Выбрать главу

Але што ён занатоўваў цяпер, пасля нарады? Баталаў спачатку безуважна зірнуў на яго, пасля, угледзеўшыся ў круглы, засяроджаны твар, паддаўся міжвольнай цікаўнасці:

— Што, Мікалай Пятровіч, калі не сакрэт, запісваеш так рупна?

— Не сакрэт, Фёдар Аляксеевіч. Вашы словы.

Камбат не стаў перапытваць — якія: зразумеў. «Подзвіг кожнага байца будзе вядомы Маскве, усёй краіне…» Аднак навошта запісваць іх? Ступіў да Садоўнікава, паклаў яму руку на плячо. Было ў яго жэсце нешта надзвычай даверлівае, сяброўскае. У зямлянку зайшоў Караневіч. Міргануў густымі, як у дзяўчыны, вейкамі, разняў губы, але не паспеў прамовіць слова. Баталаў апярэдзіў яго. Успомніўшы, як ардынарац сёння, калі былі ў шостай роце, таксама штосьці запісваў у блакнот, кінуў жартам:

— I што вы ўсё то адзін, то другі запісваеце? Можа, вы пісьменнікі ці паэты, ды не прызнаецеся? А, Караневіч, складаеш вершы?

Ардынарац пачырванеў, патупаў на месцы, быццам хацеў і не рашаўся нешта сказаць. Потым абазваўся танклявым голасам:

— Вячэраць будзеце, таварыш капітан? Каша астыне.

Камбат наважваўся яшчэ пажартаваць, але неспадзявана замест гэтага сказаў:

— Нясі кашу.

III

«Баталаў праяўляе выдатныя камандзірскія здольнасці, ад людзей патрабуе многага, але і многа дае сам. Ён праяўляе клопаты аб людзях у час бою і ў нямногія гадзіны адпачынку. Сваіх герояў ён беражэ і не дазваляе ім рызыкаваць жыццём дарэмна, не трывае «баявой» легкадумнасці. Заўсёды дзеліцца з імі сваім вялікім баявым вопытам, дапамагае распазнаваць хітрасці ворага. Баталаўцы славяцца непахіснай храбрасцю і адвагай».

(В. Гольцаў. Газета «В бой за Родину», № 12, 1941 год)

«Рускія — адчайныя смельчакі, яны б’юцца як д’яблы. У роце ўжо амаль не засталося нікога са старых таварышаў. Наўкот навічкі, але і яны не затрымліваюцца. Кожны дзень складваюцца доўгія спісы забітых і параненых…»

(3 пісьма яфрэйтара 8-й пяхотнай дывізіі германскай арміі Конрада Думлера брату. Ліпень 1941 года. «Паведамленні Савецкага Інфармбюро». Масква. 1944. Т. 1. С. 103).

IV

Неба на ўсходзе запалавела. Батальён Баталава, які пачаў пераправу ўслед за групамі фарсіравання, ужо быў амаль увесь на правым беразе Дняпра. Шумеў вецер у верхавінах дрэў; у сухім трэску зліліся кулямётныя і аўтаматныя чэргі, вінтовачныя стрэлы; безупынным громам грукаталі гарматы і мінамёты, калоцячы наваколле разрывамі снарадаў і мін.

Хаця немцы і мацавалі свой абарончы рубеж, збіраючыся падцягнуць новыя сілы, каб рушыць далей на ўсход, імклівасць і націск, з якімі пачалося наступленне шэсцьдзесят трэцяга стралковага корпуса, былі нечаканыя для іх.

Баталаўцы імклівай атакай выбілі іх з першай траншэі. Гітлераўцы пакідалі зброю, боепрыпасы, шынялі і плашч-палаткі, іншую амуніцыю. Аднак яны хутка апамяталіся, з другой, запасной траншэі не пабеглі. Адтуль абрынулі на чырвонаармейцаў такі шалёны шквал агню, што прымусілі пятую роту залегчы.

Над зямлёю паўзлі густыя клубы пылу і чорнага дыму. У вільготным парным паветры грымела і стагнала, грукатала і гуло. Загарэлася некалькі драўляных дамоў. Чырвона-жаўтлявае полымя шугала высока ў неба, напаўняючы наваколле нясцерпнай гарачынёй.

Міны і снарады доўга рваліся на рубяжы роты. Там ужо, здавалася, не было жывога месца. Баталаў не адрываў бінокля ад вачэй.

Нарэшце артабстрэл спыніўся. Немцы рушылі на пятую роту ў контратаку. Ішлі, палілі з аўтаматаў. Рота маўчала, нібы там нікога не было жывога, усіх парвалі гарачыя асцолкі.

Камбат разумеў, што ў першыя гадзіны бою, магчыма, як ніколі трэба зрабіць усё, каб развіваць наступленне. Бо калі яно захліпнецца, гітлераўцы адумаюцца, і тады хто ведае, як усё можа павярнуцца.

Вораг быў ужо блізка. Баталаў нерваваўся, гарэў ад нецярпення. Сашчапіў пашчэнкі, ажно скулы пабялелі. У ім узнялася гняўлівая хваля крыўды і дзёрзкай адчайнасці. Чаго яны маўчаць?.. «Трэба ўдарыць з кулямётаў у фланг! — імгненна выспела думка, абрываючы ў душы хвіліну збянтэжанасці. — Вунь з-за таго зялёнага дома. Узвод станкачоў туды!..» Камбат ужо наважыўся павярнуцца да сувязіста, каб перадаць загад камандзіру кулямётнай роты, але тут жа замёр: пятая «ажыла». Пад нагамі ў пярэдніх аўтаматчыкаў раз-другі ўзарвалі зямлю гранаты. Адразу затым загрукаталі выбухі гранат на флангах у немцаў.