* * *
— Каліна-маліна мая,
Чаго ты не так зеляна,
Як ў Пятроў дзень была?
— А дайце ж мне ночы цёплыя,
А дайце ж мне росы мокрыя.
Тады буду так зеляна,
Як у Пятроў дзень была.
— А Ганначка, душка мая,
Чаму ж ты не так малада,
Як у мамулькі расла,
Як ты ў татулькі расла?
— Дайце ж мне волю таткаву,
Дайце ж мне негу мамчыну,
Тады буду так малада,
Як ліпінка, што ў саду цвіла.
* * *
А чый галуб ляціць на дуб,
А мой на бярозу.
Чые мужы п'юць-гуляюць,
А мой у дарозе.
A калі ж ён у дарозе,
Пашчась яго, Божа.
A калі ж ён у карчомцы,
Забі яго, Божа.
A калі ж ён у дарозе,
Пашчась пірагамі,
A калі ж ён у карчомцы,
Забі перунамі!
* * *
А я б гэту бабку,
А я б гэту любку
Я б у бабкі не браў.
Не часта хадзіла,
Не смашна насіла,
Адзін раз i з юшкай,
Другі з калатушкай
На пахмелкі прыйшла.
* * *
Усе людзі жыта сеюць,
А я сваё гора.
Усе людзі Бога просяць,
Каб жыта ўрадзіла.
А я хаджу, прашу Бога,
Каб гора не ўсхадзіла.
Як узыйшло мае гора
Шырокім лісточкам,
Зацвіцела мае гора
Жоўценькім цвяточкам.
Ўзыйдзі, ўзыйдзі, мая доля,
Цёплымі садамі,
Цвіці, цвіці, мая доля,
Рознымі цвятамі.
Усе цветы — пустацветы,
Адзін васілёчак.
Уся сям'я нелюбая,
Толькі міл дружочак.
* * *
Ясна-красна на небе зара.
Міла i люба Іваньку жана.
Пашыў ей шубачку з сямі сабалёў:
— Мар'ічка-душачка, насі шубачку.
Насіўшы шубачку, ды не падбівай,
Раджаўшы дзетачак, ды не
старыся.
Гаруй гора, ды не скаржайся.
— Іванечка-дарагушачка,
няпраўда твая.
Насіўшы шубу, мушу падбіваці,
Радзіўшы дзетачак, мушу
старыцца,
Гаруючы гора, мушу скаржацца.
* * *
Цераз кладачку, цераз гібкую
Мужык жоначку вядзець.
— Ах ты кладачка, ах ты гібкая,
Ты не гніся пада мной.
Ой ты жоначка, мая мілая,
Не сварыся ты са мной.
Выпі чарачку-пазлачаначку,
Ой, не будзь жа п'яненька,
Радзі сем сыноў i дачушачку,
Ой, не будзь жа старанька.
— Ах, мой міленькі, ай, мой
любенькі,
Ўся ж няпраўдачка твая.
Вып'ю чарачку-пазлачаначку,
Мушу быць я п'яненька.
Раджу сем сыноў і дачушачку,
Мушу быць я старанька.
* * *
Наварыў брацец піва п'янага,
A зазваў радню ўсю багатую.
А па бедную ён i сам не йдзець,
Ён i сам не йдзець i паслоў не
шлець.
А я бедная ды сама прыйшла,
Занядбаная ды нязваная.
Як багатыя на куце сядзяць,
А як бедныя — ў канцы століка.
Як багатыя, — яны п'юць, пяюць,
А як бедныя, — горкі слёзы льюць.
* * *
А як выйду я за вароцечкі,
Кругом чужа старана.
А туды, сюды дзве дарожанькі,
A ў мой сад адна.
— Ай вы, сёстрачкі, вы сяструлечкі,
Вы куды ідзіцё?
— A ідзём жа мы у зялёны сад
Мёд-гарэлку піць.
— А як будзеце мёд-гарэлку піць,
Успомніце пра мяне:
А дзе ж тая сіраціначка
У чужой старане?
* * *
A спіралася* бабровачка
З баброчакам:
— Лацьвей табе, мой баброчака,
А не мне.
А ты палеціш на сіне мора,
А я не.
А ты будзеш купаціся,
А я не.
На беражочку страхаціся,
А я не.
A спіралаея млода Ганначка
З Іванькам.
— А лацьвей табе, мой
малойчыку,
А не мне.
А ты будзеш у роднай мамулькі,
А я не.
Цябе будуць паціхусеньку
Будзіці,
Мяне моладу выйдуць на вулку
Судзіці.
* * *
А я ў піpy была,
З піру я дамоў прыйшла.
А дома журбу знайшла.
Свёкар па сянёх ходзіць
I ў руках бізун носіць.
A мілы за ім ходзіць,
Свайго татульку просіць:
— Не бі жонку бізуном,
Hi каляным рукавом,
Не бі жонку цвярозую.
Бярозка гібучая,
Мне жонка балючая.
Бярозка з макушкамі,
А жонка з дачушкамі.
Бярозка бяленькая,
Мне жонка міленькая.
Бярозка i з веткамі,
А жонка i з дзеткамі.