусны па краях. Яна вiсiць на вышынi ад пяцiсот да тысячы пяцiсот метраў над Акiянам дзякуючы гравiтатарам, якiя працуюць на энергii анiгiляцыi, i забяспечана, акрамя абсталявання, якое звычайна бывае на Станцыях i вялiкiх Сатэлоiдах, спецыяльнымi радарнымi ўстаноўкамi, што пры першых жа змяненнях акiянскай паверхнi могуць уключыць дадатковыя магутнасцi, i, як толькi з'яўляюцца вешчуны нараджэння новага жываўтварэння, стальны дыск накiроўваецца ў стратасферу.
Цяпер Станцыя амаль што бязлюдная. З той пары, як робаты па невядомай мне прычыне апынулiся пад замком у нiжнiх трумах, можна было доўга хадзiць па пустых калiдорах, як на дрэйфуючым караблi, абсталяванне якога перажыло яго экiпаж.
Калi я паставiў дзевяты том манаграфii Гiзэ на палiцу, мне здалося, што сталь, пакрытая тоўстым слоем порыстага пенапласту, затрымцела пад нагамi. Я насцярожыўся, але вiбрацыя не паўтарылася. Бiблiятэка была добра iзалявана ад усяго корпуса, i вiбрацыя магла ўзнiкнуць толькi з аднае прычыны - са Станцыi стартавала ракета. Гэтая думка працверазiла мяне. Я яшчэ не ведаў, цi палячу, як хацеў гэтага Сарторыус. Калi б я паводзiў сябе так, быццам падзяляю яго планы цалкам, мог бы ў лепшым выпадку адтэрмiнаваць сутыкненне; я быў амаль перакананы, што справа дойдзе да сутычкi, бо вырашыў зрабiць усё, на што я здатны, каб уратаваць Хэры. Сама галоўнае, цi мае Сарторыус шанцы на поспех. У яго была вялiкая перавага - як фiзiк ён ведаў гэтую праблему значна лепш, чым я; я мог разлiчваць, як гэта нi дзiўна, толькi на бездакорнасць рашэнняў, якiя дарыў нам Акiян.
Пасля я цэлую гадзiну прасядзеў над мiкрафiльмамi, спрабуючы вылавiць нешта разумнае з мора праклятай матэматыкi, на мове якой гаварыла фiзiка нейтрынных працэсаў. Напачатку мне здавалася гэта марнай справай, тым больш што неверагодна цяжкiх тэорый нейтрыннага поля было пяць - яскравы доказ iх недасканаласцi. У рэшце рэшт мне ўдалося знайсцi што-кольвечы пэўнае. Я выпiсваў формулы, калi ў дзверы пастукалi.
Я хуценька падышоў да дзвярэй i адчынiў iх, загароджваючы сваiм целам уваход. З'явiўся блiскучы ад поту твар Снаўта. Больш нiкога ў калiдоры не было.
- А, гэта ты, - сказаў я i шырока адчынiў дзверы. - Заходзь.
- Ага, гэта я, - адказаў Снаўт.
Голас у яго быў хрыплы, вочы пачырванелi, пад iмi з'явiлiся мяшкi. Снаўт быў у блiскучым гумавым антырадыяцыйным фартуху на эластычных шлейках; з-пад фартуха былi вiдаць брудныя калошы штаноў, у якiх ён заўсёды хадзiў. Яго позiрк прабег па круглай, залiтай святлом зале i спынiўся, калi заўважыў Хэры, якая стаяла ля крэсла. Мы iмгненна абмянялiся позiркамi; я апусцiў павекi; тады Снаўт адбiў паклон, а я прыязным голасам прамовiў: