Выбрать главу

Наша маўчанне станавiлася дзiўным. Я засяроджана прыслухоўваўся да цiшынi, што панавала ў калiдоры, дзе засталася Хэры, але адтуль нiчога не было чуваць.

- Калi ў вас усё будзе гатова? - спытаўся я.

- Мы маглi б пачаць хоць сёння, але запiс запатрабуе яшчэ крыху часу.

- Запiс? Ты маеш на ўвазе энцэфалаграму?

- Ага, ты ж згадзiўся. А што?

- Ды так, нiчога.

- Я слухаю цябе, - прамовiў Снаўт праз нейкi час.

- Яна ўсё ведае... пра сябе, - ледзь чутна прамовiў я.

Бровы Снаўта палезлi ўгору.

- Ведае?

Мне здалося, што Снаўт толькi прытвараецца здзiўленым. Чаму ён прытвараецца? У мяне адразу прапала жаданне гаварыць, але я перасiлiў сябе. Трэба быць хоць бы лаяльным, падумаў я, калi нiчога iншага не застаецца.

- Яна пачала здагадвацца, вiдаць, пасля нашай размовы ў бiблiятэцы, назiрала за мной, супастаўляла факты, пасля знайшла магнiтафон Гiбарыяна i паслухала запiс...

Снаўт па-ранейшаму абапiраўся на шафу, але ў яго ў вачах загарэлiся iскры. Я стаяў ля пульта насупраць дзвярэй, прачыненых у калiдор. Я працягваў яшчэ цiшэй:

- Сёння ноччу, калi я спаў, яна спрабавала скончыць самагубствам. Вадкi кiсларод...

Нешта зашамацела, я сцiшыўся, прыслухаўся - гук даносiўся не з калiдора. Дзесьцi зусiм блiзка шкрэблася мыш... Мыш? Глупства! Адкуль тут мышы? Я пiльна зiрнуў на Снаўта.

- Слухаю цябе, - спакойна прамовiў Снаўт.

- Вядома, ёй гэта не ўдалося... ва ўсякiм разе яна ведае, хто яна.

- Навошта ты расказваеш пра гэта мне? - раптам спытаўся Снаўт.

Я не адразу скемiў, што яму адказаць.

- Хачу, каб ты арыентаваўся... каб ведаў, што адбываецца, - прамармытаў я.

- Я папярэджваў цябе.

- Iнакш кажучы, ты ведаў. - Я мiжволi павысiў голас.

- Не. Вядома ж, не. Але я тлумачыў табе, як усё адбываецца. Кожны "госць", калi ён з'яўляецца, амаль што фантом, нягледзячы на бязладную мешанiну ўспамiнаў i вобразаў, атрыманых ад свайго... Адама... "госць", па сутнасцi, пусты. Чым больш знаходзiцца ён з табой, тым больш ачалавечваецца i становiцца ўсё больш самастойным, вядома, да пэўнай мяжы. I чым даўжэй гэта працягваецца, тым цяжэй...

Снаўт памаўчаў, паглядзеў на мяне спадылба i абыякава спытаўся:

- Яна ўсё ведае?

- Так, я ж сказаў табе.

- Усё? I тое, што адзiн раз была тут, а ты...

- Не!

Снаўт усмiхнуўся:

- Паслухай, Кельвiн, калi гэта зайшло так далёка... што ты думаеш рабiць? Пакiнуць Станцыю?

- Так.

- З ёй?

- Ага.

Снаўт змоўк, разважаючы над маiмi адказамi, але ў яго маўчаннi было нешта яшчэ... Што? Зноў быццам штосьцi зашамацела зусiм блiзка, за тонкай перагародкай. Снаўт заёрзаў на крэсле.

- Выдатна, - прамовiў ён. - Чаму ты пазiраеш на мяне так дзiўна? Ты лiчыў, што я буду перашкаджаць табе? Рабi як хочаш, мой дарагi. Ну i малайцы мы з табой, калi б пачалi яшчэ i прымушаць адзiн аднаго! Я не збiраюся ўгаворваць цябе, скажу толькi - ты iмкнешся ў нечалавечых умовах застацца чалавекам. Мо гэта i прыгожа, але зусiм недарэчна. Зрэшты, я нават не ведаю, цi прыгожа. Хiба глупства можа быць прыгожым? Не ў тым справа. Ты адмаўляешся працягваць эксперыменты, хочаш адступiцца, забраўшы яе? Так?

- Так.

- Але гэта таксама... эксперымент. Чуеш?

- Што ты маеш на ўвазе? Цi здолее... яна?.. Калi разам са мной, то не бачу...

Я гаварыў усё больш павольна, пасля зусiм сцiх. Снаўт уздыхнуў:

- Кельвiн, усе мы, як страўсы, хаваем галаву ў пясок, але мы ва ўсякiм разе ведаем пра гэта i не разлiчваем на высакароднасць.

- Я нiчога не хачу i не разлiчваю.

- Добра. Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Свае словы пра высакароднасць я забiраю назад, але словы пра страўсаў застаюцца ў сiле. Асаблiва гэта датычыць цябе. Ты падманваеш не толькi яе, але i сябе, галоўным чынам сябе. Ты ведаеш умовы стабiлiзацыi сiстэмы, пабудаванай з нейтрыннай матэрыi?

- Не. Ты таксама не ведаеш. Нiхто не ведае.

