Выбрать главу

Пасля кароткай паўгадзіннай перадышкі роты выйшлі на ўскрай балоцістай нізіны, якая шырокай, больш як кіламетровай паласой аддзяляла Прыдарожжа ад Заваднай. На цёмным небе папяліліся зоры. Балота дыхала зябкім туманам. Недзе каля рэчкі, мабыць, заспакоены наступіўшай цішынёй, зарыпеў драч. Спачатку нясмела, як бы ўкрадліва, потым усё гучней і часцей.

Баталаў спускаўся з вёскі да балота гародамі. Ішоў разорай, паўз якую гнулася калоссем да зямлі даспелае жыта. Яму хацелася ўзяць калоссе ў далоні і патрымаць, адчуць на загрубелай скуры тонкую далікатную колкасць жытніх вусоў. За гародамі ён пастаяў, паўзіраўся ў балота, быццам хацеў пабачыць там такое, што цяпер было яму патрэбна больш за ўсё. А сам і не падазраваў, што ў тую хвіліну ў ім недзе глыбінна ажыло дзіўнае пачуццё: не хацелася бурыць гэтую стомленую цішыню.

Устрывожаныя стралянінай у Прыдарожжы, гітлераўцы з Заваднай пачалі вешаць асвятляльныя ракеты. Там, дзе ўзляталі ракеты, над балотам цемра далёка адскоквала, потым імгненна стульвалася і зноў разляталася, адкінутая камякамі белага ярка-мігатлівага агню. Немцы адкрылі з Заваднай загараджальны агонь з гармат і мінамётаў. Пакуль — на ўсякі выпадак, для гарантыі.

Адразу ў паядынак з імі ўступіла палкавая артылерыя. Гарматы стралялі па тых цэлях, якія Баталаў паведаміў маёру Вайнтраўбу.

Неўзабаве гітлераўцы змоўклі. Відаць, частка іхніх агнявых кропак была падаўлена, і яны, занепакоеныя трапнасцю чырвонаармейскага абстрэлу, пачалі перацягваць уцалелыя гарматы і мінамёты на новыя месцы. I зноў, ужо ў каторы раз за гэтую ноч, у Баталава міжвольна вырвалася думка: «Вось дык Міцька Лагунец!..» Толькі цяпер да яе дадалося: «Не забыць бы рэляцыю на яго падаць у полк, ні ў якім разе не забыць».

Настаў самы час наступаць.

— Тут мы сёнмя, як калісьці казалі, здабудзем ці славу, ці ганьбу нашай зброі, — задумліва сказаў Баталаў Садоўнікаву, абводзячы рукою вільготны прастор, які ўмяшчаў у сябе куп’ё і рэдкі чэзлы хмызняк. Момант ён памаўчаў, трасянуў галавой.— Не, Мікалай, не так я сказаў: славу здабудзем.— Прасачыў, як малінавая знічка прачарціла неба, падаў каманду:

— Наперад!

Ад краю балота было не грузкае. Аднак далей бегчы станавілася цяжка, багна пачала ўчэпіста хапацца за ногі. Зноў загрукатала нямецкая артылерыя. Ззаду, у Прыдарожжы, загарэлася некалькі хат і хлявоў. Яны разгарыста палалі шуглівым лютым полымем. Ад высокага яркага агню на вясковай вуліцы, на агародах і балоце гайдаліся хлёсткія водбліскі.

Наступленне цягнулася ўжо больш як паўгадзшы, Чырвонаармейцы беглі недзе пасярэдзіне балота. Рады іх радзелі, бег замаруджваўся. Адсырэлае ад начнога туману паветра набрыняла смуродным дымам тратылу. Дыхалася цяжка.

Баталаў раз за разам пераносіў свой камандны пункт услед за наступаючымі. Ад камандзіраў рот ён атрымліваў трывожныя паведамленні. Многа параменых, санітары не паспяваюць выносідь іх… Натрапілі на зыбун, вымушаны браць у бок ад патрэбнага кірунку… Ён са шчымліаым нецярпеннем думаў: «От каб зараз першы батальён на Малевічы рушыў! Тады б чацвёртая рота з Заграддэя таксама ўдарыла па Заваднай. Марудзіць сусед, ах як недаравальна марудзіць!..»

Пазваніў Гарнага: наступленне спынілася, людзі знемагліся.

— Як спынілася?! — ускіпеў Баталаў, аднак тут жа аціх. «А вось так: людзі ёсдь людзі».— Караневіч, аўтамат!

Думкі яго апярэджвалі адна другую. «Спыніцца? Не, што заўгодна, толькі не гэта. Спыніўшыся, назад павернем… Толькі не…»— Раптам на яго накацілася хваля болю.— Знемагліся… Але ж… Сабраць апошнія сілы!.. Трэба!»

Шостая рота была ўжо ў зоне, якая густа прастрэльвалася не толькі артылерыйскім, а і кулямётным агнём,— каля рэчкі. Каб пераскочыць яе, тады б з усёй, колькі ёсць, сілы — да самай вёскі. А пераскочыць з ходу гэтую Беліцу можна, яна не глыбокая…

Камбат пачакаў, каб хоць крыху спаў грукат.

У жыцці чалавека ёсць месяцы, кароткія, як дні і мінуты, доўгія, як гадзіны. Вось такой, расцягнутай у часе як ні на гадзіну, падалася яму і тая мінута чакання.

Нарэшце трохі пацішэла. Ён усхапіўся з-за купіны, за якую прысеў быў.

— Чырвонаармейцы, браткі, біце фашыстаў! — паляцеў над балотам яго голас. Але чаму ён такі слабы, як зняможаны? Яго ж не пачуюць!.. Галасавыя звязкі імгненна напружыліся да крайнасці. — За Радзіму! Лепш смерць, чым кляймо раба! Наперад!

Баталаў бег, узняўшы аўтамат,— страляць з аўтамата было яшчэ далёка — бег і з адчайнай надзеяй крычаў:

— Наперад!

Камбат сігануў у рэчку. Побач з ім з аднаго, з другога боку плюхаліся ў ваду байцы. Валтузіліся, трапляючы ў ямкі ці спатыкаючыся аб карчэўе на дне, падтрымлівалі адзін аднаго. Ён таксама некага падтрымаў. Але гэты момант праскочыў міма яго ўвагі, запомнілася толькі, як яны разам дапалі на другі бераг. Баталаў, ухапіўшыся адной рукою за чубок калянай асакі, выбраўся з рэчкі.