Балючая, як стрываць, жальба сціснула сэрца Баталава. Ён так і застыў, нагнуўшыся над мёртвым лейтэнантам. Яму раптам прымроілася, што на васкова-жоўтым твары зварухнулася ледзь улоўная рыса, якая жыла на ім у тыя шчаслівыя мінуты, калі апантаны юнак што-небудзь расказваў чырвонаармейцам. Погляд Баталава ўпаў на рукі Ярохіна, скрыжаваныя на грудзях. На той, што ляжала зверху, была ледзь бачна бледная сінь татуіроўкі. Баталаў прачытаў: «Люба». Новы прыліў болю быццам токам пранізаў яго.
Павольна, цяжка, нібы праз сілу, выпрастаўшыся, Баталаў зняў пілотку, пастаяў. Потым зноў нагнуўся.
Дастаў з кішэні гімнасцёркі Ярохіна камсамольскі білет, фотаздымак жанчыны з белай хусцінкай на галаве, завязанай пад барадою — маці, відаць. Яму рэзала ў вачах, нібы ў іх трапіў пясок.
Нарэшце ён павёў позіркам па засмучаных тварах.
— Хто прыняў у баі камандаванне ўзводам? — спытаў, не звяртаючыся ні да кога асабіста.
— Я, таварыш капітан.— Поплеч з Караневічам, ступіўшы крок, стаў Ткачоў.— Даруйце, што цывільны чалавек… Не ведаю, як атрымалася — крыкнуў: «За мной!..» Можа, таму, што аднойчы, у фінскую, было так.
— Дзякую, Антон Пятровіч. Як загінуў малодшы лейтэнант?
— Яго параніла ў нагу. Рану перавязалі, а ў гэты час забіла кулямётчыка. Ён лёг за кулямёт. Вёў бой, пакуль побач не разарвалася міна.
— Пахавайце малодшага лейтэнанта Ярохіна з воінскімі ўшанаваннямі.
Баталаў казырнуў, пайшоў у штаб. Недзе недалёка ржалі няпоеныя коні, узбуджанымі галасамі перагукваліся ездавыя. Глуха ляпаў па дрэве малаток — хтосьці, відаць, рамантаваў павозку… Ногі капітана блыталіся ў абарваных правадах, спатыкаліся аб параскіданыя выбухамі снарадаў і мін драўляныя абломкі, кускі цэглы. А ён нічога не чуў, нічога не заўважаў. Усё больш аддаваўся думкам пра наступны бой, мысленна ўяўляў яго.
Ён ужо расстаўляў падраздзяленні — дзе і як яны будуць дзейнічаць. Перад яго вачамі паўставалі то напружана-стрыманы Вішняк, то парывісты, нібы яшчэ больш пасмуглелы за гэты дзень Шарафутдзінаў… Не заўважыў, як упамянуў: «Узвод Ярохіна». Спахапіўся, але не паправіўся, а зноў упарта сказаў сабе так, нібы пацвердзіў што. I зразумеў: для яго гэты ўзвод назаўсёды так і застанецца «ўзводам Ярохіна». Гарэза і летуценнік Ярохін будзе працягваць ваяваць разам з імі.
VIII
«…Камандаванне заспакойвае нас, як маленькіх дзяцей, запэўніваючы, што мы блізкія да перамогі. Гэтая саманадзейнасць абрыдла, бо ўласнымі вачамі салдаты бачаць, што робіцца…»
(3 пісьма яфрэйтара 8-й пяхотнай дывізіі германскай арміі Конрада Думлера брату. Ліпень 1941 года).
«…Месяц на Усходнім фронце для мяне не прайшоў дарэмна. Я пераканаўся, што вайна супраць Расіі кепска для нас скончыцца. Мы напалову яе ўжо прайгралі».
(3 пісьма салдата 8-й пяхотнай дывізіі германскай арміі Карла Крафта да бацькоў. Ліпень 1941 года. «Паведамленні Савецкага Інфармбюро». Масква, 1944. Т. 1, стар. 103).
Гэтыя пісьмы, якія затрымала фашысцкая цэнзура пры 8-й пяхотнай дывізіі германскай арміі, знойдзены ў захопленай нашымі часцямі нямецкай палявой пошце.
IX
Неба на захадзе западала — успыхнула барвовая вячэрняя зара. Аднак паветра яшчэ было душнае. Дыхалася цяжка.
Немцы стаіліся за тоўстымі цаглянымі сценамі, за касякамі варот і ў праёмах вокнаў Паўднёвага дэпо. Чырвонаармейцы залеглі за рознымі службовымі збудаваннямі, насыпамі тупікоў. На потных тварах, пакрытых чырванаватым цагляным пылам, застыла трывожнае напружанне. Стаяла знямелая цішыня, толькі зрэдку тонка і злосна высвіствалі кулі ад адзіночных стрэлаў.
Баталаў папытаў у капітана Садоўнікава, ці няма ў паведамленнях камандзіраў рот аб гатоўнасці да наступлення якіх разыходжанняў з планам, што прапанаваў штаб. Пачуў у адказ катэгарычнае «няма», сказаў сувязісту, каб выклікаў Шарафутдзінава.
Лейтэнанту Шарафутдзінаву ён загадаў адным словам:
— Пачынай!
Камандзір роты сурова глянуў на фельдфебеля Шнеккенбургера, які сядзеў у кутку паўпадвала на цэментнай падлозе, падкурчыўшы пад сябе тоўстыя ногі.
— Пачнём, Фрыц.