Выбрать главу

Міны прастрачылі траншэю, якая расцягнулася па пакатым узгорку зялёнай ваколіцы, якраз калі немцы падбягалі туды. Яны стушаваліся, закруціліся, быццам трапілі ў нейкі вір. Адны беглі немаведама куды ўздоўж траншэі, другія паварочвалі і ачмурэла кідаліся назад, насустрач чырвонаармейцам, трэція падалі на зямлю і адстрэльваліся, ссякаючы кулямі таксама тых сваіх, якія апынуліся наперадзе ў іх.

Мінамёты Атаманчука змоўклі, калі страляць нельга было, бо ўзнікла пагроза паражэння сваіх — чырвонаармейцы былі ўжо блізка ад паласы абетрэлу. Разрываліся rpaнаты, трашчала аўтаматная і вінтовачная пальба.

Суха грымнула граната. Выбух раскідаў гітлераўцаў, якія беглі, збіўшыся ў купку. Адзін, быццам баронячыся, ускінуў угору рукі і, апусціўшы іх на галаву, рухнуў наўколенцы. Другі падаў адкінуўшыся назад, схапіўшыся рукамі за бок. Трэці, доўгі, без каскі, неяк недарэчна падскочыў і крутнуўся, нібы хацеў нешта пабачыць ззаду…

На правым флангу, дзе чырвонаармейцы амаль падбеглй да траншэі, ударыў нямецкі станкач. Кінжальным агнём. Усе як скошаныя пападалі на дол.

Секунда, другая… На міг шквал смертаноснага ліўня як бы паслабеў. I тут усхапілася каржакаватая масіўная постаць. «Галаўчэня-Шакірзянаў!» — пазнаў камбат. Што адбылося раней: ці кулямёт секануў па сяржанту, ці сам Галаўчэня-Шакірзянаў упаў, каб уберагчыся ад куль, Баталаў не ўлавіў. Толькі падсвядома адзначыў, што немец даў кароткую чаргу і больш не абзываўся. Сяржант, відаць, паспеў у адказ яму паслаць некалькі куль са свайго аўтамата.

Баталаў апусціў бінокль. Па яго запыленай шчацэ цёк тонкі струменьчык поту.

Чырвонаармейцы дзе падбягалі да траншэі, дзе пераскоквалі ўжо цераз яе. Разам з усімі з пісталетам ва ўзнятай руцэ сігаў лейтэнант Гарнага. Ён абганяў байцоў, яго таксама абганялі, забягалі яму наперад. Нехта побач з ім захістаўся з боку ў бок. Ён падхапіў яго левай рукой, прыхінуў да сябе. Падаспеў санінструктар, лейтэнант перадаў яму раненага і пабег даганяць роту.

Яшчэ мінут дзесяць, доўгіх дзесяць мінут, цягнуўся бой. Батальён расцякаўся па вуліцах вёскі.

Сонца садзілася за гарызонт. Страляніна пачала сціхаць. Але то ў адным, то ў другім канцы вёскі яшчэ час ад часу чуліся ўзрывы гранат. Чырвонаармейцы выкурвалі гітлераўцаў, якія папрытойваліся ў бліндажах і зямлянках.

Баталаў зняў каску, глядзеў на вёску. «Вось і яшчэ адзін куточак нашай зямлі лёгка ўздыхне».

— У цябе не знойдзецца чым горла прамачыць?»— спытаў камбат у ардынарца.

Караневіч зняў з рэменя абшытую сукном шкляную салдацкую біклажку, адвінціў каўпачок і падаў яе камбату.

— Запаслівы заўсёды багаты,— пажартаваў капітан.

Вада ў біклажцы нагрэлася за дзень, была непрыемная, цёплая. Баталаў глынуў разы два, вярнуў Караневічу біклажку і пакіраваўся ў вёску. Ступаў цвёрда, на ўсю шырокую падэшву сваіх кірзавых ботаў.

На палявой дарозе, сярод паніклага да зямлі пачарнелага ад пылу і дыму жыта, на вытаўчаных бульбяныХ загонах — усюды зеўралі варонкі, валяліся параскіданыя шэра-зялёныя шынялі, рудыя ранцы з цялячай скуры, каскі, зброя і боепрыпасы, у розных, часам неверагодных, позах ляжалі забітыя. Каля абгароджанай плотам сядзібы крайняй хаты камбат пабачыў у акопе нямецкі буйнакаліберны зенітны кулямёт. На кулямёце дагары завіс кулямётчык з прастрэленай галавой. Застылыя вочы яго блішчалі цьмяным шкляным бляскам. Яны пазіралі страшна, жахліва.

Перш-наперш Баталаў высветліў, дзе размясціўся санітарны ўзвод.

— Я — у санітарны,— сказаў капітану Садоўнікаву.

На вуліцы ён падышоў да калодзежа. Апусціў у яго акутае жалезнымі абручамі драўлянае вядро, зачэрпнуў ваду. Разы са тры моцнымі рыўкамі тузануў угору вочап. Паставіў цэбар на калодзежны зруб, крыху нахіліў, прагна прыпаў сасмяглымі губамі да краю халоднай клёпкі. Вада цякла па барадзе, а ён піў і піў без перадыху. Доўга, пакуль нарэшце наталіў смагу. Адарваўшыся ад цэбра, шумна выдыхнуў паветра, гукнуў Караневічу:

— Палі-ка.

Закасаў рукавы гімнасцёркі, падгарнуў каўнер. Склаў коўшыкам далоні, падставіў іх пад халодны струмень. Плёхнуў поўныя прыгаршчы на твар і аж крэкнуў, сцепануўся ўсім целам. Потым плёхаў яшчэ і яшчэ.

Да калодзежа прыходзілі чырвонаармейцы. Налівалі ў вёдры ваду, неслі ў ацалелыя пасля бамбёжкі двары. Па вуліцы ехалі кухні, абознікі везлі снарады і міны.

А ён заспяшаўся ў санітарны ўзвод.

Раненых было многа. Яны занімалі ўсю вялікую хату-пяцісценку. Тыя, што не ўмясціліся ў хаце, ляжалі на насілках у двары ля гародчыка з кустамі бэзу. Каля крайніх насілак Баталаў прыпыніўся. Быццам не верачы сваім вачам, пазіраў на знаёмы шырокі твар. Яго ўразіла, які ён быў бледны, гэты абветраны твар — ні крывінкі. I з языка ледзь не сарвалася: «Ты, сяржант?»