Выбрать главу

- Дык што?

Я не ўпэўнены, што гэта не сон. На фоне чорных хваляў, якiя крывава iльсняцца пад промнямi нiзкага сонца, ён усеўся ў крэсла, як i раней, з апушчанай галавой, i пазiраў убок, на шпулi навiтага кабелю.

- То... нiчога не рабi.

- Каго я магу ўбачыць? Прывiд?! - раззлаваўся я.

- Разумею. Ты думаеш, што я звар'яцеў. Не. Не звар'яцеў. Я не магу табе гэта растлумачыць... пакуль што. Зрэшты, магчыма... нiчога i не здарыцца. Ва ўсякiм разе памятай. Я цябе папярэдзiў.

- Аб чым?! Што ты гаворыш?

- Трымай сябе ў руках, - Снаўт упарта даводзiў сваё. - Паводзь сябе так, нiбыта... Будзь гатовы да ўсяго. Гэта немажлiва, я ведаю. Але ты ўсё-ткi паспрабуй. Гэта адзiная парада. Iншай я не ведаю.

- Але ШТО я ўбачу!!! - я амаль крычаў. Я ледзьве стрымлiваўся, каб не схапiць яго за каўнер i не страсянуць як след. Я не мог глядзець, як ён сядзiць, уперыўшыся вачыма ў кут, са спакутаваным, спаленым на сонцы тварам i з цяжкасцю выцiскае з сябе слова за словам.

- Я не ведаю. У пэўным сэнсе гэта залежыць ад цябе.

- Галюцынацыi?

- Не. Гэта - рэальна. Не... атакуй. Памятай.

- Што ты кажаш?! - азваўся я не сваiм голасам.

- Мы не на Зямлi.

- Палiтэрыi? Але ж яны наогул не падобныя на людзей! - усклiкнуў я.

Я не ведаў, што рабiць, каб вывесцi яго з таго стану, у якiм ён знаходзiўся i ад якога стыла кроў у жылах.

- Iменна таму гэта так страшна, - прамовiў ён цiха. - Памятай: будзь асцярожны!

- Што сталася з Гiбарыянам?

Снаўт не адказаў.

- Што робiць Сарторыус?

- Прыходзь праз гадзiну.

Я павярнуўся i выйшаў. Адчыняючы дзверы, паглядзеў на яго яшчэ раз. Ён сядзеў, скурчыўшыся, закрыўшы твар рукамi, маленькi, у заплямленых штанах. Я толькi цяпер заўважыў, што на костачках яго пальцаў запяклася кроў.

САЛЯРЫСТЫ

Цылiндрычны тунель быў пусты. Хвiлiну я пастаяў перад зачыненымi дзвярыма, прыслухоўваючыся. Сцены, вiдаць, былi тонкiя, звонку чулася скавытанне ветру. На дзвярах быў трохi коса i нядбала прылеплены прамавугольны кавалак пластыру з алоўкавым надпiсам: "Чалавек". Я пазiраў на гэтае невыразна накрэмзанае слова. Праз хвiлiну мне захацелася вярнуцца да Снаўта, але я зразумеў, што гэта немажлiва.

Вар'яцкае папярэджанне яшчэ гучала ў маiх вушах. Я паварушыўся i адчуў на плячах надакучлiвы цяжар скафандра. Цiха, нiбы хаваючыся ад нябачнага назiральнiка, я вярнуўся ў круглае памяшканне з пяццю дзвярыма. На iх былi таблiчкi: "Д-р Гiбарыян", "Д-р Снаўт", "Д-р Сарторыус". На чацвёртых дзвярах таблiчкi не было. Я завагаўся, але ўсё-ткi нацiснуў на клямку i цiха адчынiў дзверы. Калi яны адчынiлiся, мне здалося, што там нехта ёсць. Я ўвайшоў.

