Але няздольныя прызнаць гэтую праўду салярысты старанна абыходзяць усялякае тлумачэнне Кантакту. Яны аднеслi яго да лiку святых, з часам ён стаў для iх вечнасцю i небам, хоць напачатку, яшчэ пры цвярозым падыходзе, Кантакт быў асновай, уступам, выйсцем на новую дарогу, адну з многiх..."
Просты i горкi аналiз Мунтывуса, гэтага "ерэтыка" планеталогii, дасведчанага ў адмаўленнi, у развенчваннi салярыснага мiфа, мiфа аб мiсii чалавека. Першы голас, якi наважыўся прагучаць яшчэ ў рамантычны перыяд развiцця салярыстыкi, у перыяд поўнага даверу, быў цалкам праiгнараваны, на яго нiхто не адгукнуўся. Усё гэта зразумела, бо калi прызнаць тлумачэннi Мунтывуса, то неабходна закрэслiць тую салярыстыку, якая iснавала. Новая салярыстыка, цвярозая, непрадузятая, дарэмна чакала свайго фундатара. Праз пяць гадоў пасля смерцi Мунтывуса, калi яго кнiга стала бiблiяграфiчнай рэдкасцю, яе цяжка было знайсцi ў Зборах як па салярыстыцы, так i па фiласофii, з'явiлася школа яго iмя, утварылася суполка нарвежскiх вучоных. Сярод паслядоўнiкаў Мунтывуса было некалькi яркiх iндывiдуальнасцей, якiя па-свойму тлумачылi яго спадчыну. У Эрла Энесона спакойнае выкладанне Мунтывуса змянiлася з'едлiвай iронiяй; у Фаэлангi яно ператварылася ў нейкую грубаватую ўжытковую, iнакш кажучы - утылiтарную салярыстыку. Фаэланга iмкнуўся сканцэнтраваць усю ўвагу на канкрэтнай карысцi, якую можна выцiснуць з даследаванняў, i адпрэчыць усе фантастычныя спадзяваннi на Кантакт, на сувязь двух iнтэлектаў. Побач з бязлiтасным, дакладным аналiзам Мунтывуса працы ўсiх ягоных духоўных настаўнiкаў здаюцца, аднак, другараднымi, калi зусiм не папулярызатарскiмi, выключэнне складаюць толькi творы Энесона i бадай што Такаты. Уласна, Мунтывус сам давёў усё да канца, назваўшы першы перыяд салярыстыкi перыядам "прарокаў" (да iх ён адносiў Гiзэ, Голдэна, Севаду), другi - "вялiкiм расколам" (тады адзiная салярысная вера распалася на мноства сектаў, якiя змагалiся мiж сабой). Мунтывус прадбачыў i трэцi перыяд дагматызму i схаластычнага закасцянення, якi надыдзе, калi будзе вывучана ўсё, што толькi можна вывучыць. Але гэта не адбылося. Гiбарыян, думаў я, меў усё ж рацыю, калi лiчыў развагi Мунтывуса надзвычайным спрашчэннем, якое не брала пад увагу ўсё, што кантраставала ў салярыстыцы з элементамi веры; Гiбарыян сцвярджаў, што ў салярыстыцы сама галоўнае не вера, а карпатлiвая штодзённая праца, вывучэнне канкрэтнай, матэрыяльнай планеты, якая круцiцца вакол двух сонцаў.
У кнiгу Мунтывуса быў уваткнуты складзены папалам, зусiм пажоўклы адбiтак з квартальнiка "Дадаткi да салярыстыкi", адна з першых прац Гiбарыяна, якую ён напiсаў, калi не быў яшчэ кiраўнiком Iнстытута. Пасля назвы "Чаму я стаў салярыстам" iшоў кароткi, амаль канспектыўны пералiк з'яў, якiя даказвалi рэальную магчымасць Кантакту. Гiбарыян належаў да таго бадай што апошняга пакалення даследнiкаў, у якога хапiла адвагi прыняць эстафету першых поспехаў салярыстыкi i не адмовiцца ад своеасаблiвай, што выходзiць за межы навукi, веры, зрэшты, зусiм матэрыялiстычнай, веры ў плённасць намаганняў, калi яны дастаткова настойлiвыя i працяглыя.
