— Наперад!
Кулі пранізвалі паветра так часта, што дзумканне іх часам злівалася ў суцэльны дзікі прарэзлівы свіст. 3 усіх бакоў вакол яго ўзрываўся дол. Абдавала густой граззю, на галаву і плечы падалі камякі вільготнай зямлі.
Адзін за другім выбывалі са строю байцы. Да краю балота ўжо было рукой падаць, калі рота зноў залегла. I Баталаў зразумеў, што настала мінута, калі альбо яны загінуць усе тут, альбо вораг будзе разбіты ўшчэнт. Зразумеў і тое, што ён, не губляючы ні секунды, павінен рынуцца ў гэтую пякельную вогненную каламуць, у шалёны свіст і грукат, каб яго стомленыя, параненыя людзі таксама рушылі далей у рашаючым невыносна цяжкім рыўку. Ахоплены апантанай зацятасцю, напружыўшыся кожнай жылкаю, ён моцна кінуў сваё цела наперад і, не азіраючыся, гукнуў:
— За мной, браткі! — 3 лютасцю націснуў на спускавы кручок аўтамата.
Адчування, што ўласнае жыццё зараз у смяртэльнай небяспецы, не было, яго выцесніла адчайная ўтрапёнасць. Нястрыманая страшэнная сіла штурхала наперад. У ім толькі раз’юшана жыло, распаленае лютай нянавісцю і прагай помсты, жаданне: хутчэй туды, за гэтае гіблае дрыгвяністае балота, у іхнія акопы. Там ён дасць волю сваёй сіле!
— Напе…
Амаль перад самым яго тварам сляпуча бліснула зіхоткае полымя, грымнуў аглушальны выбух. Гарачая паветраная хваля моцна штурхнула ў грудзі. Слабеючы, правальваючыся ў цёмнае прадонне, ён яшчэ паспеў крыкнуць:
— Наперад!..
Непрытомнасць яго цягнулася нейкую мінуту. Усяго толькі мінуту… Аж цэлую мінуту!..
Ён адчуў, як цела яго балюча скаланулася, быццам вось-вось разарвецца. Скрозь туманную свядомасць, як скрозь коўдру, слаба ўлавіў глухія, нібы навальнічныя, раскаты. Здалёку, з цемры выплыў затуманены твар ардынарца.
— Караневіч, ты? — ледзь чутна спытаў Баталаў. Невыказна абрадаваўся: праз шум і трэск, што распіралі яму галаву, пачуў свой здушаны голас.
Дыхалася цяжка, смылела ў горле. Страшэнна хацелася піць. Лізнуў адзеравянелым непаваротлівым языком расу на траве. Яна была салёная. «Раса — салёная?» — туманна мільганула ў мазгу. Ён лізнуў не расу з травы — з вуснаў густы клейкі пот і кроў, што сцякалі з рассечанай шчакі.
Вяла павёў далоняй па лобе. Яго занудзіла, ён пачаў сутаргава глытаць сліну. Затым напяўся, глыбока ўздыхнуў і адчуў, быццам паветра пачало ўлівацца ў грудзі і цела стала набіраць сілу. У скроні ўдарыла кроў. Ён напружана паварушыў пальцамі. Схапіўся за руку ардынарца, стаіраўся сабраць у адно ўсю сваю волю і сілу, каб падняцца з зямлі, Галаву і грудзі праняў востры гарачы боль, падалося, што выварочваецца ўсё нутро. Але ён падняўся. Сілком адарваў быццам прыстылыя да долу кволыя, непаслухмяныя, як чужыя, ногі, ступіў адзін крок, другі,.. I пабег, хістаючыся з боку ў бок, тузаючыся ўперад, нібы разрываючы грудзямі нейкія нябачныя, туга нацягнутыя перашкоды.
Бой ужо кіпеў у Заваднай.
Каля хаты з пазялёненым палісаднікам Баталаў спыніўся. Цяжка, задышліва сапучы, абцёр адна аб адну запэцканыя граззю рукі. Бінтам, які падаў яму Караневіч, сцёр кроў са шчакі, узлёг грудзямі на штыкетнік. Жылы ў руках струнка дрыжалі, і ён, каб спыніць гэтае дрыжанне, сціснуў пальцамі гладкія, пагабляваныя дошкі. Цела абдымала волкая свежасць рання.
А наўкола грымела, бухала і трашчала.
3 недалёкага завулка вывелі палонных. Канвойны, прыземісты шыракатвары малодшы сяржант, махнуў рукою: стой!
— Дзе ўзялі? — спытаў у яго Баталаў, не чакаючы дакладу.
— На краю завулка з бункера, таварыш капітан, з аўтаматаў рэзалі.— Малодшы сяржант ускінуў густыя, чорныя як вугаль, бровы, быццам цяпер толькі сам абурана здзівіўся: во фашысты якія зацятыя! — Давялося гранатамі супакойваць. А гэта тыя, што ўцалелі.— Ён падазрона скасіў вочы на немцаў — каб не шуснуў каторы ў двор, а там пазахлеўем…
Да камбата подбегам падскочыў лейтэнант Церабіленкаў. Мокры, з заляпанымі граззю ботамі і штанамі.
— Таварыш капітан, дазвольце далажыць! Сувязь з чацвёртай ротаю ёсць.
Баталаў марудна, пераадольваючы боль ад кантузіі, павярнуў да лейтэнанта галаву. Тугі подых ветру прахалодаю абліў яго твар, шыю. Перад вачамі, якія бачылі ўсё ў нейкай шараватай замглёнасці, паяснела.
— Пазвані Вішняку, высветлі абстаноўку. Калі будзе што тэрміновае — даложыш.
— Слухаю! — у вузкіх вачах лейтэнанта, пад якімі сінелі кругі, свяціўся радасны бляск.