Я ведаў не ўключаныя ў гэты каталог салярыстычнай класiкi, бадай што несправядлiва, арыгiнальныя працы некалькiх эўрапейскiх псiхолагаў, якiя мелi з салярыстыкай даўнiя зносiны, вывучалi грамадскую думку, збiралi сама звычайныя, часам некампетэнтныя выказваннi i выявiлi дзiўную залежнасць адносiн неспецыялiстаў да гэтага пытання ад працэсаў, што адбывалiся ў асяроддзi навукоўцаў.
У сферы каардынуючай групы iнстытута планеталогii, там, дзе вырашалася пытанне пра матэрыяльную падтрымку даследаванняў, таксама адбывалiся змены пастаянна, хоць i паступова, скарачаўся бюджэт салярыстычных iнстытутаў i ўстаноў, фiнансаванне экспедыцый на планету.
Галасы пра неабходнасць скарачэння даследаванняў злучалiся з патрабаваннямi выкарыстаць больш дзейсныя сродкi. Найбольш максiмалiсцкiмi былi патрабаваннi адмiнiстратыўнага дырэктара Ўсезямнога касмалагiчнага iнстытута. Дырэктар настойлiва пераконваў, што жывы Акiян не iгнаруе людзей, ён проста не заўважае iх, як слон - мураша, якi паўзе па яго спiне, i, каб прыцягнуць увагу i сканцэнтраваць яе на нас, патрэбны магутныя раздражняльнiкi i машыны-велiканы ў маштабах усёй планеты. Цiкава, што, як з'едлiва падкрэслiвала прэса, такiх дарагiх мерапрыемстваў патрабаваў дырэктар Касмалагiчнага iнстытута, а не Iнстытута планеталогii, якi фiнансаваў салярыстычныя даследаваннi. Гэта была шчодрасць за чужы кошт.
А пазней мiтусня гiпотэз, крыху падноўленых, неiстотна змененых, забыццё адных або перабольшаная ўвага да другiх, заводзiла салярыстыку, да гэтага часу зразумелую, нягледзячы на шматлiкiя адхiленнi, у цёмныя i бесперспектыўныя завулкi лабiрынта. У атмасферы агульнай абыякавасцi, застою, расчаравання iншы акiян - акiян бясплодных публiкацый супернiчаў з салярысным.
За два гады да таго, як я, выпускнiк Iнстытута, стаў працаваць у лабараторыi Гiбарыяна, быў заснаваны фонд Мета - Iрвiнга, якi прызначаўся для заахвочвання тых, хто знойдзе спосаб выкарыстання для патрэб чалавека энергii акiянiчнага глею. Гэта зваблiвала i раней, i неаднойчы касмiчныя караблi дастаўлялi на Зямлю груды плазматычнага сцюдзеню. Доўга i настойлiва вывучалi спосабы яго кансервацыi, скарыстоўвалi высокiя або нiзкiя тэмпературы, штучныя мiкраатмасферу i мiкраклiмат, што адпавядалi салярысным, фiксавалi апраменьванне, прымянялi тысячу хiмiчных рэактываў - i ўсё дзеля таго, каб назiраць больш або менш вялы працэс распаду, зразумела, як i ўсе iншыя шматразова выкладзены сама найлепшым чынам у розных стадыях: самазнiшчэння, высыхання, звадкавання, пярвiчнага i другаснага, ранняга або позняга. Аналагiчныя вынiкi давалi ўсе пробы, якiя бралiся ў розных частках Акiяна i з утварэнняў плазмы. Адрознiвалiся толькi шляхi, якiя вялi да вынiку, а ён быў аднолькавы: лёгкая, як попел, металёва блiскучая, вытанчаная аўтаферментацыяй субстанцыя. Яе састаў, суадносiны элементаў i хiмiчныя формулы кожны салярыст мог назваць нават у сне.
Усе спробы захаваць па-за планетай жыццё (альбо хоць часовую вегетацыю, нават пры звышнiзкiх тэмпературах) большай або меншай часткi пачвары, заканчвалiся няўдачай. Гэта паклала пачатак тэорыi, якую распрацавала школа Менье i Прароха, аб тым, што трэба адкрыць адну-адзiную таямнiцу, i калi да яе будзе падабраны адпаведны ключ, усё стане зразумела...