Гiбарыян грунтаваўся на добра вядомых, класiчных даследаваннях бiяэлектронiкаў эўразiйскай школы: Хо Ён, Мiна, Нг'янi i Кавакадзе; iх працы прадэманстравалi, што iснуе нейкае падабенства памiж электрычнымi iмпульсамi i пэўнымi разрадамi энергii, якiя адбiваюцца ў плазме Акiяна, што папярэднiчаюць узнiкненню такiх утварэнняў, як полiморфы (на пачатковых стадыях) i блiзняты салярыды. Гiбарыян адпрэчыў антрапамарфiчныя iнтэрпрэтацыi, розныя мiстыфiкацыi псiхааналiтычных, псiхiятрычных, нейрафiзiялагiчных школ, якiя спрабавалi перанесцi на глеевы Акiян чалавечыя захворваннi, напрыклад, эпiлепсiю (аналогiю якой яны бачылi ў сутаргавых вывяржэннях асiметрыяд). Сярод прыхiльнiкаў Кантакту ён быў адзiн з найбольш асцярожных i цвярозых вучоных i зусiм не пераносiў сенсацый, якiя, праўда, усё радзей выпадалi на долю таго цi iншага адкрыцця. Дарэчы, гэткай таннай сенсацыяй стала мая дыпломная праца. Яна знаходзiлася недзе тут, у бiблiятэцы. Праца, вядома, была не апублiкавана, а проста скапiраваная на плёнку, яна захоўвалася сярод мiкрафiльмаў. У сваёй працы я абапiраўся на цiкавыя даследаваннi Бергмана i Рэйнальдса. Iм удалося з мазаiкi розных працэсаў выдзелiць i "адфiльтраваць" кампаненты, што суправаджалi сама моцныя эмоцыi: адчай, жалобу, асалоду. Я ж супаставiў гэтыя звесткi з разрадамi акiянiчных iмпульсаў, вызначыў амплiтуду i профiлi крывых (на пэўных участках вяршынь сiметрыяд, ля асновы няспелых мiмоiдаў i iнш.) i выявiў памiж iмi аналогiю, што заслугоўвае ўвагi. Адразу ж у бульварнай прэсе з'явiлiся публiкацыi пад блазенскiмi назвамi накшталт "Студзiна ў адчаi" або "Планета ў аргазме". Але ўсё гэта мне толькi дапамагло (ва ўсякiм разе я лiчыў так да нядаўняга часу). Гiбарыян, як i iншыя салярысты, не чытаў усiх прац па салярыстыцы (iх з'яўлялiся тысячы), а тым болей прац навiчкоў. Але на мяне ён звярнуў увагу, i я атрымаў ад яго лiст. Гэты лiст закончыў адзiн i распачаў другi этап майго жыцця.
СНЫ
Праз шэсць дзён мы паўтарылi эксперымент, бо Акiян нiяк не рэагаваў на яго. Станцыя, якая да гэтага вiсела нерухома на перасячэннi сорак трэцяй паралелi са сто шаснаццатым мерыдыянам, паплыла, застаючыся на вышынi чатырохсот метраў над узроўнем Акiяна, у паўднёвым напрамку, дзе, згодна з паведамленнямi радарных чуйнiкаў i радыёграм Сатэлоiда, актыўнасць плазмы павялiчылася.
Двое сутак змадуляваны маёй энцэфалаграмай пучок прамянёў з iнтэрваламi некалькi гадзiн наносiў нябачныя ўдары па амаль што гладкай паверхнi Акiяна.
Напрыканцы другiх сутак мы былi ля самага полюса. Не паспяваў дыск блакiтнага сонца схавацца за гарызонтам, як на супрацьлеглым баку хмары налiвалiся бурштынам, папярэджваючы аб узыходзе чырвонага. Бясконцая чарната Акiяна i пустое неба над iм запаўнялiся тады асляпляльнай гульнёй фарбаў: рэдкiя, ядавiта-зялёныя, з водблiскам распаленага металу прамянi сутыкалiся з прыглушанымi пурпуровымi сполахамi, Акiян перасякалi прамянi двух супрацьлеглых дыскаў, двух палаючых ачагоў - ртутнага i барвовага. Варта было з'явiцца ў зенiце сама лёгкаму воблачку, як водблiскi на цяжкай пене, якая сцякала з грабянёў хваль, станавiлiся непраўдзiва вясёлкавымi. Адразу ж пасля заходу блакiтнага сонца на паўночным захадзе з'явiлася сiметрыяда - пра яе папярэдзiлi ўжо сiгналiзатары. Яна была ледзь бачная ў рыжаватым тумане i толькi люстрана паблiсквала, нiбыта вялiзная шкляная кветка, якая вырасла там, дзе неба злiвалася з акiянскай пенай. Станцыя не змянiла курсу, i праз чвэрць гадзiны калос, якi ззяў рубiнавым святлом, зноў схаваўся за гарызонтам. Мiнула яшчэ некалькi хвiлiн, высокi тонкi слуп, асновы якога мы не бачылi, бязгучна падняўся ў атмасферу на некалькi кiламетраў, засведчыўшы тым самым пагiбель сiметрыяды. Адна палова слупа ззяла крывавым святлом, а другая была падобная на ртуць; ён вырас, як двухколернае дрэва, затым ператварыўся ў грыбападобнае воблака, верхняя частка яго, якую адносiў вецер, знiкла ў прамянях двух сонцаў, а нiжняя паволi ападала, своеасаблiвымi гронкамi заняўшы трэць гарызонту. Праз гадзiну знiк i апошнi след гэтага вiдовiшча.