Мiнула яшчэ двое сутак, эксперымент паўтарылi апошнi раз, рэнтгенаўскiя прамянi абшарылi ўжо значную частку Акiяна, на поўднi з'явiлiся выдатна бачныя з нашай вышынi, хоць i было больш за трыста кiламетраў, Арэнiды - ланцуг з шасцi скалiстых вяршыняў. Пiкi Арэнiд здавалiся заледзянелымi, але на самай справе iх пакрываў налёт арганiчнага паходжання - горны ланцуг некалi быў дном Акiяна.
Мы памянялi курс, скiраваўшы на паўднёвы ўсход, i праз нейкi час iшлi ўздоўж горнага бар'ера, якi злiваўся з хмарамi, тыповымi для чырвонага дня; пасля ўсё знiкла. Мiнула дзесяць дзён з часу першага эксперымента.
За ўвесь гэты час на Станцыi нiчога не адбылося. Аўтаматычная апаратура паўтарала эксперымент згодна з распрацаванай Сарторыусам праграмай, i я нават не ведаю, цi кантраляваў хто-небудзь дзеяннi аўтаматаў. I ўсё адно на Станцыi нешта адбывалася. Зрэшты, не памiж людзьмi. Я баяўся, што Сарторыус зноў запатрабуе пачаць працу над анiгiлятарам; акрамя таго, я чакаў, як адрэагуе Снаўт, калi даведаецца ад Сарторыуса, што я падмануў яго, перабольшыўшы небяспеку, якую магло выклiкаць знiшчэнне нейтрыннай матэрыi. Аднак нiчога не здарылася, i на першым часе я не мог даўмецца, у чым справа. Вядома, я разлiчваў на нейкую лавушку, лiчыў, што падрыхтоўка i сама праца трымаюцца ў тайне, i таму кожны дзень зазiраў у памяшканне без акон пад галоўнай лабараторыяй - там знаходзiўся анiгiлятар. Нi разу нiкога я там не заспеў; калi меркаваць па слою пылу, якi пакрываў ахоўны кажух i кабелi, да апаратуры нiхто не дакранаўся шмат тыдняў.
Снаўт, як i Сарторыус, таксама некуды знiк, i з iм нельга было звязацца яго вiдэафон не адказваў. Нехта, вiдаць, кiраваў рухам Станцыi, але хто канкрэтна - не ведаю, бо мяне гэта, як нi дзiўна, мала турбавала. Я быў зусiм абыякавы i да таго, што Акiян нiяк не рэагаваў на доследы; праз два-тры днi я не толькi перастаў чакаць альбо баяцца нейкай рэакцыi, а наогул забыўся i пра яе, i пра эксперымент. Я цэлымi днямi праседжваў у бiблiятэцы альбо ў кабiне разам з Хэры, якая хадзiла за мной, як цень. Я бачыў, што нашы справы дрэнь i што гэткi стан тупой апатыi не можа доўжыцца бясконца. Трэба было неяк пераадолець яго, нешта памяняць у нашых адносiнах, але я не мог прыняць нiякага рашэння i адганяў ад сябе нават думку пра перамены. Магу патлумачыць гэта толькi адным - мне здавалася, што ўсё на Станцыi, i асаблiва нашы ўзаемаадносiны з Хэры, знаходзiцца ў стане надзвычай няўстойлiвай раўнавагi i ад любога штуршка развалiцца. Чаму? Не ведаю. Дзiўна, што Хэры адчувала тое ж самае. Калi я думаю цяпер пра гэта, мне ўяўляецца, што няпэўнасць, няўстойлiвасць, прадчуванне магчымага землятрусу былi выклiканы пранiзваючай усю Станцыю прысутнасцю, якая нiчым iншым сябе не выяўляла. Хоць, магчыма, на прысутнасць што-нiшто звяртала ўвагу, а менавiта - сны. Нi раней, нi пасля нiколi ў мяне не было гэткiх прывiдаў, таму я вырашыў запiсваць iх. Дзякуючы запiсам я магу зараз паспрабаваць расказаць пра свае сны, але расказ мой будзе фрагментарным i пазбаўленым непаўторнай разнастайнасцi прывiдаў. Нейкiм незразумелым чынам у прасторы, дзе не было неба, зямлi, падлогi, столi, сцен, я, цi то скурчаны, цi то звязаны, апынаўся ў чужой мне субстанцыi, урастаў у нежывую, нерухомую, бясформенную глыбу, а можа, я i сам станавiўся глыбай, цела маё знiкла, вакол мяне снавалi ледзь прыкметныя ружовыя плямы, яны плавалi ў асяроддзi, якое па аптычных уласцiвасцях адрознiвалася ад паветра: толькi на вельмi блiзкай адлегласцi рэчы набывалi выразныя - нават занадта, ненатуральна выразныя - абрысы. Увогуле ў маiх снах наваколле было значна больш канкрэтным i матэрыяльным, чым на самай справе. Калi я прачынаўся, то адчуваў дзiўны стан: рэальнасцю, сапраўднай рэальнасцю быў сон, а тое, што я бачыў, калi расплюшчваў вочы, - толькi яе бледны адбiтак.
