- Гэта доктар Снаўт, Хэры. Снаўт, гэта... мая жонка.
- Я... сябра экiпажа... мяне цяжка сустрэць, i таму... - паўза небяспечна зацягвалася, - я не меў мажлiвасцi пазнаёмiцца...
Хэры ўсмiхнулася i працягнула яму руку, ён пацiснуў яе, як мне падалося, крыху знiякавелы, памiргаў i ўперыўся позiркам у Хэры. Я паклаў руку яму на плячо.
- Выбачайце, - сказаў Снаўт, звяртаючыся да Хэры. - Я хацеў бы пагаварыць з табой, Кельвiн...
- Калi ласка, - адказаў я са свецкай нязмушанасцю; усё гэта нагадвала мне фарс, але нiчога не зробiш. - Хэры, дарагая, мы табе не будзем замiнаць? Нам з доктарам трэба абмеркаваць нашы сумныя справы.
Я за локаць падвёў Снаўта да маленькiх крэслаў на супрацьлеглым баку залы. Хэры ўселася ў крэсла, на якiм толькi што сядзеў я, яна падсунула яго так, што калi адкрывала галаву ад кнiгi, то магла бачыць нас.
- Як справы? - цiха спытаўся я.
- Я развёўся, - адказаў ён шэптам з прысвiстам.
Калi б мне некалi расказалi гэтую гiсторыю, перадалi такi пачатак гаворкi, я рассмяяўся б, але на Станцыi маё адчуванне гумару атрафiравалася.
- Кельвiн, з учарашняга дня я пражыў некалькi гадоў. Ды якiх гадоў! А ты?
- Я... нiчога... - прамовiў я праз хвiлiну, не ведаючы, што казаць далей.
Я добра адносiўся да Снаўта, але адчуваў, што зараз мне трэба асцерагацца яго, дакладней, таго, што ён збiраецца мне паведамiць.
- Нiчога? - перапытаў Снаўт такiм самым тонам, як i я. - Ага, нават так?..
- Што ты маеш на ўвазе?
Я зрабiў выгляд, што не разумею яго. Снаўт прымружыў пачырванелыя вочы i нахiлiўся да мяне так блiзка, што я адчуў яго дыханне. Ён зашаптаў:
- Мы загразлi, Кельвiн. З Сарторыусам ужо нельга звязацца, я ведаю толькi тое, што напiсаў табе i што ён сказаў мне пасля нашай цудоўнай канферэнцыi...
- Ён выключыў вiдэафон? - спытаўся я.
- Не, у яго кароткае замыканне. Здаецца, ён зрабiў яго знарок, альбо... Снаўт махнуў кулаком, нiбыта нешта разбiваў.
Я моўчкi пазiраў на яго. Левы куточак яго вуснаў скрывiўся ў непрыемнай усмешцы.
- Кельвiн, я прыйшоў таму... - Ён не дагаварыў. - Што ты хочаш рабiць?
- Ты маеш на ўвазе тое пiсьмо? - паволi прамовiў я. - Зраблю, не маю падстаў адмаўляцца, таму я i сяджу тут, хачу разабрацца...
- Не, - перапынiў ён, - я не пра тое...
- А пра што? - спытаўся я з наўмысным здзiўленнем. - Я слухаю.
- Сарторыус, - прамармытаў ён, - яму здаецца, што ён знайшоў шлях... ведаеш...
Снаўт не спускаў з мяне вачэй. Я сядзеў спакойна, спрабуючы захаваць абыякавы выраз твару.
- Перш за ўсё тая гiсторыя з рэнтгенам. Тое, што рабiў з iм Гiбарыян, памятаеш? Магчыма пэўная мадыфiкацыя...
- Якая?
- У Акiян пасылалi проста пучок прамянёў i мадулявалi толькi iх магутнасць згодна з пэўнымi формуламi.
- Так, я ведаю пра гэта. Нiлiн ужо рабiў так. I многiя iншыя.
- Так, але яны скарыстоўвалi мяккае выпраменьванне. А тут было жорсткае, мы калашмацiлi Акiян як маглi, усёй магутнасцю.
- Могуць быць непрыемнасцi, - зазначыў я. - Парушэнне Канвенцыi Чатырох i ААН.
- Кельвiн... Не прытварайся. Якое гэта мае значэнне цяпер? Гiбарыян жа мёртвы.
- Ага, Сарторыус хоча ўсё звалiць на яго?
- Не ведаю. Я з iм пра гэта не гаварыў. Гэта не мае значэння. Сарторыус мяркуе, раз "госцi" з'яўляюцца тады, калi мы прачынаемся, значыць, Акiян выведвае ў нас рэцэпт вытворчасцi пад час сну. Акiян лiчыць, што сама важны наш стан - сон, i таму паступае iменна так. Сарторыус хоча даслаць яму нашыя думкi, думкi наяве - разумееш?
- Якiм чынам? Па пошце?
- Жарты ты дашлеш асобна, сам. Гэты пучок прамянёў будзе мадулявацца бiятокамi мозга аднаго з нас.
Нарэшце я сёе-тое зразумеў.
- Ага, - сказаў я, - адзiн з нас - гэта я! Так?
- Так. Ён думаў пра цябе.
- Шчыра дзякую.
- Што ты пра гэта скажаш?
Я нiчога не адказаў. Снаўт моўчкi паглядзеў спачатку на захопленую чытаннем Хэры, затым на мяне. Я адчуваў, як кроў адхлынае ад майго твару, але не мог з сабой саўладаць.
- Ну як?.. - спытаўся Снаўт.
Я пацiснуў плячыма.
