Аднаго разу, калі ехалі яны з Паволжа сюды, на фронт, Баталаў, абыходзячы на станцыі эшалон, пачуў ад Ярохіна зусім іншае. Той у цяплушцы расказваў байцам фантастычна-прыгодніцкую гісторыю. Штосьці ўпамянуў пра Цыялкоўскага, не забыў пры гэтым заўважыць, што сам ён нарадзіўся і вучыўся ў школе ў тым горадзе, дзе жыў вялікі вучоны. Баталаў усміхнуўся — ведай, маўляў, нашых. Потым да яго слыху даляцела фраза: «Ясная справа — заўтра людзі не змогуць жыць без навукі». I ён падумаў, як папракнуў: не быў бы студэнт! Дык гэта ж будзе заўтра, а сёння нам трэба знішчаць фашызм. Страляць, забіваць… Абарваў сябе: але ж заўтрашні дзень прыйдзе, яго нішто не спыніць…
Цяпер у яго таксама мільганула думка пра заўтрашні дзень. Аднак у ёй быў іншы, рэальны сэнс: які ён будзе для іх — заўтрашні дзень?
Недзе ў горадзе грукатала страляніна. Баталаў прыслухаўся: прыбліжаецца яна ці не? Вызначыць было цяжка. Дык як там? Што? Можа, захліпнулася наступленне? А Ярохін? Як у яго, чаму ён маўчыць? Ці ўсё мы як след абмазгавалі, ці ўсё ўлічылі? Мажліва, пра нешта не падумалі, нечага не даўмеліся?.. Маўчыць жа вось… Трывога гарачыла гэтыя думкі. Яны на хвіліну суцішаліся, ледзь-ледзь варушыліся недзе ў падсвядомасці, потым зноў накатваліся палкай хваляй.
Баталаву падалося, што на яго хтосьці пільна пазірае. Ён памарудзіў крыху, павярнуў галаву. Сустрэўся вачамі з Караневічам. Той сядзеў на кукішках, ад нечага рабіць круціў у запэцканых зямлёю пальцах вінтовачны патрон. Ён, мусіць, зразумеў душэўны стан камбата, бадзёра сказаў:
— Зараз і наш Ярохін ударыць.
— Ты так думает?
— Канкрэтна,— пацвердзіў Караневіч любімым і, як лічыў, надзвычай пераканаўчым словам, стараючыся як-небудзь паспрыяць, каб трывога капітана зменшылася, не даймала яго так востра. Сваё «канкрэтна» ён ужываў у выключных выпадках. Калі хацеў падкрэсліць: толькі так — і не іначай. Баталаў ведаў гэта і таму, калі Караневіч «падкрэсліваў», ледзь прыкметна паблажліва ўсміхаўся. Цяпер таксама ўсмешка кранулася яго вуснаў.
Свяціла сонца. Як многа сонца было ў той дзень над зямлёю!..
За доўгай, высокай камяніцай дэпо глуха вухнулі мінамёты. Рэзка і суха затрашчалі кулямётныя чэргі.
— Ну, што я казаў! — Караневіч ускочыў на ногі, неяк дробненька, як козлік, прытупнуў ботамі.
Гітлераўцы, відаць, не чакалі ўдару з тылу, бо спачатку не адказвалі на агонь Ярохіна. Разгубіліся. Ды ім і патрэбен быў час, каб павярнуць свае мінамёты. А праз мінуту-дзве — якія ж дарагія былі гэтыя мінуты ўзводу Ярохіна! — быццам раскалоліся цагляныя сцены будыніны.
Баталаў прагна глынуў вады, зірнуў на гадзіннік. Загадаў камандзіру артылерыйскай батарэі Фаменку і камандзірам рот, каб адкрылі па дэпо агонь з усіх відаў зброі. Цяпер трэба было патрывожыць немцаў з гэтага боку. Хай памітусяцца, пакідаюцца туды-сюды. Гэта крыху аблегчыць надзвычай цяжкую задачу Ярохіна.
Не прайшло і хвіліны, як батальён таксама грымнуў залпамі і чэргамі. Разгарэлася зацятая дуэль. Калі шалёныя чэргі з абодвух бакоў зліваліся ў суцэльны бесперапынны грукат, Баталаву часам пачынала недарэчна мроіцца, што гэта хтосьці агромністы недзе цягае вялікі доўгі ланцуг па камянях. Ён не разумеў, адкуль гэта дзіўнае ўяўленне бралася, толькі аднаго разу мімаходам сказаў сабе: «Бач ты — ланцуг па камянях». Тады здагадаўся, што, мусіць, так учэпіста затрымалася ў ім уражанне ад таго, як лязгалі па бруку гусеніцы танкаў.
Ураганны агонь з абодвух бакоў цягнуўся чвэрць гадзіны. Нарэшце ў неба ўзляцела чырвоная ракета. Роты падняліся ў атаку. Чырвонаармейцы беглі, спатыкаліся, падалі. Адны падхопліваліся, другія так і заставаліся ляжаць на рэйках і прамасленых шпалах.
3 камандна-назіральнага пункта Баталаў бачыў, у якім цяжкім становішчы знаходзіліся стралкі. Усе шырокія вокны камяніцы смяртэльна пырскалі шчыльным свінцовым ліўнем з кулямётаў і аўтаматаў. I ўсё ж пехацінцы працягвалі штурм. Байцы пятай роты пачалі ўскокваць у вокны, чацвёртай — перавальваліся цераз барыкадны завал у варотах.
Але шостая рота, якая правей дэпо штурмавала доўгую будыніну нейкага склада, трапіла пад кінжальны агонь кулямётаў, залегла. Проста сярод пуцей. «Іх жа пакосяць там усіх, пад прыцэлам жа ляжаць.— Баталава абдало гарачынёй, шчокі сцягнуліся ад напружання.— Хай бы лепш адступілі».
— Фаменка, дзеўбані па тым складзе, што справа! — крыкнуў ён у трубку. Уласны голас паказаўся яму нібы чужым, абяссіленым нейкім, і ён крыкнуў гучней: — Hi хвіліны не марудзіць!