Выбрать главу

Галаўчэня-Шакірзянаў паварушыў вуснамі, але голасу яго не пачулася. Вялікія вочы расплюшчыліся шырэй. Ён павёў імі па вецці бэзу, на якім нібы застыла бліскучае лісце, і ўтаропіў позірк у пацямнелае неба. Пра што ён у тую апошнюю мінуту думаў?

Камбат нічога не сказаў яму. Не паспеў. Бледны твар сяржанта ў адзін момант стаў вельмі спакойны, галава ненатуральна завалілася набок.

Сэрца моцна таўханулася Баталаву ў грудзі і хліснулі болем. Усярэдзіне стала дранцвець. Ён прыклаў руку да грудзей, пастаяў так хвіліну, павярнуўся і пайшоў з двара.

Вокны некаторых хат свяціліся цьмянымі агнямі. Баталаву нечакана закарцела даведацца, што там, за гэтымі вокнамі, за гэтымі сценамі? Што робяць, што гавораць там людзі?

Ён ведаў: з даўніх часоў золкія дажджы і лютыя сіверы варожых навал хвасталі Белую Русь. Народ, які жыве на гэтай зямлі, спаўна зазнаў на вяках ліхалецця, гора і крыўды. Людзей забівалі і калечылі бязлітасныя прышэльцы, палеткі і нівы тут набрынялі крывёю… Яму роспачна падумалася, што цяпер бы людзям гэтым жыць і жыць уволю, дык во ж зноў насунулася гібельная здань жахлівай вайны…

Па вуліцы, зачапіўшы повад на рогі, вяла карову напалоханая — круціла галавою, трывожна азіралася па баках — жанчына. Недзе на загуменні ляскалі калёсы.

Справы клікалі Баталава ў штаб, і ўсё ж ён накіраваўся да першай, што трапіла яму на вочы, хаты. Баявая ахова размясцілася ў акопах другой лініі абароны немцаў, якую яны таксама пакінулі. За вёскай. Частка чырвонаармейцаў адпачывала ў хатах.

Рыпнуў пад нагамі ганак. Забразгацела клямка, віскнулі завесамі дзверы ў сенцах.

У хаце за сталом сядзелі пажылая жанчына і чацвёра чырвонаармейцаў. На стале стаялі дзве міскі. Адна — напоўненая даверху бульбай-тоўчанкай, другая — з сыраквашай. У руках у байцоў былі лыжкі, але вячэра, відаць, яшчэ не распачалася. Пабачыўшы камбата, чырвонаармейцы паўскоквалі з лаўкі і табурэтак. Ён махнуў ім: сядзіце-сядзіце. Жанчына пазірала на яго ўважлівымі вачамі, якія неспакойна жылі на прадаўгаватым памаршчыненым твары. Запрасіла іх з Караневічам за стол. Яны селі. Байцы налеглі на яду. Баталаў таксама пачаў чэрпаць. За дзень ён добра выгаладаўся.

Гаспадыня не вячэрала. Чырвонаармейцы ўміналі пачастунак, а яна ўсё запрашала іх, прыгаворваючы:

— Ежце, сыночкі, вячэрайце добра…

Змоўкла, калі едакі ўжо шкрабалі лыжкамі па дне. Прыгорбіўшыся над сталом, пачала задумліва пазіраць на свае парэпаныя, чорныя ад зямлі і працы пальцы. Пазірала так, быццам пабачыла іх упершыню. Потым зноў паглядзела на ўсіх. Вочы, якія пацяплелі былі, калі чырвонаармейцы вячэралі, цяпер пакрысе тухлі, станавіліся журботнымі.

Баталаў адвёў ад яе позірк, чамусьці паглядзеў, як на камінку, атухаючы, зіхала вуголле, рушыў да дзвярэй.

На вуліцы ён павярнуў яшчэ ў адну, суседнюю, хату. Што там ён пабачыць, што пачуе?.. Нявесела пажартаваў з сябе: «А можа, ты, бульбы наеўшыся, на яечню цяпер спадзяешся?»

Там чырвонаармейцы рассцілалі шынялі, збіраліся класціся спаць. Сухарлявая прыгорбленая старая, нямогла шоргаючы па падлозе стаптанымі абрэзнямі ад ботаў, падавала ім пад бакі і пад галовы розную старызну. Аб яе ногі, выгнуўшы доўгую спіну, цёрся вялікі шэры кот.

На прывітанне Баталава жанчына моўчкі кіўнула галавой і цяжка ўздыхнула. У грудзях яе захрыпела. Быццам пад горлам засела рыданне. Баталаў паглядзеў на яе пільна, са спагадлівай трывогай.

Чырвонаармейцы, відаць, заўважылі яго насцярожанасць. Нехта з іх азваўся з прыцемненага кутка:

— Немцы бабчынага дзеда застрэлілі, таварыш капітан. Пайшоў увечары за хлеў, дык яны з аўтамата.

Хрыплаваты голас падаўся камбату знаёмым. Баталаў прыгледзеўся — пазнаў чырвонаармейца: Дудка.

Старая падала Дудку вялікую, мусіць, дзедаву, ватоўку. Ён узяў яе, працягнуў Кірычэнку. Той буркнуў:

— Сцялі і кладзіся.

Хата была нядаўна, відаць, пабелена. На сцяне, што ад вуліцы, віселі зашклёныя, розных колераў рамкі з фотакарткамі. Покуць займала вялікая ікона, на якой святы, што сядзеў на ўздыбленым кані, нацэліўся пікай у разяўленую пашчу дракона. Баталаў абвёў нетаропкім позіркам хату, нібы ўсё, што збіраўся пабачыць там, хацеў запомніць навек, каб у іншых, звычайных умовах чалавечага жыцця, калі надыдзе непазбежная часіна ўспамінаў і пераасэнсавання перажытага, прыгадаць як нейкую часцінку і ціхамірнага, светлага побыту людзей, і іхняга вялікага гора.

— Так, адпачывайце,— як загадаў байцам. А выходзячы з хаты, зусім не па-вайсковаму сказаў: — Спакойнай ночы.