— Што вы недагаворваеце, капітан? — перапыніў паўзу Пятроўскі.
Баталаву падалося, што ён прачытаў у позірку камкора прытоеную спагаду. А спагады, нават прытоенай, ён не пераносіў.
— Трэба было б, каб нашы лётчыкі часцей успаміналі пра нас, наземных,— сказаў рашуча.
Камкор усміхнуўся:
— Просіце ў распараджэнне батальёна дадатковыя агнявыя сродкі — самалёты?
Усмешка яго была сумная. Баталаў зразумеў: у жарце ён хацеў схаваць штосьці такое, што не меў сілы рашыць, што было вышэй яго магчымасцей.
— У штабе арміі вырашаецца пытанне аб рэзервах авіяцыі.— Пятроўскі сказаў і павярнуў галаву да камандзіра дывізіі Факанава: — Далажыце вы.
Камандзір дывізіі звярнуў увагу на тое, што магчымы танкавы контрудар гітлераўцаў. I тут у першую чаргу трэба ўлічваць, дзе і як праціўнік пастараецца выкарыстаць танкі. Вядома, не на вузкіх і крывых завулках. На магістралях. I ў першую чаргу — на галоўнай вуліцы, Першамайскай. Па ёй яны палезуць, каб прарвацца да Дняпра, а там распаўзціся па беразе і адрэзаць нашы наступаючыя часці ад тылоў і рэзерваў. Дык адна з асноўных задач — падбіць на магістралях як найбольш танкаў, не прапусціць іх да ракі.
— Вуліца Першамайская праз увесь горад, больш як на тры кіламетры цягнецца,— падаў рэпліку Пятроўскі.
— Зрузумеў вас, таварыш камкор: у якім канкрэтна месцы і як мы зможам гэта зрабіць найбольш эфектыўна?
— Так.
— На адлегласці каля кіламетра ад Дняпра Першамайскую перасякае неглыбокая, аднак з высокімі берагамі рэчка Чорначка. Вось там, на мосце. Немцы будуць разлічваць на імклівасць націску. Таму не стануць масціць праз Чорначку гаці для танкаў, а пусцяць іх напрамую. Частку танкаў мы прапусцім праз масток, потым з гармат расстраляем яго.
Пятроўскі пазіраў на Факанава спакойна, пільна. Правая рука яго ляжала на стале, і пальцы час ад часу лёгенька паварушваліся, акурат мацалі, перабіралі штосьці.
Камандзір дывізіі выказваў свае довады лаканічна і дакладна.
— Танкі, якія згрувасцяцца каля ўзарванага мастка, накрыем з гармат. На вузкай вуліцы ім не так проста будзе павярнуць назад. Тых, што акажуцца па гэты бок, будзем знішчаць з саракапятак прамой наводкай, з процітанкавых ружжаў, гранатамі і бутэлькамі з гаручай сумессю.
— Лагічна. Аднак…— пальцы Пятроўскага адарваліся ад стала, замерлі. Факанаў прачытаў у вачах камкора: «Аднак немцы могуць вельмі проста скасаваць ваш добры план — зрабіць пераправу праз Чорначку ў іншых месцах».
— Мы дапускаем і абходны манеўр праціўніка. У такім выпадку мы паспеем больш артылерыі пераправіць. Яна і сустрэне танкі,— з ранейшай упэўненасцю працягваў Факанаў.
За акном гучна, прарэзліва застракатала сарока. Ёй адразу адазвалася другая. Пятроўскі павярнуў галаву да акна. Хвіліну не то слухаў сарок, не то думаў нешта сваё. Схамянуўшыся, загаварыў. Пачаў знаёміць камандзіраў з абстаноўкай на ўчастку фронту, які займаў корпус.
Дваццаць чацвёрты матарызаваны корпус гітлераўцаў рыхтаваўся з-за Дняпра ўдарыць магутным браніраваным кулаком. Ён атрымліваў людское папаўненне, зброю і тэхніку. 3 усіх выкладак і патрабаванняў камкора Пятроўскага вынікала, што назначэнне перадавых часцей і падраздзяленняў у наступленні — акружаць і знішчаць фашысцкія войскі па частках, граміць іх штабы, рэзаць камунікацыі. Пятроўскі пераказаў тое галоўнае, што датычылася наступлення. Іменна галоўнае, на чым будзе трымацца ўсё астатняе. Вочы камкора блішчэлі. Выпрастаная постаць, строгая вайсковая выпраўка прыдавалі яму выгляд чалавека надзвычай моцнага целам і духам.
Баталаў унутрана ва ўсім згаджаўся з камкорам.
3 нарады разыходзіліся ўзбуджаныя і ажыўленыя. Баталаў заспяшаўся ў батальён. Караневіч к таму часу прывёў да штаба дывізіі коней. Камбат лёгка скочыў у сядло. Конь, адчуўшы седака, памчаў рыссю. Дождж перастаў. Неба праяснілася, ачысцілася ад хмар, зноў зырка блішчэла сонца. Высока ў празрыстым блакіце лунаў каршун, які невядома адкуль узяўся ў прыфрантавой паласе. Узмахне два-тры разы крыламі і кружыць, кружыць, шырока расставіўшы іх.
Дарога павярнула да лініі траншэі, што працягнулася ўскрай прадаўгаватай палянкі. Баталаў нацягнуў повад, прытрымаў каня. Урываюцца часам у душу чалавека дзіўныя незразумелыя жаданні. Такое здарылася і з ім: яму дужа захацелася затрымацца тут, паслухаць ціхія таямнічыя гукі лесу, каб яны на хвіліну адвялі яго ад вайны, адчуць асалоду ад таго стану ўраўнаважанасці, які на вайне замяняў яму спакой. Лес заўсёды выклікаў у яго лагодныя думкі і пачуцці. Вось і зараз…
Праз гады траншэя гэтая ўдзірванее, зарасце краскамі і сунічнікам. Нехта малады і здаровы, поўны радасці жыцця, будзе збіраць тут чырвоныя пахучыя суніцы, баравікі, лісічкі, будзе слухаць спевы птушак, куванне зязюлі, і яму не прыйдзе ў галаву, што некалі тут ішла жорсткая вайна, што тут ваявалі генерал Пятроўскі, сяржант Галаўчэня-Шакірзянаў, народны апалчэнец Ткачоў… Баталаў трохі шкадаваў, што, можа, не ўспомняць іх. Хай сабе, хіба гэта так важна — хто ваяваў? Важна, каб ведалі і не забывалі, што яны змагаліся не дзеля славы — дзеля жыцця на зямлі…