Выбрать главу

Рыгор Барадулін

Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю...

Песні матчыны з Вушаччыны

Падрыхтаванае на падставе: Песні Матчыны з Вушаччыны.— Рыгор Барадулін.— Мн.: ГА БТ «Кніга», 2004.— 352 с. (з іл.). 

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

* * *
Прыйшоў кум да кумы: — А дай, кума, чапялы. Кума нагу падняла: — А во табе чапяла!
* * *
Ішоў кум гародам, Кума вуліцай. Трос кум пятухом, Кума курыцай.
* * *
У полі дубок ілаваценькі, А наш Іванька кілаваценькі. У поле гоніць i кіла звоніць, На кароў крычыць i кіла вурчыць.
* * *
Нанясі, Вожа, абалынку, Дай, Божа, нам адпачынку. Дай, Божа, нам кугакала, Каб часценька плакала. А мы б селі, скалыхнулі, Сярэдзінкі б адпачнулі.

Песня матчына зорамі значана

Песня нарадзілася ў слове, бо слова спявае, славячы Творцу ўсяго існага.

Нарадзілася, каб, дачакаўшыся чалавека, не расставацца з ім ад вяселля да хаўтураў.

Песня чуе няўлоўныя для слыху зямнога гукі сусветнай гармоніі, якая трымае зоры, трываліць вечнасць жыцця.

Песню й агонь перахоўвае людзтва з пакалення ў пакаленне, са стагоддзя ў стагоддзе.

Не хлебам адзіным жыве чалавек, ён жыве яшчэ й песняй.

Дзякуй Госпаду Звышняму, што паслаў мне маму — ахавальніцу нашага крынічнага й баравога, нашага азёрнага й вясёлкавага, нашага аржанога крывіцкага слова, нашай грамнічнай i зязюльчынай песні.

Мама жыла песняй, а песня жыла ў мамінай душы. Яны адна адну разумелі, адна адну ашчаджалі. Разам журыліся, разам радаваліся.

Умелі слухаць адна адну.

Песняй мама дзякавала Звышняму, песняй спавядалася, песняй дзялілася рэдкім шчасцем i частай бядою з Госпадам. Бо слова маміна спявала.

Крывіцкаму слову й матчынай песні я абавязаны ўсім.

Матчына песня, Ты ў полі гарбела, На маразах на чужыне гібела У баразёнцы на міг спачывала. Болю не трэба было дабаўляць. Рук ты не чула, Але спачувала, Што ў перапёлкі ножкі баляць.
Рыгор Барадулін

ВЯСНЯНКІ, ВЯСНА

А, вясна красна,

Што ты прянясла?..

* * *
А, вясна красна, Што ты прянясла? Божа мой! А я прянясла Рэчцы скрып вясла, Канюшочкам па абротачцы, Пастушочкам па дубчыку.
* * *
У ЧЫСТЫ ПОЛІ
Пасціла дзеўка коні. Яна пасціла ды заснула I коні не пачула. Коні i ўцяклі звідна, I пайшла яна адна. Ды дарогаю шырокаю. Ды спатыкаецца са слязамі Са трыма малайцамі. — Вы, малойцы, вы кудравыя, Ці не бачылі маіх коні? — Хоць i бачылі, ды не скажам, A зададзім табе задачу. Калі адгадаеш, коні ўзнаеш. А што расцець вышэй лесу, Што гарыць без полымя, Што бяжыць без повада, Што плачаць без голаса, Што расцець без кораня, А што чорна нечарнёна, А што бела небялёна? — А хмель расцець вышэй лесу, Сонца гарыць без полымя, Вада бяжыць без повада, Камень расцець без кораня, Вугаль чорны нечарнёны, Лебедзь белы небялёны. Дзеўку вязуць, скрыпкі йграюць, Удоўку вязуць, дзеткі плачуць. Ды зялён явор-гавор.
* * *
А на моры a дзяўчына бель бяліла, А там выйшлі два малойцы са даліны. A ўзялі яны дзяўчыну за падручкі, A павялі a дзяўчыну ды ў карчомку. A ўпаілі a дзяўчыну, a ўпаілі, У чаўночку яе спаці палажылі. I ўзялі а два малойцы па вяслочку A спіхнулі дзевачоньку з беражочку. Прачхнулася a дзяўчына сярод мора. Вот узнала дзевачонька сваё гора. Не татулька яе замуж аддаваіць, Не мамулька а ей шкапік накладаіць, Не сястрыца баярычкай — ясна зорка, Расплятаіць русу косу буен вецер.