Выбрать главу

— Ну во, цяпер можна і дадому,— задаволена сказаў Церабіленкаў. Аднак хвіліну ён яшчэ стаяў, паціраў пальцамі свае пекныя вусікі-шчотачку — нешта разважаў.— Можна, пайшлі, хлопццы.

Апоўначы разведчыкі вярнуліся ў штаб. Баталаў сядзеў сагнуўшыся, уткнуўшыся лбом у стол. Быццам спаў. Лейтэнант Церабіленкаў ціхенька, на дыбачках, каб не разбудзіць яго да часу, увайшоў у пакой. Камбат узняў галаву.

3 другога пакоя прыйшоў капітан Садоўнікаў.

Церабіленкаў далажыў пра вынікі разведкі. Баталаў разгарнуў на стале карту.

— Пакажы, дзе што.

Утрох яны схіліліся над картай. Слухаючы лейтэнанта, камбат наносіў на карце адпаведныя знакі. Потым пасядзеў, звёўшы бровы, ускінуў галаву.

— Значыць, так…— сказаў рашуча.

Што «значыць, так» не растлумачваў. Загадаў сабраць камандзіраў падраздзяленняў, сказаў тэлефаністу, каб выклікаў штаб палка. Пасля звярнуўся да Садоўнікава.

— Пакуль яны,— кіўнуў галавою на Церабіленкава,— лазілі там, я з усіх бакоў абдумаў і твой, і свой варыянты. Чуў, што яны разведалі? Наступаем цераз балота.

Маёру Вайнтраўбу ён дакладна, без лішніх слоў выклаў свой план наступлення на Завадную. Гаварыў так, як дазвалялася гаварыць у такіх выпадках па тэлефоне — умоўнымі паняццямі і абазначэннямі. Растлумачыў задачы стралкоў, расказаў, як будуць перасоўвацца падраздзяленні, якія арыенціры і сігналы адкрыцця і пераносу агню мінамётчыкам. Папрасіў камандзіра палка, каб артылерыя абстраляла агнявыя кропкі праціўніка і паведаміў, дзе яны знаходзяцца. Адказаў на пытанні маёра, які ўдакладняў магчымыя варыянты. Затым расказаў яму, што выявіла група ў Малевічах — каб ён перадаў у першы батальён, які будзе наступаць на гэтую вёску.

Сабраліся камандзіры. Капітан паглядзеў на ўсіх, нібы запытаў: «Ці здаровыя вы, ці бадзёрыя?»

— Значыць, так: перад досвіткам наступаем на Прыдарожжа,— сказаў і паклаў далоні на стол, як прыціснуў імі штосьці.— Немцы сама што разаспяцца. А нам тым часам і туман крыху дапаможа: бліжай падыдзем незаўважанымі. Чацвёртая рота застанецца ў Заграддзі… Аднак галоўная наша задача — не Прыдарожжа. Развіўшы наступленне, выбіць гітлераўцаў з Заваднай — вось што галоўнае. Бой гэты, трэба мець на ўвазе, будзе вельмі цяжкі. Можа, самы цяжкі з усіх, што мы вялі ў наступленні. Я думаю, кожны з нас разумее… Лепш загінуць, чым несці ганьбу ў няволі, лепш куля злая, чым кляймо раба.— Ён зноў паглядзеў на камандзіраў, на гэты раз пранікліва і жорстка, як бы папярэджваў аб чым.— Але трэба старацца не загінуць, трэба старацца выжыць, каб біць чужынцаў.

Пасля паведаміў план аперацыі і закончыў:

— Дэталі высветліце ў капітана Садоўнікава. Усё.

Увесь час, пакуль гаварыў, на твары Баталава ляжала адзнака дужа глыбокай задуменнасці.

Церабіленкаву трэба было нешта папытаць у Садоўнікава, і ён чакаў, калі ад’ютант старшы закончыць размову з Гарнагам. Пазіраў на камбата, які пачаў павольна хадзіць па хаце. Баталаў перахапіў яго позірк, спыніўся.

— Вось я і кажу: ах ты, Міцька Лагунец, ах падсабляка!.. А яны хочуць нас заваяваць! — Варухнуў бровамі, у вачах бліснулі жвавыя іскрынкі.— Чаго ты так углядаешся ў мяне? Каб я каля печы быў, дык падумаў бы, што, можа, у сажу запэцкаўся,— пажартаваў.— Кладзіся, адпачні, бо не паспееш павекі звесці, як трэба будзе падымацца.

— Вы б таксама паспалі, таварыш капітан.

— Пасплю. А ты бяры з мяне прыклад. Я ж як толькі на бок, дык і ў Марфея… Ну кладзіся. Ўсім спаць.

Засынаючы, Церабіленкаў цёпла падумаў пра камбата: «Усё ён з жартамі, з выдумкамі. Бач — «у Марфея». Марфей — гэта ж ці не бог сну?..» Падумаў — і як праваліўся ў прадонне.

Прахапіўся ён за мінуту да каманды, інстынктыўна адчуўшы яе. Баталаў быў ужо на нагах. Спачатку Церабіленкаў не зразумеў, чаму камбат выглядаў нейкім інакшым, як звечара. Толькі прыгледзеўшыся, заўважыў: пагаліўся.

Але калі ён паспеў? Лейтэнант міжвольна правёў далон па шчацэ.

— Церабіленкаў, папрашу, каб у час наступлення ў мяне эаўсёды была сувязь з Вішняком,— звярнуўся да яго Баталаў. — Зразумеў?

— Так точна, таварыш капітан.

Камбат непакоіўся, каб гітлераўцы, якія акапаліся ў Малевічах, пад той час не ўдарылі па чацвёртай роце, не выбілі яе з Заграддэя.

Бой за Прыдарожжа быў нядоўгі. Мусіць, немцы ўначы не чакалі яго. Захопленыя знянацку, яны пасля слабога супраціўлення кінуліся з вёскі да шасэ. Але і там трапілі пад кулі трэцяга батальёна.