Выбрать главу

Палонных прывялі на камандны пункт.

Баталаў паказваў, што яны не дужа цікавяць яго, хвіліну пазіраў у бок склада, дзе вяла бой шостая рота. Потым павярнуўся і з выглядам чалавека, упэўненасць і спакой якога не можа пахіснуць нават землетрасенне, далікатна кратаючы пальцамі жоўтыя пялёсткі сланечніку, спытаў у высокага даўгатварага афіцэра:

— Дзе ў дэпо штаб вашай часці?

Афіцэр няўцямна і палахліва залыпаў круглымі шэрымі вачамі. Затым, здагадаўшыся, відаць, пра што ў яго пытаюць, з халоднай напышлівасцю адтапырыў сцятыя губы. Рот яго стаў нібы зацягнуты шнурком кісет.

— Караневіч, перакладзі яму.

Камбат невыпадкова звярнуўся да ардынарца. Калі ехалі з Паволжа, баец прастадушна пахваляўся, што ў школе ў яго па нямецкай мове было «выдатна». Пры гэтым з наіўнай шчырасцю дадаваў, што зможа перакладаць паказанні гітлераўцаў, якія (так і казаў) пакідаюць зброю і падымуць свае крывавыя рукі.

— Во іст… штаб ваш? — загаварыў Караневіч, запінаючыся.— Ну, гэта самае… штаб, кажу? — Заўсёды мяккі, дабрадушны твар яго нахмурыўся, стаў злосны.— Ты што, не чуеш?

Афіцэр маўчаў, толькі ледзь-ледзь смыкаў сцятымі губамі. Пажылы, з адутлаватымі шчокамі на шырокім твары мацак, які стаяў узбоч ад яго, хрыпла кашлянуў, нібы прачышчаў горла, і ступіў наперад.

— Калі гер афіцыр дазваляйт, я скаж’ю, дз’е штаб батальён,— загаварыў ён да Баталава, з цяжкасцю вымаўляючы словы. Раптам выпрастаўся, стукнуў абцасамі.— Фельдфебель Фрыдрых Шнеккенбургер…

— Гавары хутчэй,— абарваў яго камбат.

— Там, дз’е…— Фельдфебель запнуўся, пачаў падымаць над галавою і з сілай апускаць сціснутыя ў кулакі рукі, быццам біў імі па чымсьці.

— Кузня? — выгукнуў Баталаў.

— Я-я, кузн’я,— паспешліва пацвердзіў палонны.

— Вызаві Шарафутдзінава! — павярнуўся камбат да сувязіста.

Страляніна ў дэпо, якая на хвіліну была пацішэла, зноў узгарэлася з ранейшай сілай.

— «Волга»! «Волга»! «Волга»! — пачаў паўтараць сувязіст, згорбіўшыся над апаратам.

— Ну што там? — У голасе Баталава пачуліся металічныя ноткі, якія з’яўляліся тады, калі яму даводзілася стрымліваць злосць альбо нецярплівасць.

— Не адказвае «Волга», таварыш капітан, мусіць, лінія…

— Вішняка давай!

— «Днепр»! «Днепр»! Днепр»!.. I гэты маўчыць, таксама лінія, відаць…

— От што, Сярожа.— Камбат моцна сціснуў локаць ардынарца.— Куляй у пятую. Перадай Шарафутдзінаву, што ў кузні — штаб батальёна. Трэба, скажы, абавязкова прабіцца да штаба і закідаць яго гранатамі. Дзейнічай!

Затым загадаў байцам, якія прывялі палонных.

— Гэтага,— паказаў на фельдфебеля,— перадайце капітану Садоўнікаву, астатніх адвядзіце ў штаб палка. А ты, гітлераўскі захопнік,— сказаў да Шнеккенбургера,— цяпер разам з намі паваюеш супраць фашыстаў.

Фельдфебель разгублена, няўцямна ўставіўся на Баталава, пераступіў нагамі ў тупарылых ялавых ботах.

— Толькі не ўздумай назад перабягаць, бо куля дагоніць.

— Найн перабягайт, найн.— Шнеккенбургер шпарка закруціў галавою.— Іх ваяваў рус мінулы война, іх знайт, Расія ваявайт не можна.

Такой размовы з гітлераўцам Баталаў ніяк не чакаў. Паглядзеў на яго з пранізлівай дапытлівасцю, трохі насмешліва: бач, старая ліса, хітраваць уздумаў, спадзяецца што яго крывадушныя хітрыкі нейкую выгаду яму дадуць. А дудкі!.. Узіраўся ў спалоханыя вочы, сіняватыя бялкі якіх былі папярэшчаны чырвонымі пражылкамі, стрымліваючы злосць, але ўсё ж жорстка секануў фельдфебелю:

— Чаму ішоў, калі ведаеш? Чаму, разбойнік, зброю падняў на мірных людзей?

Адразу затым у галаве яго прамільгнула: «Ці, можа, якраз і не хлусіць? Можа, «знайт» сапраўды?» Гэтая думка і збянтэжыла, і нібыта ўзрадавала. Ён махнуў рукой байцам, якія канваіравалі палонных: вядзіце.

3 варот дэпо, прыгнуўшыся і прыціскаючы да грудзей карабін, які вісеў на шыі, выбег Караневіч.

Ардынарац далажыў, што ў дэпо дужа горача. Фашысты кідаюцца ў контратакі, у рукапашныя бойкі. Ён перадаў таксама, што лейтэнант Шарафутдзінаў дзякуе за звестку: а то ўсё ламаў галаву — дзе можа быць штаб?

За складам страляніна пачала суціхаць, і камбат перакінуў адзін узвод шостай роты на дапамогу Вішняку. Неўзабаве і ў дэпо пацішэла.

Пазваніў Шарафутдзінаў, далажыў абстаноўку. Калі ў штабе гітлераўцаў прагрымелі выбухі гранат, адтуль выкінулі белы акравак. Усе, хто ўцалеў ад гранатных асколкаў, здаліся ў палон, а камандзір батальёна застрэліўся. Ліквідацыя штаба дэмаралізавала немцаў, унесла ў іх стан разлад. Супраціўленне іхняе аслабела.