— Пазвані, Мікалай Пятровіч, у падраздзяленні — хай там раскажуць пра падзяку камкора байцам.— Сам засяроджана і радасна падумаў: «За наступленне!..»
Думка гэтая з мінуту ўстойліва трымалася ў яго свядомасці.
Цяпер, калі ўжо не трэба было камандаваць боем, неверагодным напружаннем шукаць тактычныя рашэнні, весці батальён у атакі і на штурм,— цяпер ён мог падумаць пра ўсё, што адбылося за дзень, усё ўзважыць і асэнсаваць. Памяць нетаропка пачала нагадваць яму падзеі, эпізоды. Ён зноў перабіраў ва ўспамінах усё спачатку. Раненне Вішняка? Цяжка было ў такім стане Вішняку весці роту, цяжка… Смерць Ярохіна? Сэрцу балюча — яно інакш, чым розум, успрымае страты, сэрцу нічога загадаць нельга. Але ж паміраюць навек толькі тыя, пра каго забываюць людзі… Той дзікі енк гітлераўца на полі бою?.. Палонныя?.. Так, гэта — праяявы…
Аднак кожны раз у тых згадках-паўторах нібыта выпадалі нейкія дэталі, нюансы, і яны ўжо бачыліся ў чымсьці не зусім такімі, як ён успрыняў іх непасрэдна зрокам і слыхам. Ён не тое што неўпрыкмет звыкаўся з імі, не. Яны як бы штосьці страчвалі ў сваёй вастрыні. Але чаму? Ці не таму, што памяць упарта і зацята шукала яшчэ нешта? Тое «нешта» даймала яго глухой, пагрозлівай трывогай, ды было яно быццам прыкрытае чымсьці каляным і шчыльным, з-пад чаго ніяк не магло прабіцца, каб праясніцца. Дык што ж? Можа, паядынак з танкамі?.. Баталаву адразу яскрава пабачыліся шырокія бліскучыя тракі. Як яны страшна трушчылі дашчаны тратуар і няўмольна паўзлі на яго, паўзлі… Гэта?.. Не… Але ж — танкі… A-а, уцякач! Выскачыў з акопа і вунь як даў лататы!
Цяпер ужо Баталаў ясна зразумеў: іменна гэтае так учэпіста захапіла яго пачуцці. Хто той баязлівец, што кінуў зброю, у баі здрадзіў сваім таварышам? А калі не адэін ён?..
Камбат прайшоўся па пакойчыку, сеў за стол. Загадаў выклікаць уцекача.
Ён чакаў, пакуль той прыйдзе, і хацеў уявіць, як будзе размаўляць з ім. Закрычаць на яго? Стане сварыцца, распякаць? Ці, можа, возьмецца ўшчуваць, растлумачваць яму ганебнасць яго ўчынку, даводзіць, што бегства з поля бою — злачынства?.. Дык усё ж — як?.. Ён адчуваў нейкую дзіўную збянтэжанасць і не разумеў, адкуль яна бралася.
А ішла яна вось з чаго: ён ніколі не думаў, што яму давядзецца гаварыць пра гэткую ганебнасць, што ў яго батальёне можа быць падобнае. Нават і блізка не трымаў у галаве такога. I не таму, што быў бяспечна самаўпэўнены — проста не прыходзіла яно ў свядомасць, як не прыходзіць усякаму маральна здароваму чалавеку хваравітае сумненне ў людзях.
Уявіць сваю размову з уцекачом ён так і не змог. Раззлаваўся: «Вазьму — і пад трыбунал яго, каб іншым была навука. Яшчэ галаву ламаць з-за нягодніка. Што заслужыў, тое хай і агрымлівае…» Аднак узрушанасць яго не ўтаймоўвалася.
Ён схіліўся над картай. Ледзь-ледзь пераводзіў позірк ад аднаго тапаграфічнага знака да другога, лёгенька шкрабаў пальцам скроню, як заўсёды рабіў гэта ў роздуме. Тое, што ён пабачыў на карце, не суцяшала яго. На шляху далейшага наступлення батальёна была велікаватая паласа блакітных рысак з кусцікамі — балота, парослае рэдкім хмызняком. Упоперак балота пераразала рэчка.
3 аднаго боку — дык быццам яно было і няблага: варожыя танкі не пройдуць там. Але ж як самому наступаць?..
I флангі… Крыху адсталі ж суседзі. Не падвядуць?
Сумнення, што першы і трэці батальёны таксама выканаюць сваю задачу, у Баталава не было: усе яны — адной вывучкі. Выхаванцы Пятроўскага, Факанава… Тым не менш спатрэбілася некалькі мінут напружанага роздуму, каб зразумець, што трывога гэтая, раптоўна паўстаўшы, зыходзіла са значна большага, чым клопат пра выкананне баявой задачы батальёнам. Яна ішла з турботы пра ўсё наступленне. Як там на флангах корпуса? Флангавыя ўдары гітлераўцаў вунь як паспрыялі ім у гэтыя трагічныя першыя тыдні вайны. Неспадзяваныя перамогі ворага сеюць паніку схрод чырвонаармейцаў. Вялікую паніку…
Вывеў яго з роздуму нясмелы хрыплаваты голас.
— Дазвольце зайсці, таварыш капітан.
— Заходзьце,— кінуў Баталаў, усё яшчэ не адрываючыся ад карты.
— Дазвольце далажыць, таварыш капітан, па вашым выкліку з’явіліся.
Ён падняў галаву і здзівіўся: перад ім стаялі баец шостай роты кулямётчык Кірычэнка і яго другі нумар Дудка.
— Karo я выклікаў?
— Вось яго,— паказаў Кірычэнка вачамі на Дудку.
Баталаў упіўся насупленым позіркам у шчуплую нехлямяжую постаць. «Дык от хто ўцякач!»