Нiкога не было. Такi ж самы, толькi крыху меншы, выпуклы iлюмiнатар, нацэлены на Акiян, якi тут - пад сонцам - тлуста iльснiўся, нiбыта з хваляў сплываў чырвоны алiўкавы алей. Пурпуровы водблiск запаўняў увесь пакой, падобны на карабельную каюту. З аднаго боку стаялi палiцы з кнiгамi, памiж iмi вертыкальна да сцяны быў замацаваны адкiдны ложак на карданах, з другога было поўна шкапчыкаў, памiж якiмi ў нiкеляваных рамках, звязаных пасамi, вiселi касмiчныя здымкi, на металiчных штатывах стаялi колбы i прабiркi, пазатыканыя ватай, пад акном двума радамi стаялi белыя эмаляваныя скрынi, мiж якiмi цяжка было прайсцi. Накрыўкi некаторых былi адкiнутыя - у скрынях мноства iнструментаў, пластыкавых шлангаў, у абодвух кутах знаходзiлiся краны, выцяжкi дыму, маразiльнiкi, мiкраскоп стаяў на падлозе, бо яму не хапiла месца на вялiзным стале ля акна. Калi я павярнуўся, то ля ўваходных дзвярэй убачыў высозную, да самай столi, прачыненую шафу, запоўненую камбiнезонамi, рабочымi i ахоўнымi халатамi, на палiцах ляжала бялiзна, памiж халявамi антырадыяцыйных ботаў паблiсквалi алюмiнiевыя бутэлькi для партатыўных кiслародных апаратаў. Два апараты разам з маскамi вiселi на спiнцы паднятага ўгору ложка. Усюды панаваў такi самы, толькi яшчэ большы, нiбыта ад спешкi, беспарадак i хаос. Я прынюхаўся, слаба пахла хiмiчнымi рэактывамi i нечым едкiм - хiба што хлорам? Мiжволi пашукаў вачыма ў кутах ля столi закратаваныя вентыляцыйныя адтулiны. Прыклееныя да iх рамак палосы паперы трымцелi, гэта сведчыла, што кампрэсары падтрымлiваюць нармальны ток паветра. Я перанёс кнiгi, апаратуру i iнструменты з двух крэслаў у кут, парасстаўляў iх як удалося, у вынiку чаго вакол ложка памiж шафай i палiцамi з'явiлася крыху вольнага месца. Прыцягнуў вешалку, каб павесiць на яе скафандр, узяўся пальцамi за хвосцiк замка-маланкi, але адразу ж яго адпусцiў. Я нiяк не мог адважыцца скiнуць скафандр, нiбыта з-за гэтага мог стаць безабаронным. Яшчэ раз абвёў позiркам увесь пакой, упэўнiўся, цi добра зачынены дзверы, бо ў iх не было замка, пасля кароткага вагання падсунуў да iх дзве найцяжэйшыя скрынi. Забарыкадаваўшыся такiм чынам, я трыма заходамi вызвалiўся з маёй цяжкай, скрыпучай абалонкi. У вузкiм люстэрку на ўнутранай паверхнi шафы адлюстроўвалася частка пакоя. Краем вока я заўважыў там нейкi рух, сарваўся з месца, але зразумеў, што гэта мой уласны адбiтак. Трыкатажны касцюм пад скафандрам быў увесь прапацелы. Скiнуў яго i штурхануў шафу. Яна адсунулася, у нiшы за ёй блiшчалi сцены мiнiяцюрнай душавой. На падлозе пад душам ляжала вялiзная пляскатая скрынка. З цяжкасцю вынес яе ў пакой. Калi апускаў на падлогу, века яе адскочыла, нiбы было на пружыне, i я ўбачыў асобныя аддзяленнi, запоўненыя дзiўнымi экспанатамi: шмат скарыкатураных альбо толькi першасных нарыхтовак iнструментаў з цёмнага металу, часткова падобных на тыя, што ляжалi ў шкапчыках. Усе яны былi не для ўжытку, недапрацаваныя, скрыўленыя, аплаўленыя, быццам вынесеныя з пажару. Сама дзiўнае, што гэткiя ж сляды пашкоджання былi нават на керамзiтавых, практычна не плаўкiх ручках. Нiводная лабараторная печ не давала тэмпературы для iх плаўлення - хiба што ўнутры атамнага рэактара. З кiшэнi свайго развешанага скафандра я дастаў малы iндыкатар выпраменьвання, але яго чорная галоўка маўчала, калi я наблiзiў яе да гэтых дзiўных iнструментаў.

