* * *
А зорачка i з месяцам гукала:
— Калі ўзойдзеш уперад за мяне,
Чакай мяне,
Пакуль мы з табой
Кругом свету абойдзем.
А ты, свецячы,
Я, ялеючы, абойдзем.
А Ганначка з Іванькам гукала:
— Калі ўедзеш уперад за мяне,
Чакай мяне,
Пакуль мы з табой
Кругом стала абойдзем.
А ты, йграючы,
Я, ўздыхаючы, абойдзем.
Ты, ручкі ламя,
Я, слёзкі раня, абойдзем.
* * *
Сядзіць галуб на пярэплаце,
Боб клюець,
А ля яго галубка пшаніцу.
— Як клюй, дык клюй,
Мая галубка, ля мяне.
Далягаецца мае пер'іка да цябе.
Сядзіць хлопец за столікам,
Мядок п'ець,
А ля яго дзяўчына — саціцу [12].
— Як пі, дык пі,
Мая дзяўчына, ля мяне,
Далягаецца мае сэрдачка да цябе.
* * *
У аўторак рана
Сон бачыла Ганна,
Нікому не казала,
Мамульцы расказала:
— Мамулька мая родная,
А што я за сон бачыла.
Сакалы наляцелі,
Чорны шоўк развярцелі,
Золата рассыпалі.
— Дачушка мая родная,
Праўдзівы сон бачыла.
Сакалы — сваты твае,
Чорны шоўк — коскі твае,
А золата — слёзкі твае.
Сваточкі наедуці,
Косачкі расплятуці,
Слёзачкі разліюці.
* * *
Бяроза з лістам, бяроза з лістам
Усю восень гаварыла:
— А мой лісточак,
а мой зялёненькі,
Ты ж мяне пакідаеш.
— Нябось, бяроза, нябось, белая,
Я цябе не пакіну.
Я к табе вясной прыду,
З табою шумець буду,
Цябе зелянець буду.
Дзяўчына з мамкаю, дзяўчына
з мамкаю
Усю ночку гаварыла:
— Дачушка мая, родная мая,
Ты ж мяне пакідаеш.
— Мамулька мая, зязюлька мая,
Я цябе не пакіну,
Я к табе ў госці прыду,
З табою гукаць буду,
Усё гора казаць буду.
* * *
Цёмная ночанька, цемната,
Дзе ж мая дзелася пекната?
За табой, міленькі, за табой
Не бачу сцежачкі за слязой.
Масціла кладачку сем нядзель,
Гасціла ў мамулькі адзін дзень.
Масціла кладачку тры гады,
Гасціла ў мамулькі на Дзяды.
На вяселліка пазвалі,
Чаркі гарэлкі не далі.
Каб я ведала, не пайшла,
Ці б я сабе работкі не знайшла?
Я б за печкаю сядзела
I кудзелечку вярцела.
* * *
Сакол на вылёце
Сеў-паў на вароцях,
Крыллікам махаючы,
Пташачак збіраючы:
— Ка мне, пташачкі, ка мне,
Палечу я з вамі
Ў шчырыя бары,
Ў зялёныя сады
Па шэрую зязюлечку.
Іванька на выездзе
Сеў жа ён за столікам,
Насовачкай махаючы,
Дружыну збіраючы:
— Ка мне, дружына, ка мне,
Паеду я з вамі
Ў вялікае сяло,
Ў багатую хату
Я па сваю Мар'ічку.
* * *
Садавая яблынка зграбненька
На ўзгор'ю стаяла.
Белым цветам зацвіла,
Тры яблычкі дала.
Маладая Ганначка
Усю ночку не спала
Дык дачушку даждала.
Хоць набралася мукі,
Ды пярэміць жа рукі.
Хаць набрала гора,
Прынясець вады з мора.
* * *
Дзяўчынка маладая,
Галоўка разумная.
Пайшла яна на рыначак,
Купіла кубачак мёду.
Свякроўку прывітала,
Работку папытала.
— A йдзі, мая нявестачка,
Ў крыніцу па вадзіцу,
У клець па мучыцу.
У сянёх даёначка,
У хлеве каровачка.
Вот твая работачка.
* * *
Як заручалі, тады казалі,
Што ў свата кароў многа.
Як пайшла даіць,
Адзін бык стаіць,
I той не доіцца.
Вазьму я быську
Ды за пумпыську:
А дай, быська, малака!
* * *
Сарока па двару ходзіць,
Золата ў хвасце носіць,
А цешча зяця просіць:
— Зяцёк мой, сыночак,
Не ходзі ты ў шыночак,
Дам табе чатыры бычкі,
Не бі маёй дачкі,
Пятую цялушачку,
Не бі маю дачушачку.
— Я тваіх бычкоў прап'ю,
Я тваю дачку наб'ю.
Зарэжу цялушачку,
Наб'ю тваю дачушачку.