- Гэтыя рэнтгенаўскiя байкi пра дасканаласць чалавека я лiчу глупствам. I ты таксама. Хiба не так?
- Так.
- Вельмi добра, - прамовiў Снаўт i ўсмiхнуўся, быццам я апраўдаў яго спадзяваннi. - Значыць, ты супраць задумы Сарторыуса?
Я яшчэ не ўсвядомiў, якiм чынам, але ён дамогся свайго - я прачытаў гэта ў яго позiрку. Што я мог яшчэ сказаць?
- Цудоўна, - прамовiў Снаўт. - Ёсць i iншы праект. Перарабiць апарат Роша.
- Анiгiлятар?..
- Ага. Папярэднiя разлiкi ў Сарторыуса ўжо ёсць. Гэта рэальна. I нават не спатрэбiцца вялiкая магутнасць. Устаноўка можа працаваць цэлыя суткi, без абмежавання часу, ствараючы антыполе.
- Па... пачакай! Як гэта, на твой погляд, адбудзецца?
- Вельмi проста. Гэта будзе нейтрыннае антыполе. Звычайная матэрыя застаецца без змяненняў. Знiшчаюцца толькi... нейтрынныя сiстэмы. Разумееш?
Снаўт задаволена ўсмiхаўся. Я сядзеў як аглушаны. Ён перастаў усмiхацца, дапытлiва паглядзеў на мяне, зморшчыў лоб i чакаў.
- Першы праект - "Думка" - адкiдваем. А другi? Сарторыус ужо займаецца iм. Назавём праект "Свабода".
На iмгненне я заплюшчыў вочы. Нечакана прыйшло рашэнне. Снаўт - не фiзiк. Сарторыус выключыў або разбiў вiдэафон. Цудоўна!
- Я назваў бы праект "Бойня"... - паволi прамовiў я.
- Не выдавай сябе за святога. Зараз усё будзе iначай. Нiякiх "гасцей", нiякiх утварэнняў Ф - нiчога. У момант матэрыялiзацыi пачынаецца распад.
- Гэта непаразуменне, - усмiхнуўся я i пакiваў галавой; я спадзяваўся, што мая ўсмешка выглядае натуральна. - Снаўт, гэта не пакуты сумлення, а толькi iнстынкт самазахавання. Я не хачу памiраць.
- Што?..
Снаўт разгубiўся. Ён падазрона паглядаў на мяне. Я дастаў з кiшэнi скамечаны лiст з формуламi.
- Я таксама думаў пра гэта. Ты не верыш? Як вядома, я першы прапанаваў нейтрынную гiпотэзу. Праўда? Паглядзi. Антыполе можна ўзбудзiць. Для звычайнай матэрыi яно не ўяўляе небяспекi. Гэта праўда. Але ў момант дэстабiлiзацыi, калi нейтрынная сiстэма распадаецца, вызваляецца лiшняя энергiя сувязi. Калi на кожны кiлаграм масы, што знаходзiцца ў спакоi, прыпадае 108 эргаў, то на кожнае ўтварэнне Ф - ад 5x108 да 7x108 эргаў. Ты можаш уявiць, што гэта такое? Невялiкi ўранавы выбух унутры Станцыi.
- Пра што ты гаворыш! Але... але Сарторыус павiнен гэта ўлiчваць...
- Неабавязкова, - запярэчыў я са зласлiвай усмешкай. - Разумееш, Сарторыус прыхiльнiк школы Фрэзера i Каёлы. Згодна з iхняй тэорыяй, уся энергiя сувязi ў момант распаду вызваляецца ў выглядзе светлавога выпраменьвання. Гэта была б проста вельмi яркая ўспышка, мажлiва, не зусiм бяспечная, але не разбуральная. Аднак iснуюць iншыя гiпотэзы, iншыя тэорыi нейтрыннага поля. Згодна з Каятам, Авалавым, Сiёнам, дыяпазон выпраменьвання значна шырэйшы, а максiмум прыпадае на жорсткае гама-выпраменьванне. Добра, што Сарторыус верыць сваiм настаўнiкам i iхнiм тэорыям, але ёсць i iншыя тэорыi, Снаўт. Паслухай, што я табе скажу... - Я бачыў, што мае словы ўздзейнiчаюць на яго. - Трэба браць пад увагу i Акiян. Калi ён зрабiў тое, што зрабiў, то, вядома, скарыстаў аптымальны метад. Iнакш кажучы, яго дзеяннi ўяўляюцца мне аргументамi на карысць iншай школы, а не на карысць Сарторыуса.
- Дай мне твае запiсы, Кельвiн.
Я працягнуў яму лiсток. Снаўт схiлiў галаву, спрабуючы прачытаць мае каракулi.
- Што гэта? - паказаў ён пальцам.
Я ўзяў у яго лiсток.
- Гэта? Тэнзар трансфармацыi поля.
- Дай мне лiсток...
- Навошта? - спытаў я, ведаючы, што ён адкажа.
- Я павiнен паказаць яго Сарторыусу.
- Як хочаш, - абыякава адказаў я. - Магу даць. Толькi ўлiчы, эксперыментальна нiхто гэтага не правяраў. Такiя сiстэмы яшчэ дагэтуль невядомыя. Сарторыус верыць Фрэзеру, а я разлiчваў згодна з Сiёнам. Я не фiзiк, i Сiёна таксама не фiзiк. Ва ўсякiм разе з пункту погляду Сарторыуса. Але гэта дыскусiйнае пытанне. А я не хачу дыскусii, у вынiку якой я магу знiкнуць дзеля славы Сарторыуса. Цябе можна пераканаць, яго - не. Я не буду нават iмкнуцца.