Гарнага выняў з кішэні пачак папярос, прапанаваў капітаy закурыць. Баталаў адмовіўся. Гарнага таксама не стаў закурваць, паклаў папяросы назад.
Неба ўсцілалі воблакі, і сонца то з’яўлялася, то знікала.
Луг у цяністых і сонечных плямах быў падобны на шкуру нейкага вялізнага, казачнага звера.
— Ткачоў кажа, нешта занепакоіліся гітлераўцы. I за рынкам ноччу ліхаманкава мітусіліся з гарматамі — усё пазіцыю выбіралі. То да адной прымерваліся, то да другой. Падобна, што рыхтуюцца да абароны.
Камбат, мякка ступаючы па прытаптанай траве, ішоў лёгкім і спружыністым крокам. «А ў гэтага апалчэнца, відаць, пільнае і разумнае вока»,— падумаў сам сабе. Пра Ткачова ён неаднойчы чуў у штабе палка. Нават сам Пятроўскі запрашаў разведчыка на гутарку: мясцовы жыхар, ведае ў горадзе ўсе хады і выхады.
Ткачоў не адзін раз дастаўляў у штаб сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіі каштоўныя звесткі аб сістэме абарончых збудаванняў гітлераўцаў у Жлобіне ўздоўж Дняпра. Аб іхніх апорных пунктах з агнявымі кропкамі на чыгўначным насыпе, у раёне дэпо, хлебазавода, на вадакачцы. За гэта камкор Пятроўскі ўзнагародзіў яго імянным пісталетам.
— Ты сёння яшчэ ўбачыш Ткачова? — спытаў Баталаў у лейтэнанта.
— Думаю, убачу,— адказаў Гарнага.
— Перадай, што я прашу, каб ён пад вечар, калі зможа, зайшоў у штаб батальёна.
Баталаў і Караневіч павярнулі на сцежку, якая вяла ў глыб лесу, а Гарнага вярнуўся ў размяшчэнне роты.
— Вы ведаеце, чаму ў тога сяржанта двайное прозвішча? — памаўчаўшы, штосьці ўспамінаючы, звярнуўся да камбата ардынарац.
— Адкуль жа мне ведаць?
— Сваё і жончына — вось чаму.
— А ты адкуль ведаеш?
— Дык мы ж з ім землякі, аднавяскоўцы.
— Вось як!
— Ён у нашай вёсцы з’явіўся незадоўга да прызыву ў армію…
I Караневіч расказаў.
Бацька Галаўчэні, машыніст паравоза, загінуў у час крушэння поезда. Маці таксама напаткала бяда — вясною, у адлігу, пераходзіла рэчку па лёдзе і трапіла ў палонку. Хлапчук выхоўваўся ў дзіцячым доме. Скончыў школу, працаваў слесарам на заводзе і прыехаў у госці да бацькавай дваюраднай сястры. Тыдзень гасцюе, другі… Удзень разам з усімі сена ў калгасе зграбае, стагі кідае, вечарамі ў клуб ходзіць, хвацка танцуе польку з даяркай Гульдаміной Шакірзянавай, такой жа, як і сам, сіратой. Нядзельным днём наведаліся з дзяўчынай у сельсавет, а пасля гэтага ён пераступіў парог яе хаты. I ўжо не Галаўчэнем, як быў ад нараджэння, а Галаўчэнем-Шакірзянавым. У сельсавеце сказаў: «У Гульдаміны няма братоў, але ж хай яе прозвішча не зводзіцца, нельга, каб звялося».
Заімжыў дожджык. Дробныя дажджынкі ціха сыпаліся на дрэвы, на ўтравянелы дол.
За Дняпром загрукатала. Баталаў спыніўся, павярнуўся ў той бок. На душы было неспакойна.
II
У штаб дывізіі сыходзіліся камандзіры і камісары. Баталаў пашкадаваў, што не было камісара яго батальёна: собіла ж чалавеку прыхварэць у такі час!..
У новай, з пахучага смалістага бярвення хаце расселіся ўздоўж сцен: на лаўках з белых, чыста пагабляваных дошак, на табурэтках і венскіх крэслах з круглымі точанымі ножкамі і выгнутай фанернай спінкай. Найбольш увішныя, аматары камфорту, уладкаваліся на мяккай канапе, абцягнутай чорным бліскучым дэрмацінам.
Баталаў зірнуў на гадзіннік. У гэты момант расчыніліся дзверы з той палавіны хаты, што была ад вуліцы, і ў праёме з’явілася добра ўсім знаёмая постаць камандзіра корпуса Пятроўскага. Усе паўскоквалі, павыцягваліся па стойцы «смірна». Камкор прайшоў да стала, што стаяў каля завешанага белай занавескай акна.
— Сядайце, таварышы,— сказаў нягучным, але выразным голасам. Быў ён у шэрай каверкотавай гімнасцёрцы з прывінчанымі да яе ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. Высокі, стройны, ён здаўся Баталаву вышэйшым, чым раней, калі даводзілася бачыць яго.
Разам з ім зайшоў і сеў за стол камандзір дывізіі Факанаў.
Пятроўскі ўважлівым позіркам акінуў сур’ёзныя твары камандзіраў.
— Пачнём, таварышы.
Дакладвалі камандзіры палкоў. Дзе якія падраздзяленні будуць дзейнічаць, якімі агнявымі сродкамі яны забяспечаны, як мяркуецца іх узаемадзеянне на выпадак контрнаступлення праціўніка.
Пятроўскі сядзеў, ледзь схіліўшы набок галаву. Баталаву здавалася, што ён паўтараў у думках выкладкі камандзіраў і анічога ўжо не забудзе.
Баталаву нямала даводзілася чуць пра выключныя ваенныя здольнасці камандзіра корпуса, пра яго валявы і неўтаймоўны характар, пра дабрату і чуласць да людзей. Цяпер хацелася знайсці хоць нейкія адзнакі гэтых. якасцей у знешнім абліччы камкора, таму час ад часу павольна, каб не звяртаць на сябе нічыю ўвагу, Баталаў паварочваў да яго галаву. Прыглядваўся да разумных вачэй, якія пазіралі задумліва і крыху маркотна, да прыгожага смуглявага твару з чорнай шчотачкай вусоў пад крышку шыракаватым носам.