Выбрать главу

— Калі мы, Мікалай Пятровіч, выб’ем праціўніка з другого сектара, то з першага, хутчэй за ўсё, ён сам дасць драпака. Пабаіцца акружэння,— растлумачыў камбат.

— Можа, так, а можа, і не,— запярэчыў Садоўнікаў.— Мы аслабім роту Гарнагі, а немцы ж не дурні, адразу адчуюць гэта і наваляцца на яе. Контратакуюць. Вы не дапускаеце такога?

— Дапускаю, аднак Шарафутдзінаў тым часам усё роўна авалодае другім сектарам. Нават калі шостая і адыдзе крыху — для нас нічога страшнага ў гэтым не будзе. Мы тады з другога сектара прарвёмся ў першы, а адтуль, з тылу ўжо, ударым па тых, што будуць контратакаваць.

Баталаў закурыў, у бінокль назіраў за боем. Прагна глытаў махорачны дым. Бачыў, як адчайна чырвонаармейцы шпурлялі гранаты, кідаліся ў атаку скрозь вогненны шквал, як многія падалі і не падымаліся. Яго нібы паліла агнём.

Хмарамі ўзнімаліся ўгору пыл і дым. Вакол будынка Дэпо паўздыбліваліся перабітыя рэйкі, вывернутыя з зямлі шпалы. Чырвонаармейцы прабіраліся перабежкамі, стараючыся схавацца ў пыле і дыме.

Зусім нізка прасвістала міна. Жалезны свіст яе як пракалоў грудзі і ўпаў на зямлю, патануў у громе выбуху.

Баталаў азірнуўся: дзе яна разарвалася? На яго камандна-назіральны пункт прыстрэльваецца фашыст, ці што?

Над другім сектарам дэпо ў прыцьмелае неба ўзляцела чырвоная ракета. Яна яшчэ не згасла, як над першым сектарам успыхнула зялёная. Падраздзяленні праціўніка падавалі ненкія знакі, «перагаворваліся». «Што яны задумалі? Што там у Шарафутдзінава?» — насцярожыла Баталава трывога. Але калі праз хвіліну ён загаварыў у трубку, голасам не выдаў сваю ўстрывожанасць, Ведаў, яна можа перадацца іншым, а гэта карысці не прыносіць — толькі шкоду.

— Шарафутдзінаў, далажы абстаноўку,— сказаў стрыманым роўным тонам. Пальцы міжвольна моцна прыціскалі клапан трубкі.

Выбух ірвануў збоку зусім блізка. Ён заглушыў голас Баталава і камбату падалося, нібыта ён не сказаў, а толькі падумаў: «Добра, ні на мінуту не аслабляй націск! Hi на мінуту!»

Прыўзняўся з акопа — паўз скроню тонка свіснула. Недзе блізка пачуўся жаласны здушаны стогн: «Ой!

На пуцях невядома адкуль з’явіўся куцехвосты нямецкі біцюг. Пераскокваў цераз варонкі, шалёна нёсся. Кінулася ў вочы, як разляталася яго вогненна-рыжая грыва. Конь раптам спыніўся, быццам ударыўся магутнымі персямі аб нябачную перашкоду, узвіўся на дыбкі і рухнуў на рэйкі. На хвіліну стала ціха. Раптоўная цішыня паказалася нейкай дужа пагрозлівай. У ёй як бы таілася штосьці злавесна-нябяспечнае.

Яе абарвалі глухія кулямётныя чэргі: дрр! дрр! Яны раскаціліся ў будынку дэпо. Затым дружна бабахнулі вінтоўкі, затрашчалі аўтаматы, забухалі гранаты. Усё гэта змяшалася, ператварылася ў суцэльны абвальны грукат. 3 шырокага праёма акна пацягнуўся дым, пачалі вырывацца языкі полымя.

Кожная хвіліна цяпер для Баталава разрасталася, неймаверна доўжылася. Але калі гітлераўцы сталі выскокваць праз вокны і разбягацца ў розныя бакі, яму наўздзіў падалося, што бой толькі ж пачаўся.

— Ну, Шарафутдзінаў! Не чалавек — бог маланкі і грому.— У гэтым узнёслым воклічы камбата было нешта большае, чым радасць. Каму ён сказаў? Нікому, так проста выказваў сваё пачуццё. Не — і нікому, і ўсім, хто чуў яго. А ў першую чаргу — дык нібы самому сабе… Узнікла мімалётнае пачуццё нязвыклай лёгкасці, якое нарадзіла той вокліч ці, можа, само нарадзілася ім.

К вечару дэпо было ачышчана ад гітлераўцаў.

Штаб батальёна асталяваўся ў двух невялікіх сумежных пакойчыках (то, відаць, была нейкая кантора) у другім сектары. Баталаў далажыў маёру Вайнтраўбу пра выкананне баявой задачы, пра страты байцоў і ўзбраення. Расшпіліў каўнер гімнасцёркі, сеў да стала, на якім цьмяна гарэў зроблены з гільзы саракапяткі газнік. Сказаў капітану Садоўнікаву, каб сабраў у падраздзяленнях звесткі пра байцоў і камандзіраў, якія вызначыліся ў баях. Хвіліну падумаў.

— I вось што, абавязкова складзі рэляцыі пра баявыя подзвігі малодшага лейтэнанта Ярохіна і Антона Ткачова. Ты, Мікалай Пятровіч, згодзен, пярэчанняў ніякіх у цябе няма?

Расчыніліся дзверы з суседняга пакоя, у праёме паказаўся Караневіч.

— Таварыш капітан, камандзір палка на провадзе.— Ардынарац пазіраў так, нібы толькі што перажыў нейкую шчаслівую падзею. Вочы яго свяціліся.— Паклічце, кажа, Фёдара Аляксеевіча.

Баталаў і Садоўнікаў пераглянуліся. Што яшчэ спатрэбілася маёру? Толькі што ж размаўлялі — і зноў паклічце. Ды як сказаў! «Фёдара Аляксеевіча».

Камандзір палка паведаміў, што камкор Пятроўскі перадае ўсім воінам батальёна і камбату асабіста падзяку.

Вялікае акно, каля якога стаяў стол, было завешана шэрай салдацкай коўдраю. Баталаў крыху адхінуў коўдру. Высока ў небе рассыпаліся мігатлівыя зоркі, а сярод іх блішчэў чысцюткі вясёлы маладзічок. Капітан доўга пазіраў на яго, нібы хацеў запомніць на ўсё жыццё. Потым павярнуў галаву да ад’ютанта старшага.