На пошукi гэтага ключа, гэтага фiласофскага каменя Салярыс дарэмна гублялi час i энергiю людзi, якiя часта не мелi нiякiх адносiн да навукi, а ў чацвёртай дэкадзе iснавання салярыстыкi стала гэтулькi камбiнатараў-маньякаў, якiя выйшлi з асяродкаў, не звязаных з навукай, i апантаных сваiм захапленнем мацней, чым iхнiя папярэднiкi - прарокi "перпетуум-мобiле" i "квадратуры круга", што гэта ўжо набыло характар эпiдэмii i турбавала некаторых псiхолагаў. Аднак праз некалькi гадоў страсцi сцiхлi. Калi я рыхтаваўся да палёту на Салярыс, праблема Акiяна i шум вакол яе ўжо даўно знiклi са старонак газет i з размоў, гэтыя пытаннi больш не абмяркоўвалiся.
Ставячы на палiцу том Гравiнскага, я заўважыў - бо кнiгi стаялi ў алфавiтным парадку - маленькую, ледзь прыкметную сярод iншых фалiянтаў брашурку Гратэнстрама, якая таксама была адным з кур'ёзаў кнiжнай салярыстыкi. Гэта была праца, скiраваная - у барацьбе за разуменне звышчалавечага - супраць самiх людзей, супраць чалавека, гэта своеасаблiвы пасквiль на род чалавечы, праца самавука, хоць i вызначалася яна матэматычнай сухасцю. Спачатку ён надрукаваў шэраг нязвыклых дадаткаў да некаторых надта спецыфiчных i другарадных раздзелаў квантавай фiзiкi. У гэтай сваёй галоўнай, хоць усяго на некалькi старонак, працы ён высiльваўся паказаць, што навука, нават на першы погляд сама абстрактная, найбольш тэарэтычная, матэматычна абгрунтаваная, у сапраўднасцi дасягнула не надта шмат - на крок альбо два аддалiлася ад дагiстарычнага, груба пачуццёвага, антрапамарфiчнага разумення акаляючага нас свету. Вышукваючы ва ўраўненнях тэорыi адноснасцi, у тэарэмах сiлавога поля, парастатыцы, гiпотэзе адзiнага касмiчнага поля сляды цела, усё, што з'яўляецца вытворным нашых органаў пачуццяў, будовы нашага арганiзма, абмежаванасцi i ўбоства жывёльнай фiзiялогii чалавека, Гратэнстрам прыходзiў да канчатковых высноў - нi пра якiя "кантакты" з нечалавекападобнымi цывiлiзацыямi не павiнна быць i нiколi не будзе нiякай гаворкi. У пасквiлi на ўвесь чалавечы род нi разу не згадваўся Акiян, якi мае мажлiвасць мыслiць, але яго прысутнасць, у форме пагардлiва ўрачыстага маўчання, адчувалася амаль у кожнай фразе. Ва ўсякiм разе, калi я ўпершыню знаёмiўся з брашурай Гратэнстрама, я ўспрымаў яе менавiта так. Гэта была дзiўная праца, якая не мела адносiн да салярыстыкi ў звыклым разуменнi. Яна знаходзiлася ў класiчным зборы толькi таму, што туды паставiў яе сам Гiбарыян, якi, зрэшты, i даў яе мне пачытаць.
З дзiўным, падобным на павагу, пачуццём я асцярожна паставiў на палiцу тонкi, без вокладкi адбiтак. Я дакрануўся да зялёна-карычневага "Салярыстычнага альманаха". Хоць i панавалi вакол нас хаос i безнадзейнасць, нельга, аднак, аспрэчваць, што дзякуючы таму, што мы перажылi на працягу некалькiх сутак, мы разабралiся з шэрагам галоўных праблем, якiя на працягу многiх гадоў служылi тэмай бясплодных спрэчак, дзеля вырашэння якiх было змарнавана мора чарнiла.
Упарты i схiльны да парадоксаў чалавек мог па-ранейшаму сумнявацца, што Акiян - жывы. Але аспрэчваць iснаванне яго псiхiкi - усё адно, што разумець пад гэтым словам, - было ўжо нельга. Стала вiдавочна, што Акiян рэагуе на нашу прысутнасць. Такое сцвярджэнне закрэслiвала цэлы напрамак у салярыстыцы, якi даказваў, што Акiян - "свет у сабе", "жыццё ў сабе", што ў вынiку паўторнага адмiрання ён пазбаўлены ранейшых органаў пачуццяў i таму нiяк не рэагуе на знешнiя праявы i аб'екты; што Акiян сканцэнтраваны толькi на кругавароце вялiзных цячэнняў, адрознасць якiх у здольнасцi думаць, а iх крынiца, творца i стваральнiк знаходзiцца ў безданi, якая бурапенiць пад двума сонцамi.