Такi быў пачатак, той клубочак, з якога размотвалася нiтка сноў. Вакол мяне нешта чакала свайго вырашэння, маёй унутранай згоды, а я адчуваў штосьцi ўнутры ў мяне адчувала - я не павiнен паддавацца незразумелай спакусе, бо чым большая спакуса, тым страшнейшы канец. Уласна, я гэтага не ведаў. Калi б я гэта ведаў, то баяўся б, а страху я не адчуваў. Я чакаў. З ружовага туману вакол мяне нараджаўся першы дотык, я, нерухомы, як калода, застыў у той масе, што была навокал i паралiзавала мяне, я не мог нi адсунуцца, нi паварушыцца, а тое нешта абмацвала маю турму сляпымi i адначасова зрокавымi дотыкамi i станавiлася рукой, якая стварала мяне; да гэтай хвiлi я быў сляпы, i вось я пачынаю бачыць - пад пальцамi, якiя абмацваюць мой твар, з нiчога нараджаюцца мае губы, шчокi, i разам з тым, як гэты падзелены на бясконца малыя долi дотык пашыраецца, у мяне з'яўляецца i твар, i дыханне, выклiканыя з небыцця гэтым актам стварэння - узаемным, бо i я, якога ствараюць, таксама ствараю - i ўзнiкае твар, якога я нiколi ў жыццi не бачыў, чужы i знаёмы, я спрабую зазiрнуць яму ў вочы, але не магу - усе прапорцыi парушаны, няма нiякiх напрамкаў, проста ў малiтоўным маўчаннi мы спазнаём адно аднаго i становiмся адно адным. I вось ужо я стаў самiм сабой, але ў ступенi бясконцасцi, а тая iншая iстота - жанчына? - знерухомела разам са мной. У нас адзiн пульс, мы адно цэлае, i вось у гэтую замаруджаную сцэну, па-за якой нiчога не iснуе i не можа iснаваць, закрадваецца нешта незвычайна жорсткае, немажлiвае, ненатуральнае. Той самы дотык, якi стварыў нас i залатым покрывам ахiнуў нашыя целы, ператвараецца ў мiрыяды злосных джалаў. Нашыя целы, голыя i белыя, расплываюцца, чарнеюць, аблепленыя мноствам чарвякоў, якiя выходзяць з нас, як паветра. I вось ужо я станаўлюся - мы становiмся - я станаўлюся блiскучым, сплеценым i расплеценым зноў, лiхаманкава вёрткiм клубком, якi не канчаецца i не скончыцца; у гэтай бясконцасцi я i сам бясконцы, бязгучна крычу, малю пра канец i раптам якраз у гэтае iмгненне разбягаюся адразу, ва ўсе бакi, i ўва мне расце спачуванне, у шмат разоў мацнейшае, чым на самай справе, сканцэнтраванае дзесьцi ў чорнай i чырвонай далячынях спачуванне, якое то цвёрдае, як скала, то блiскучае агнём iншага сонца i iншага свету.
Гэта - самы просты сон, iншыя я не здолею расказаць, бо страх, перажыты ў iх, нельга параўнаць нi з чым на свеце. У сне я нiчога не ведаў пра iснаванне Хэры, дзённыя ўражаннi i перажываннi наогул не адбiвалiся ў маiх снах.
