— Па-партызанску, кажаце? Добра, Антон Пятровіч, дзякую.
Удакладняць, як гэта практычна будзе зроблена, не стаў, прыняў на веру. Залішняя цікаўнасць — яна як бы з недаверам, можа пакрыўдзіць чалавека.
Нельга сказаць, каб Баталаў асабліва вызначаўся далікатнасцю. Аднак у адносінах да Ткачова яму чамусьці хацелася быць падкрэслена тактоўным. Мажліва, таму, што на палінялай вайсковай гімнасцёрцы ў таго вісеў медаль «За отвагу».
Яны ўсталі. Баталаў крануў пальцам медаль.
— Дзе ўзнагароду заслужылі?
— Летась «лінію Манергейма» давялося штурмаваць.
— Вось як!
Ледзь улоўная маркотная ўсмешка кранула вусны Ткачова.
— Я там ваяваў у складзе той дывізіі, што і вы. Пра вашы подзвігі чытаў у «дывізіёнцы».
— Выходзіць, мы пабрацімы. Да пабачэння, Антон Пятровіч.
Ткачоў марудзіў, відаць, хацеў яшчэ штосьці сказаць. Не вытрымаў, загаварыў:
— Бачыў я, як вылюдкі гэтыя ўваходзілі ў Жлобін. Цяпер маё самае найвялікшае жаданне — пабачыць, як яны будуць драпаць без памяці. Хутка, таварыш капітан, мы пабачым гэта?
Баталаў нічога не адказаў, спытаў:
— А як яны ўваходзілі?
— Ого — як! Матацыклісты за рулём — як павукі тыя: на руках доўгія, па локці, чорныя пальчаткі, твары закрыты акулярамі, за плячамі панапіналіся плямістыя плашч-палаткі. 3 калясак няспынна страчылі аўтаматчыкі. Не прыцэльна — так, для страху. Потым загрукаталі па бруку бронетранспарцёры і грузавікі з пяхотай, танкі… Па Першамайскай, дзе ў святы праходзілі нашы радасныя калоны дэманстрантаў…
Баталаву на міг гітлераўцы пабачыліся не такімі, як намаляваў іх Ткачоў, а ў калонах. У начышчаных ботах адбівалі яны крок, самазадаволена несучы ў сваіх здаўленых стальнымі каскамі галовах вар’яцкія думкі. I ён ледзь не вылаяўся.
Ткачоў рэзка, упарта ўскінуў галаву і сам адказаў на сваё пытанне:
— Ведаю, хутка.
Крутнуўся, пайшоў.
Баталаў паслухаў яго гулкія крокі па цвёрдай зямлі, якія нейкі час яшчэ даносіліся ў зямлянку, павярнуўся да ад’ютанта старшага.
— Наступаем, Мікалай Пятровіч, вось-вось будзе загад. Кліч камандзіраў.
Сеў на нары ў кутку зямлянкі. Прыціх, расслабіўся. Хацеў яшчэ раз перабраць у думках, што пачуў на нарадзе, але замест гэтага чамусьці пачаў успамінаць. Мажліва, яно заўсёды так у чалавека — перад вельмі важным і адказным, што павінна адбыцца? Пераасэнсаваць, пераацаніць… Успаміны нагортваліся павольна, здалёку.
За свае сорак гадоў яму неаднойчы даводзілася ваяваць. У грамадзянскую ён, дабраволец Чырвонай Арміі, пад Самарай і Сімбірскам «хадзіў паходамі» супраць белачэхаў, пад Царыцынам, гарачы і апантаны, у табельных атаках гнаў дзянікінцаў. Пасля змагаўся з басмачамі ва Усходняй Бухары. I вось нядаўна… Скрозь завеі і бураны па непралазных сумётах вадзіў свой батальён на непрыступныя ўмацаванні белафінаў… Скрозь завеі і бураны… Нечакана яму падалося, што ён не ўспамінаў, а ўглядваўся ў сваю душу. Як яно ўсё адклалася там? Ці такі ён цяпер, якім ведаў сябе раней?
Сабраліся камандзіры. Гутарка з імі была кароткая. Камбат кожнаму паставіў агульныя задачы, папярэдзіў, што яны будуць канкрэтызаваны, як толькі паступіць загад. Растлумачыў, па якім сігнале пачынаць наступленне. Зверылі гадзіннікі.
— Звяртаю вашу асаблівую ўвагу, таварышы камандзіры, што ў кожным баі трэба шукаць свой пэўны, прадыктаваны абставінамі, стыль. Проста ў атаку ісці — адзін стыль, пад прыкрыццём мінамётнага агню — другі, у абходным манеўры — трэці… I ведайце, подзвіг кожнага героя, кожнага нашага байца будзе вядомы Маскве, усёй краіне…
Апошніх слоў Баталаў не збіраўся гаварыць. А калі яны вылецелі, зразумеў, што не сказаць іх не мог, бо сам пачуў не ад каго-небудзь — ад Пятроўскага. Ён не падрабляўся пад камкора, не пераймаў яго інтанацыю, а сказаў са шчырасцю, з верай, што так яно будзе, у цішыні паглядзеў на кожнага камандзіра, нібы гэтым позіркам даводзіў яшчэ нешта важнае, чаго, можа, не даказаў словамі. Устаў.
Камандзіры пачалі разыходзіцца. Капітан Садоўнікаў таксама ўстаў. Пастаяў, зморшчыўшы лоб, зноў сеў. Залатое пяро ягонай самапіскі заслізгала ў запісной кніжцы.
Здаралася іншы раз, што ён у час якой-небудзь нарады, калі не трэба было нічога запісваць, крадком маляваў у гэтай кніжцы. Ці каго з тых, хто там знаходзіўся (толькі абавязкова кожнага у камбінезоне), ці нешта ўяўляючы сабе — жытнёвую ніву, рэчку, луг. Гэты яго занятак не раздражняў Баталава. Камбат ведаў, што да таго, як паступіць у ваеннае вучылішча, Садоўнікаў працаваў трактарыстам машынна-трактарнай станцыі. Поле, прырода… Натуральна, усё гэта помнілася чалавеку, такое застаецца назаўсёды. То хай вылівае на паперы салодкі сум сваёй душы… А яшчэ — Баталаў упэўніўся, гэта толькі здавалася, што меланхалічны, нетаропкі ад’ютант старшы, захоплены сваім маляваннем, нічога, што адбывалася на нарадзе, не чуў і не бачыў. На самай жа справе ўсё, што трэба было, ён прыхоўваў у памяці. Кідаў маляваць і па-штабному дакладна, адным-двума сказамі, занатоўваў загады, распараджэнні, заўвагі камбата.