- Безумоўна. Але нам вядома адно: такiя сiстэмы няўстойлiвыя i могуць iснаваць толькi дзякуючы няспыннаму прытоку энергii. Я ведаю гэта ад Сарторыуса. Энергiя ўтварае вiхравае стабiлiзацыйнае поле. Цiкава, цi з'яўляецца гэтае поле ў адносiнах да "госця" знешнiм? Цi мо яно ўзнiкае ў яго ў арганiзме? Разумееш рознiцу?

- Разумею, - паволi адказаў я. - Калi яно знешняе, дык... яна. Тады... такiя...

- Тады пад час аддалення ад Салярыс сiстэма распадаецца, - закончыў Снаўт за мяне. - Мы не можам гэтага прадбачыць, але ж ты паставiў дослед. Ракета, якую ты запусцiў... па-ранейшаму круцiцца вакол планеты. У вольную хвiлiну я нават падлiчыў параметры яе руху. Можаш паляцець, выйсцi на арбiту, састыкавацца i паглядзець, што сталася з... пасажыркай...

- Ты звар'яцеў! - выдыхнуў я.

- Ты так лiчыш? Ну... а калi... вярнуць яе, тваю ракету? Гэта магчыма. Яна мае дыстанцыйнае кiраванне. Мы вернем ракету i...

- Перастань!

- I гэта табе не падабаецца? Ёсць яшчэ адзiн спосаб, вельмi просты. Нават не трэба вяртаць яе на Станцыю. Няхай сабе лётае. Мы проста звяжамся з ёю па радыё, калi яна жывая, то адгукнецца i...

- Там ужо даўно скончыўся кiсларод! - з цяжкасцю выцiснуў я.

- Мо яна абыходзiцца без кiслароду... Ну што, паспрабуем?

- Снаўт... Снаўт...

- Кельвiн... Кельвiн... - злосна перадражнiў ён мяне. - Божа, што ты за чалавек. Каго ты хочаш ашчаслiвiць? Уратаваць? Сябе? Яе? Якую? Гэтую цi тую? На абедзвюх не хопiць адвагi? Бачыш сам, да чаго гэта даводзiць. Апошнi раз кажу табе: тут сiтуацыя - па-за ўсялякай мараллю.

Раптам я пачуў тое ж самае шамаценне, нiбыта нехта пазногцямi драпаў сцяну. Мяне агарнула абыякавасць: усё выглядала дробным, крыху смешным, малазначным, быццам у перавернутым бiноклi.

- Ну добра, - сказаў я. - Што, па-твойму, я мушу зрабiць? Знiшчыць яе? На наступны дзень з'явiцца такая ж, хiба не так? I яшчэ раз? I так штодзённа? Да якога часу? Навошта? Што гэта мне дасць? А табе? Сарторыусу? Станцыi?

- Пачакай, спачатку скажы ты. Ты паляцiш разам з ёй i, дапусцiм, убачыш сам, што з ёю адбудзецца. Праз некалькi хвiлiн перад табой з'явiцца...

- Што? - з'едлiва спытаўся я. - Пачвара? Дэман? Што?

- Не. Звычайная, сама звычайная агонiя. Хiба ты сапраўды паверыў у iх несмяротнасць? Кажу табе - яны гiнуць... Што ты будзеш рабiць тады? Вернешся... па новую?

- Перастань!!! - гукнуў я, сцiскаючы кулакi.

Снаўт, прымружыўшы вочы, пазiраў на мяне i паблажлiва ўсмiхаўся.

- Ага, табе не падабаецца? Ведаеш, на тваiм месцы я не распачынаў бы гэтай гаворкi. Лепш займiся чым-небудзь iншым, напрыклад, пачнi лупцаваць дубцамi у знак адплаты - Акiян. Што ты хочаш? Значыць, так... - Снаўт хiтравата памахаў рукой i падняў вочы ўгору, на столь, нiбыта некага праводзiў позiркам, - тады ты станеш нягоднiкам? А хiба цяпер не нягоднiк? Усмiхаешся, калi хочацца плакаць, прытвараешся радасным i спакойным, калi гатовы валасы рваць, - i ты не нягоднiк? А што, калi тут нельга не быць нягоднiкам? Што тады? Закацiць iстэрыку перад Снаўтам, якi ва ўсiм вiнаваты, так? Акрамя ўсяго, ты яшчэ iдыёт, мой ты дарагi...

- Ты гаворыш пра сябе, - сказаў я i апусцiў галаву, - я... кахаю яе.

- Каго? Свае ўспамiны?

- Не. Яе. Я расказаў табе, што яна спрабавала зрабiць. На такое пойдзе не кожны... жывы чалавек.

- Ты ж сам прызнаешся, калi кажаш...

- Не лавi мяне на слове.

- Добра. Значыць, яна цябе кахае. А ты - хочаш кахаць. Гэта розныя рэчы.

- Ты памыляешся.

- Я шкадую, Кельвiн, але ты сам расказаў мне пра свае iнтымныя справы. Не кахаеш. Кахаеш. Яна згодна ахвяраваць сваiм жыццём. Ты таксама. Вельмi чуллiва, узвышана - усё што хочаш. Але тут гэта недарэчна. Недарэчна. Разумееш? Не, ты не хочаш зразумець. Сiлы, якiмi мы не кiруем, зацягнулi цябе ў вiр, а яна - частка яго. Фаза. Цыкл, што паўтараецца. Калi б яна была... калi б за табой ганялася пачвара, гатовая дзеля цябе на ўсё, ты пазбавiўся б ад яе без усялякiх ваганняў. Праўда?