Я быў толькi ў плаўках i сеткаватай майцы. Скiнуў i iх, шпурнуў на падлогу, як анучы, i стаў пад душ. Адразу адчуў прыемнасць. Я круцiўся пад пругкiмi гарачымi струменямi, масiраваў цела, пырскаўся так старанна, нiбы хацеў змыць з сябе тую незразумелую, атраўленую падазрэннямi няпэўнасць, што перапаўняла Станцыю.

Я знайшоў у шафе лёгкi трэнiровачны касцюм, якi можна насiць i пад скафандрам, пераклаў у кiшэнi ўвесь мой скупы набытак; памiж старонкамi запiсной кнiжкi я адчуў штосьцi цвёрдае, гэта быў ключ ад маёй зямной кватэры, але я не ведаў, як ён трапiў туды. З хвiлiну я круцiў яго ў пальцах, не ведаючы, што з iм рабiць. Нарэшце паклаў на стол. Пасля прыйшло ў галаву, што, магчыма, мне спатрэбiцца якая-небудзь зброя. Унiверсальны сцiзорык, вядома, не зброя, але нiчога iншага я не меў. Аднак я не быў яшчэ ў такiм стане, каб шукаць прамянёвую зброю альбо што-небудзь iншае. Я ўсеўся ў металiчнае крэсла пасярод вызваленай ад рэчаў плошчы, далей ад розных прадметаў. Хацелася пабыць аднаму. Я з задавальненнем адзначыў, што ў мяне ёсць яшчэ больш чым паўгадзiны часу; нiчога не парадзiш, у маёй натуры скрупулёзнасць ва ўсiм - цi то ў важным, цi то ў дробязях. Стрэлкi на дваццацiчатырохгадзiнным цыферблаце стаялi на сямi. Сонца заходзiла. Сёмая гадзiна мясцовага часу азначала дваццаць гадзiн бартавога часу на "Праметэi". На экранах Модарда Салярыс, вiдаць, ужо зрабiлася малюсенькай iскаркай i нiчым не адрознiвалася ад зорак. Але якiя стасункi са мной мог мець "Праметэй"? Я заплюшчыў вочы. Панавала абсалютная цiшыня, калi не лiчыць раўнамернага мяўкання труб. У душавой вада капала на парцэляну.

Гiбарыяна няма сярод жывых. Калi я добра зразумеў, што казаў Снаўт, то з моманту яго смерцi мiнула ўсяго некалькi гадзiн. Што зрабiлi з целам? Пахавалi? Праўда, на такой планеце зрабiць гэта было немажлiва. Я доўга разважаў над гэтым, нiбыта лёс мёртвага быў сама важнай праблемай; пасля я ўсвядомiў марнасць гэтых разважанняў, устаў i пачаў хадзiць з кута ў кут, чапляючыся нагой за бязладна параскiданыя кнiжкi, за нейкi малы i пусты планшэт; я нахiлiўся i падняў яго. Ён быў не пусты. Там ляжала бутэлька з цёмнага шкла, такая лёгкая, быццам зробленая з паперы. Я паглядзеў праз яе ў акно, на панура-чырвоны, затуманены бруднай iмглой заход сонца. Што гэта са мной? Навошта звяртаю ўвагу на ўсялякую брыдоту, на любую дробязь, што трапляе ў рукi?