I далей: мы выявiлi, што Акiян умее тое, чаго мы самi не ўмеем - ён штучна сiнтэзуе чалавечае цела i нават удасканальвае яго, невядомым чынам мяняе субатамную структуру, вiдаць, у залежнасцi ад пастаўленай мэты.
Значыць, Акiян iснаваў, жыў, думаў, дзейнiчаў. Магчымасць звесцi "праблему Салярыс" да бязглуздзiцы або да нуля, меркаванне, што Акiян - зусiм не iстота, а таму мы нiчога не губляем, - усё гэта закрэслiвалася назаўсёды. Цяпер людзi, хочуць яны гэтага цi не хочуць, павiнны ўлiчваць такое суседства на шляху iх экспансii, хоць зразумець яго цяжэй, чым увесь астатнi Сусвет.
Верагодна, што мы знаходзiмся на паваротным этапе гiсторыi, думаў я. Рашэнне адступiцца, адысцi магло быць актуальным зараз або ў хуткай будучынi, нават лiквiдацыю самой Станцыi я лiчыў магчымай i цалкам рэальнай. Я толькi не верыў, што гэта дасць хоць нейкую палёгку. Само iснаванне велiкана, якi можа мыслiць, заўсёды будзе турбаваць чалавека. Салярыс будзе вечным выклiкам, кiнутым чалавеку, нават калi мы абшнарым усю Галактыку i наладзiм кантакты з iншымi цывiлiзацыямi падобных на нас iстот.
I яшчэ адзiн невялiкi том у скураным пераплёце знайшоўся сярод штогоднiкаў "Альманаха". Я ўглядаўся ў пераплёт, якi заплямiўся ад дотыку рук, пасля разгарнуў кнiгу. Гэта было старое выданне, "Уводзiны ў салярыстыку" Мунтывуса. Мне прыгадалася ноч, якую я правёў за кнiгай, i ўсмешка Гiбарыяна, калi ён даваў мне свой экземпляр, i зямное святло ў акне, калi я дачытаў кнiгу да канца. "Салярыстыка, - пiсаў Мунтывус, - гэта своеасаблiвая рэлiгiя касмiчнага веку, вера ў апратках навукi; кантакт, мэта, да якой мы iмкнёмся, такая ж замглёная i цёмная, як жыццi святых або прыход Месii. Нашы даследаваннi - гэта лiтургiя ў метадалагiчных формулах; пакорная праца вучоных - чаканых дабравесця, звеставання. Бо няма i не можа быць нiякай сувязi памiж Салярыс i Зямлёй. Гэтыя i шмат iншых фактаў - адсутнасць супольнага вопыту, агульных паняццяў, якiмi можна абмяняцца, - салярысты адпрэчваюць, як вернiкi адпрэчвалi аргументы, якiя абвяргалi iхнюю веру. Зрэшты, на што спадзяюцца людзi, чаго яны чакаюць ад "наладжвання iнфармацыйнай сувязi" з морамi, якiя мысляць? Рэестра перажыванняў, звязаных з iснаваннем, бясконцым у часе, iснаваннем гэткiм старадаўнiм, што, бадай, самi моры не памятаюць свайго пачатку? Апiсання жаданняў, азартных пачуццяў, надзей i пакут, што нараджаюцца ў жывых гарах пад час iмгненных утварэнняў, пераўтварэння матэматыкi - у быццё; адзiноты i пакорлiвасцi - у iснасць? Але ўсе гэтыя веды немагчыма нi перадаць, нi перакласцi на зямную мову. Усялякi пошук каштоўнасцi i значэння будзе марны. Зрэшты, не гэткiх, хутчэй паэтычных, чым навуковых адкрыццяў чакаюць прыхiльнiкi Кантакту. Нават не прызнаючыся сабе ў гэтым, яны чакаюць адкрыцця, якое раскрыла б перад iмi сутнасць самога чалавека! Салярыстыка адраджэнне даўно памерлых мiфаў, яркая праява мiстычнага смутку, пра якi чалавек не адважваецца гаварыць адкрыта, на ўвесь голас, а краевугольным каменем усяго будынка салярыстыкi з'яўляецца надзея на спакушэнне.