Выбрать главу

Над імі неяк запаволена, як бы трывожна і недаверліва, праляцела ластаўка. Потым яшчэ адна. Гэтая, нібы чаго спалохаўшыся, адразу ўзвілася ўгору. I болей ix не было. Над вільчыкам хаты ўзнімалася сонца, промні выжаўцілі вуліцу з утоўчанымі па баках сцежкамі.

— Палонных у полк! — загадаў Баталаў.

Веснічкі ў двор былі расчынены. Ён пайшоў да ганка, ступіў на ўсходцы. Твар яго набыў знаёмы валявы, рашучы выраз.

Праз чвэрць гадзіны камбат далажыў камандзіру палка, што чужынцы выбіты з Заваднай. Голас яго па-ранейшаму ўжо быў густы і моцны, толькі злёгку заікаўся.

А над вуліцай, над хатамі зноў з’явіліся ластаўкі. I лёталі, лёталі…

***

Дзесяць сутак батальён не выходзіў з бою, наступаў разам з іншымі часцямі і падраздзяленнямі шэсцьдзесят трэцяга корпуса.