Былi i iншыя сны, калi ў застылай, мёртвай цемры я адчуваў сябе аб'ектам скрупулёзных, няспешных даследаванняў, без усялякiх вядомых нам iнструментаў; гэта быў дотык, драбленне, растварэнне аж да абсалютнага знiкнення, а за ўсiм гэтым - за маўчаннем, за паступовым знiшчэннем - стаяў страх: ранкам толькi ад успамiнаў пра яго пачынала трымцець сэрца.
А днi доўжылiся - аднастайна, сонна, бясколерна, прыносiлi самотную агiду да ўсяго. Я баяўся толькi начэй, але не ведаў, як ад iх уратавацца. Хэры магла зусiм не спаць, я таксама iмкнуўся да гэтага. Я цалаваў i лашчыў яе, разумеў, што справа тут не ў ёй i не ўва мне; мне проста страшна заснуць. Хоць я нi слова не казаў Хэры пра свае кашмары, яна, вiдаць, пра нешта здагадвалася: у яе пакорлiвасцi я адчуваў маўклiвую крыўду i пачуццё знявагi, але нiчога зрабiць не мог. Я ўжо казаў, што за ўвесь час не бачыўся нi са Снаўтам, нi з Сарторыусам. Аднак Снаўт часам заяўляў пра сябе - зрэдку запiскай, а часцей выклiкам па вiдэафоне. Ён пытаўся, цi не заўважыў я якой-небудзь новай з'явы, нейкiх перамен, чаго-небудзь, што магло быць рэакцыяй на гэтулькi разоў паўтораны эксперымент. Я адказваў адмоўна i сам пытаўся пра тое ж самае. Снаўт на экране толькi круцiў галавой.
На пятнаццаты дзень пасля заканчэння эксперымента я прачнуўся раней звычайнага i быў так змучаны кашмарамi, што нiяк не мог ачомацца, нiбыта пасля глыбокага наркозу. Праз незацемнены iлюмiнатар падалi першыя промнi чырвонага сонца, цэлая рака пурпуровага агню перасякала гладкую паверхню Акiяна, i я заўважыў, што паверхня, якая да гэтага часу была безжыццёвая, становiцца мутнай. Яна ўжо была не чорная, а пабялела, нiбыта яе ахiнула iмгла, iмгла i на самай справе была даволi густая. Дзе-нiдзе ўзнiкалi неспакойныя асяродкi, затым бязмэтны рух ахапiў усю бачную прастору. Чорную паверхню закрыла смуга, светла-пурпуровая на грабянях хваляў i жамчужна-карычневая ва ўпадзiнах. Спачатку гульня фарбаў стварала з гэтага дзiўнага акiянскага покрыва доўгiя шэрагi застылых хваляў, пасля ўсё перамяшалася, увесь Акiян пакрыўся пенай, вялiзныя лахманы яе ўздымалiся ўгору i пад Станцыяй i вакол яе. З усiх бакоў адначасова ўзляталi ў рыжае, пустое неба перапончатакрылыя пенныя воблакi, не падобныя на звычайныя хмары. Iхнiя берагi напаўнялiся паветрам, як шары. На фоне нiзка палаючага над гарызонтам сонечнага дыска адны здавалiся вугольна-чорнымi, iншыя, у залежнасцi ад таго, пад якiм вуглом асвятлялi iх промнi ўсходу, успыхвалi рыжымi, вiшнёвымi, малiнавымi водблiскамi. Здавалася, Акiян лушчыцца, крывавыя шматкi то адкрывалi чорную паверхню, то засланялi яе новым налётам зацвярдзелай пены. Некаторыя ўтварэннi ўзляталi ўгору зусiм блiзка, за некалькi метраў ад iлюмiнатараў, а адно сваiм шаўкавiстым з выгляду берагам нават зачапiла шкло. Тыя ж раi, што ўзляцелi першыя, былi ўжо ледзь бачныя, як птушкi, што разляцелiся ва ўсе бакi, яны расплывалiся, знiкалi ў зенiце.