Выбрать главу

Найперш разведчыкі павінны былі выявіць агнявыя кропкі ў Заваднай. Група цішком перабралася насупраць Загараддзя праз чыгунку і накіравалася вузенькай паскай сухадолу паўз балота. На подступах да Заваднай чырвонаармейцы пачулі ў кустах падазроны шорах. Вецер? Не, вецер слабы, ад яго так шамацець не будзе. Нехта ёсць там… Стаіліся. Той «нехта» таксама стаіўся. Немцы? Не падобна. Яны ці аклікнулі б, ці секанулі б з аўтаматаў. Што рабіць, чакаць, пакуль зноў заварушыцца, каб дакладна прыкмеціць, у якім месцы? Але ж у кароткую летнюю ноч дарагая кожная хвіліна…

— Ану выходзь! — напаўголаса пагрозліва закамандаваў Церабіленкаў.

— Дзядзечка, не страляй,— пачуўся танклявы дзіцячы голас. 3 кустоў да разведчыкаў падышоў хлапчук.

— Ты хто?

— Міцька я.— Ён адказаў і, зразумеўшы, відаць, што гэтага мала, таропка дадаў: — Лагунец Міцька, з Заваднай.

— Куды ідзеш поначы?

— Да вас, пра немцаў расказаць. Я пад вечар бегаў па вуліцы, сабачку шукаў — збег некуды быў,— дык бачыў, дзе ў іх кулямёты і гарматы стаяць.

— Хто цябе паслаў?

— Ніхто, я сам. Мамка б не пусціла, калі б сказаў ёй, дык я падмануў, што на двор трэба.

— А як заб’юць?

— Яны спяць. Пад’елі, на губным гармоніку пайгралі і дрыхнуць. А я тут сцежку ведаю.

— Ну, вось што, Лагунец Міцька, пакажы нам сцежку і марш дадому. Ваяка знайшоўся.

— Дык сцежка ж не да гармат і кулямётаў, яна да вёскі толькі. А там агародамі трэба, паўз наш ячмень, паўз лён цёткі Соні.

— Во-во, раскажы, як і куды трэба ісці. Толькі пастарайся нічога не прапусціць. Нічога — разумееш?

Хлапчук, спяшаючыся і заікаючыся ад хвалявання, расказаў, што ў канцы вуліцы, паміж хатамі дзеда Мікалая і дзядзькі Максіма стаяць аж тры гарматы. Бліжэй сюды, ад хаты дзеда Мікалая, ён бачыў дзве зямлянкі, з якіх дулы кулямётаў тырчаць. Сабачка якраз там паўз бульбоўнік шуснуў. Немцы ў яго ламачыну запусцілі, а яму, Міцьку, папругай па плячах урэзалі. Яшчэ два кулямёты стаяць каля хлява цёткі Арыны, іхняй суседкі. Ён іх бачыў, як за свой хлеў выбягаў.

Церабіленкаў распытаў у хлапчука пра балота. Ці грузкае яно, ці можна па ім прайсці.

— Можна. I людзі ходзяць, і каровы,— забыўшыся, што трэба гаварыць ціха, усклікнуў Міцька. Спахапіўся, зашаптаў: — Паміж купін ходзяць. Мы там у жмуркі гулялі, я ў адным толькі месцы, каля рэчкі, праваліўся. Дык па пахі мне было.

— Добра, Міцька, дзякуй табе. Цяпер асцярожненька прабірайся дадому. Абавязкова, чуеш? Мы з табой яшчэ пабачымся, калі ў вашу вёску прыйдзем.— Лейтэнант узяў хлапчука за плечы, павярнуў тварам да Заваднай, але затрымаў.— Не, ты мне вось яшчэ што скажы: не страшна табе было ў такую цемру ісці да нас?

— Страшна,— прызнаўся Міцька.

— Дык чаму ж пайшоў?

— А ў мяне брат Хведзька ў Чырвонай Арміі лейценантам. Вы ж нашы…

— Дзякуй табе, малец, дзякуй, ідзі.— Церабіленкаў лёгенька падштурхнуў Міцьку.

Постаць хлапчука пачала растварацца ў змроку. Але дзіўна: Церабіленкаву падалося, што, адыходзячы далей, яна большала, як бы расла на вачах.

Немцы ў Заваднай адчувалі сябе спакойна. Яны, відаць, былі ўпэўнены, што дабрацца да іх можна толькі праз Малевічы, таму не праяўлялі асаблівай пільнасці. Разведчыкі, як і раіў Міцька Лагунец, падбіраючыся нізамі, агародамі, аблазілі ўсю вуліцу, што цягнулася наўсцяж балота. Акрамя таго, пра што гаварыў хлапчук, яны выявілі некалькі дзотаў і мінамётных установак.

Можна было вяртацца. Але ж яшчэ —Малевічы… Што там?

Група падабралася да вёскі, залегла за невялікім узгоркам. Чакаць, пакуль у вёсцы што-небудзь праявіцца, давялося не доўга. Далекавата, ледзь-ледзь чуваць было, гулі маторы. Неўзабаве па вуліцы, якая пралегла да чыгуначнага пераезда, цёмнымі жукамі папаўзлі два грузавікі. Не даехаўшы крыху да таго месца, дзе стаілася засада, яны спыніліся. Прагучала нямецкая каманда, у кузавах заварушыліся, пачалі ўставаць салдаты. Праз хвіліну яны будуць саскокваць на дол.

Рашэнне ў лейтэнанта Церабіленкава выспела імгненна. Два ручныя кулямёты, чатыры аўтаматы — гэтага дастаткова, каб узняць перапалох. А ўзняць яго трэба было: няхай праціўнік думае, што менавіта на Малевічы рыхтуецца наступленне…

Ударылі дружна. Гітлераўцы сыпанулі з кузаваў. Адзін грузавік развярнуўся і, раўнуўшы маторам, ірвануў назад. Другі загарэўся. Агонь хутка набіраў сілу, усё далей наўкола адкідаючы цемру. Цяпер неабходна было адыходзіць.

Разведчыкі перабеглі ў той самы хмызняк, у якім сустрэлі хлапчука. Пачалі назіраць, адкуль і з якой зброі немцы адкрылі пальбу туды, дзе была іхняя засада. Там, праразаючы цемру, скрыжаваліся шэсць вогненных трас. Стралялі трасіруючымі з кулямётаў. Затым з недалёкіх прысадаў, што чарнелі на загуменні, ударылі мінамёты.