Выбрать главу

Ён сказаў і адчуў: гэтыя словы ўскалыхнулі ў ім штосьці даўняе і паўзабытае, з самага дзяцінства. 3 тых далёкіх гадоў, калі, вярнуўшыся з бацькам з мылаварнага завода, дзе працаваў падручным, і павячэраўшы запраўленай алеем бульбай, ён у знямозе падаў на рыпучы палок і, адразу засынаючы, гаварыў іх сваёй добрай, ціхай маці.

…Ён крочыў да штаба так шпарка, што Караневіч ледзь паспяваў за ім.

XI

«Добры дзень, мае дарагія. Вось выдалася вольная хвіліна, і я ўзяўся за аловак. У мяне заўсёды, як напішу пісьмо, дык быццам пагаварыў з вамі. I з табою, Шура, і з дзецьмі. Растуць яны, слухаюць цябе? Скажы ім, што я вельмі хачу, каб яны раслі добрымі. У тым жыцці, якое настане пасля вайны, людзі будуць сумленнымі і справядлівымі. На зямлі будзе так, як вучыць Ленін, а не так, як хацелася б душагубу Гітлеру. Наша ленінская праўда мацней самых моцных гармат. I яшчэ скажы ім, што за мяне, свайго бацьку, яны ніколі не пачырванеюць.

Як ты, родная Шура мая? Як здароўе?Мы, я пicaў ужо табе, наступаем. Б’ём фашыстаў моцна. Ты пытаеш, чаму я пішу пра сваіх таварышаў і нічога не расказваю пра сябе. А што пра сябе расказваць? Ваюю як усе. Вось так, дарагая мая.

Канчаю. Ардынарац Караневіч паставіў ужо на стол кацялок з гарачым супам і лыжку ў рукі суне. А ад яго не адчэпішся. Усіх вас абдымаю і цалую».

(Пісьмо Баталава жонцы Аляксандры Міхайлаўне).

«Баталаў асабіста павёў батальён уперад. Фашысты зрабілі шэсць агнявых загараджальных налётаў па батальёне, але байцы не дрогнулі. Усе смела ішлі за сваім мужным камбатам».

(3 награднога ліста аб прадстаўленні Ф. А. Баталава да прысваення яму звання Героя Савецкага Саюза).

«…Немцам (у раёне Жлобіна і Рагачова) былі нанесены вялізныя страты. Толькі адна часць тав. Баталава, цяпер Героя Савецкага Саюза, знішчыла пад Жлобінам і ў вулічных баях больш як чатыры тысячы фашысцкіх салдат і афіцэраў».

(Генерал-маёр I. Беразоўскі. «Красная звезда», 27 жніўня 1941 года).

XII

У штабе Баталаў унутрана падцягнуўся. Усе, хто быў там, гледзячы на яго, таксама сталі больш сабранымі, пастражэлі. Чакалі, што скажа камбат.

Заўтра — зноў наступаць. Выбіць немцаў яшчэ з дзвюх вёсак — Прыдарожжа і Заваднай. Вёскі гэтыя, калі глядзець па ходу чыгункі на Бабруйск, размяшчаліся ад Заграддзя па правы бок. А ўсе тры яны як бы ўтваралі раўнабедраны трохвугольнік. Заняўшы Заграддзе, батальён абышоў Прыдарожжа, вёска засталася ўбаку і крыху ззаду. Дык як яму цяпер трэба наступаць?

Ад’ютант старшы батальёна капітан Садоўнікаў выказаўся, што спачатку неабходна заняць Завадную. У Прыдарожжы тады праціўнік будзе з трох бакоў адрэзаным. Канчаткова лавушку яму зачыніць трэці батальён, які наступае паўночней, уздоўж шасэ Жлобін — Бабруйск. Калі ж наступаць спярша на Прыдарожжа, то давядзецца ісці па балоцістай нізіне, якую перасякае рэчка Беліца. А нізіна ўся прастрэльваецца з Заваднай.

Довады Садоўнікава былі слушныя. Аднак у Баталава знайшліся іншыя, не менш важкія. Калі рушыць на Завадную па сухім, гэтым, левым бокам чыгункі, то ніяк не мінеш Малевічаў. Давядзецца спачатку адтуль выбіваць гітлераўцаў, не будзеш жа чакаць, пакуль гэтае «сваё» зробіць сусед, які прыадстаў недзе. А калі на правы бок чыгункі прарвацца адсюль, з Заграддзя, усё роўна трапіш на тое самае балота. Дык у гэтым месцы на балоце батальён апынецца недалёка ад тых жа Малевічаў. Тады па ім гітлераўцы адначасова будуць смаліць і з Малевічаў, і з Заваднай.

— Ведаеш, Мікалай Пятровіч, чалавеку заўсёды лягчэй прымусіць сябе рабіць тое, у што яму хочацца верыць,— сказаў камбат, памаўчаў і дадаў: — Адзіна правільнае рашэнне мы зможам прыняць тады, калі будзем мець звесткі пра сілы і агнявыя сродкі праціўніка ў Малевічах і ў Заваднай.— Ён адышоўся ад Садоўнікава крокі на тры, павярнуўся і спыніўся.— Чаго ты такі хмурны сёння — настрой паганы? Дык жа з паганым настроем нават з хаты выходзіць не варта, а не тое што наступаць,— вырвалася ў яго. Гэта быў адгалосак той нервовай і напружанай унутранай работы, якая ішла ў ім самім.

Садоўнікаў курыў. Доўгімі глыбокімі зацяжкамі.

— Так, Фёдар Аляксеевіч, нам неабходна раздабыць гэтыя звесткі. Нельга ўсляпую…

Яны вырашылі, што трэба ўзмоцненай групай — можа, і ў бой дзе давядзецца ўступіць — правесці разведку.

Узначаліць групу падахвоціўся камандзір узвода сувязі лейтэнант Церабіленкаў. Парторг неаднойчы ўжо рваўся ў якую-небудзь гарачую справу, але камбат нязменна адказваў яму: «Прыйдзе час — сам пашлю». Цяпер нарэшце выпадак такі надарыўся.