Раптам Баталаў як застыў. А што, калі не кожны — пад ногі, у зямлю? Калі хто ў кішэню ці пад абмотку? На выпадак, як пропуск перабежчыка… Ён пачаў узірацца ў твары чырвонаармейцаў, пераводзіў вочы з аднаго на другога. Глядзеў на кожнага так, быццам і пытаў нешта, і сам гаварыў, гаварыў позіркам, як заклён ад злыбеды. Захацелася што ёсць духу крыкнуць нейкія самыя моцныя словы. Але, можа, якраз у той момант ён да канца ўсвядоміў, што да людзей трэба даходзіць не крыкам, а праўдаю сэрца. Ён ціха сказаў: «Здрада, таварышы,— самае страшнае злачынства перад Радзімай, перад сям’ёй сваёй і блізкімі, перад сваім сумленнем». Сказаў толькі гэтыя словы. Іншых не было тады ў яго. Ды ён і не шукаў іншых, бо гэтымі выказаў усё.
На колькі хвілін ён, здавалася, паспакайнеў. Аднак зноў прыгадаўшы лістоўку, з ранейшай узрушанасцю вярнуўся думкамі да таго паланёнага камандзіра. I ўжо не знаходзіў яму апраўдання. Неадольная сіла вырвала ў цябе зброю? Дык ірві калючы дрот рукамі, грызі зубамі, ідзі грудзямі на кулі і штыкі. Ты ж нясеш абавязак перад людзьмі, вышэй за якога не бывае ў чалавека нічога. Ты даваў клятву, ты прысягаў. Дык вырвіся ці загінь… Ён ужо судзіў жорстка і бязлітасна, судзіў так, як судзяць за самае цяжкае злачынства.
Увесь час, пакуль мозг свідравалі думкі пра палонніка, Баталаў штосілы стараўся, каб не назваць яго прозвішча. Яму здавалася: калі б назваў — штосьці з жудаснай трагічнай сілай абурылася б у ім і пахавала пад сабою нейкі самы светлы яго ідэал. Каб не дапусціць тое прозвішча ў сваю распаленую свядомасць, запраторыць яго ў самы глыбокі закутак, на самы паддон душы, Баталаў хапаўся разважаць пра наступленне. Ганяў цыгарку з кутка ў куток рота, думаў: «У баі дарогі не пытаюць і ворагаў не лічаць, а б’юць. Першы і трэці батальёны вунь таксама даюць фрыцам жару. Дык калі заваёўваюць пазіцыі ўзводы, батальёны, то перамагаюць арміі, франты… Вось так, таварыш батальённы: калі заваёўваюць пазіцыі ўзводы…»
Палоннік пачаў адыходзіць некуды на задні план. I калі ўжо Баталаў адчуў, што не так стала даймаць тое прозвішча, яму раптам нібы выбухнула ў галаве: «Якаў Джугашвілі!» У той жа міг адляцелі ўсе жорсткія, бязлітасныя асуджальныя думкі і ў ліхаманкавай свядомасці з’явілася: «Паранены, кантужаны, хворы альбо ў якім іншым безвыходным становішчы…» Але словы гэтыя пачалі быццам церціся, шоргацца, трушчыць самі сябе. Праз хвіліну зноў вырвалася пакутліва-горкае і пагрозліва-непрымірымае. «Грызі зубамі, ідзі грудзямі на кулі і штыкі…» Баталаў зажмурыўся прама ў сонца і на хвіліну нібы аглух. Потым ужо слыхам, які вяртаўся да яго, пачуў свае ўласныя словы, сказаныя ўголас: «Ведаюць, сцервы, чым ударыць у самае сэрца — Якаў Джугашвілі, сын Сталіна…»
Цяпер, калі Баталаў з трывогай сачыў за нямецкімі танкамі, мімалётная думка, што ўсе мы зараз у гэтай вогненна-смяртэльнай калатнечы павінны быць як адзін чалавек, жорстка нагадала яму таго палонніка. I, як бы з гарачкі, у галаве ліхаманкава закруцілася: а там… не адзін ён там… Дык як, чаму яно здарылася?.. Момант Баталаў быў нібы ў прастрацыі. Затым з бязлітаснай злосцю ўзбурыўся: вунь яны, бачыш — сталёвыя звяругі, а ты!.. Ды тут усё роўна вышчамілася: не хочаш глядзець праўдзе ў вочы? А калі не глядзіш, то нічога не пабачыш… Аднак пасля гэтага яму быццам яшчэ дабавілася злосці на сябе, і ён рашуча, як абрэзаў што, сказаў: «Не па часе». Сказаў, і скулы яго напяліся, зацвярдзелі.
Астатнія некалькі хвілін, пакуль нерухома назіраў за танкамі, ён, стараючыся стрымліваць хваляванне, імкнуўся ўявіць, як можа разгарнуцца бой.
Усё наўкола — і людзі, і зямля, і дрэвы — нібы сціснулася ў трывозе і напружанасці да крайнасці, да мяжы магчымага.
Танкі грымнулі з гармат. Снарады прасвісталі ўгары, разарваліся далёка ў тыле батальёна, недзе каля Дняпра. I другі раз, і трэці так. За чацвёртым разрывы пачуліся бліжэй. Потым зусім блізка. Адзін снарад патрапіў у вугал лазні, развярнуў мур пад дахам. Затым два як ні разам шкуматнулі брук на вуліцы. Узляцела водаправодная калонка, валіліся тэлеграфныя слупы…
— Камандзіра шостай! — крыкнуў камбат сувязісту.
Сувязіст падаў яму тэлефонную трубку — шостая адазвалася адразу.
— Гарнага, чаму ў цябе бранябойшчыкі маўчаць?.. Прыцэльваюцца? Агонь па танках!
Не паспеў Баталаў аддаць трубку, як грымнулі два стрэлы з процітанкавых ружжаў. Пярэдні танк закруціўся на месцы. Пахіліўся на бок, стаў. Гэта здарылася так нечакана, што спачатку Баталаў як бы не паверыў сваім вачам. «Праўда, прыцэльваліся! Так іх, фашысцкіх гадаў!»
Грукат бою ўзмацняўся. 3 правага фланга роты, а затым і з левага, секанулі па гітлераўцах кулямёты. Варожыя аўтаматчыкі замітусіліся, пачалі хавацца хто куды. За дрэвы, за водаправодныя калонкі і печы спаленых хат, за сцены абгарэлых камяніц. Некаторыя ашалела несліся вуліцаю назад і падалі на брук, насцігнутыя кулямі.