Выбрать главу

— Караневіч, вазьмі яго… Занясі,— кіўком галавы паказаў на дзверы.

Ардынарац згроб шчанюка за карак, і той адразу сціх, перастаў скуголіць. Баец падхапіў яго другой рукою, злёгку прыціснуў да жывата і стаяў.

Бой грукатаў цішэй, аддаляючыся. Да Баталава падбег сувязны са штаба. Ускінуў руку да каскі:

— Таварыш капітан, ад’ютант старшы…— Раптам нос яго зморшчыўся, твар скрывіўся, і ён гучна чхнуў: «Апчхі, апчхі!»

Караневіч выскаліўся белымі роўнымі зубамі, але, зірнуўшы на камбата, сцяў вусны. А яны ўсё роўна злёгку перасмыкваліся. Пальцы ціхенька краталі віслае вуха шчанюка.

— Ну, будзь здароў ды гавары хутчэй. Дык што, ад’ютант старшы?

— Загадаў перадаць вам, што на шляху шостай роты з’явіліся танкі. Пакуль што, мусіць, разведчыкі. Рота заняла будынак лазні і вырвалася на доўгую прамую вуліцу.

— Дзе капітан Садоўнікаў размясціў камандна-назіральны пункт?

— На пачатку вуліцы каля драўлянага дома. У гародчыку за таполяй.

Камбат павярнуўся да Вішняка.

— Дык у санчасць, значыць, не збіраешся?

Той адмоўна пахітаў галавой:

— Няма патрэбы, таварыш капітан, шчыра кажу.

— Ну глядзі… Ганіце тут іх… Каб аж дыхаць ім, сцервам, зарвала.

Па дарозе камбат працягваў распытваць у сувязнога.

— Артылерыйская батарэя пераправілася ўжо?

— Так точна. Займаюць агнявую пазіцыю, сувязісты кабель цягнуць.

Караневіч аднёс шчанюка ў будыніну і дагнаў іх. Асцярожна неяк зірнуў Баталаву ў твар.

— А як той фашыст завыў, а, таварыш капітан! Як вядзьмар у коміне,— сказаў ён, ступаючы побач.— Ён, гад, думаў, што толькі будзе «хайль» свой крычаць. Аж трасцы. Во як давялося заскуголіць! Цяпер мы іх турнём, праўда ж, таварыш капітан?

— Канечне, турнём.— Баталаў адказаў так, быццам гаварыў не столькі Караневічу, колькі самому сабе. У скронях яго гулка стукала: «Танкі, танкі…»

V

Яны былі яшчэ далёка, рухаліся марудна. За імі ціснуліся аўтаматчыкі. «Трэба абавязкова адрэзаць пяхоту. Адны яны пабаяцца рушыць далей, мала іх…» Баталаў адняў бінокль ад вачэй.

— У шостую роту — узвод кулямётчыкаў,— загадаў ад’ютанту старшаму.— Няхай падпусцяць бліжэй і ўдараць з флангаў па пехацінцах.

Заставалася некалькі хвілін зацішша. Баталаў лавіў у сабе гнятлівае адчуванне болю, што трэба праліваць столькі крыві, аддаваць столькі ахвяр, каб вырываць у ворага кожную пядзю сваёй зямлі. Навалілася чорная сіла, і вось надышоў ён, той час, калі ўсе як адзін чалавек, увесь народ павінен паўстаць за айчыну… Але чаму гэтая думка нечакана так уразіла Баталава, аж скаланула яго? Неаднойчы ў мірны час ён выказваў яе ў гутарках са сваімі байцамі і камандзірамі. Гаварыў са спакойнай упэўненасцю, з перакананасцю, што іншага ніхто і не дапускае. Таму, можа, і вымаўляў гэтыя словы як бясспрэчную ісціну, не дужа паглыбляючыся ў іх сэнс. Дык чаму цяпер так?..

У глыбіні душы Баталаў ведаў — чаму, але не хацеў прызнавацца сабе ў гэтым: дужа горка і прыкра было думаць пра такое. Балела, пякло, ліхаманіла ўсё нутро.

Некалькі дзён таму назад гітлераўскі лётчык выкінуў з «кастыля» (так чырвонаармейцы называлі аднаматорны нямецкі самалёт-разведчык) лістоўкі. Яны ашаламілі Баталава да крайнасці. Ніколі ў жыцці ён не адчуваў такой збянтэжанасці і недаўмення. Спачатку, як толькі падняў лістоўку, не паверыў сваім вачам: камандзір Чырвонай Арміі — з нямецкімі афіцэрамі? У палоне?.. Але ж — так. Без фуражкі, белагаловы, крочыць, ажно крыссе шыняля разлятаецца. Па баках двое, у фуражках з высокім верхам, у мундзірах з пагонамі. Статныя, падцягнутыя. Пад здымкам — вядомае прозвішча… Тэкст лістоўкі заклікаў чырвонаармейцаў складваць зброю. Тым, хто дабравольна здасца доблесным войскам фюрэра, гітлераўцы абяцалі захаваць жыццё…

Хвіліну Баталаў быў нібы ў шокавым стане, потым думкі яго закруціліся з ліхаманкавай хуткасцю. Не можа быць, каб ён, камандзір Чырвонай Арміі, здаўся ворагу. Калі ён і сапраўды ў палоне, то трапіў туды ў стане, у якім чалавек не здольны супраціўляцца — паранены, кантужаны, хворы альбо ў якім іншым безвыходным становішчы. Калі ён нават не можа ў апошнюю хвіліну выкарыстаць сваю зброю супраць сябе самога… Падумаць толькі: «Здавайцеся ў палон!..» Жыццё — цаной прадажніцтва, здрады Радзіме!.. Што можа быць горшае за гэта для чалавека!.. Баталаў раз’юшана, з лютасцю парваў лістоўку на дробныя шматкі і шпурнуў іх за ветрам. Байцы з абурэннем і лаянкай таксама рвалі агідныя паперкі, кідалі ашмоцце пад ногі і абцасамі ўтаптвалі ў зямлю.