Пра Андрэя гаварылі ў Крынках, што ён час ад часу дурэе.
Лісты ад маці пахлі полем.
Іншы раз ён насіў іх на работу, бы кветку на пінжаку.
Капітан памятаў сказанае. Ён наведаў Андрэя, прыйшоў з нікеляваным зрокам, акулярнік. Пастукаў у дзверы яго кватэры коратка. Пачуўшы гэтакі стукат, Андрэй чамусьці адразу падумаў пра яго. I не памыліўся.
Гэта быў сапраўды ён. Зняў блішчачыя акуляры і шкельцы іх павыціраў насавою хустачкай. Сказаў звычнае, будзённае: «Мароз, хвароба, бярэцца». Распрануўся і, паслухаўшы запрашэнне, рассеўся. Завялі нязначную гаворку: пра надвор'е, пра лячэбныя ўласцівасці чаю і ліпавага цвету; пагадзіліся наконт шкоднасці для арганізму, асабліва для сэрца, натуральнай кавы...
Курылі.
— Так, — сказаў капітан Андрэю (як каню, які задоўга хадзіў без вуздзечкі). — Я прыйшоў да вас. Я сказаў тады, што пры нагодзе зайду. Вось і зайшоў.
— Вельмі мне прыемна, пан капітан. Я рады дапамагчы вам.
— Пане Антошка, ваша справа высветліцца. Прашу не непакоіцца, усё закончыцца добра. Тут крыху наблытаў адзін наш супрацоўнік. Наогул — верым вам... — гаварыў ён Андрэю.
— Мне прыемна гэта пачуць, — адказаў яму. «За што, за якія гэта грахі я павінен быць удзячны за аказаны мне давер?»
Андрэй, аднак жа, не абураўся: сапраўды было яму прыемна ад праяўленай да яго ўвагі. Падабалася яму быць заўважаным кімсьці, тым болей — капітанам, які з грознага службоўца пераўтварыўся ў сябра. Нібы напрашаўся з дружбай.
— Пан Андрэй, міла пагаварыць з вамі, але час, на жаль, не чакае. Такая ў яго натура, — капітан дастаў з партфеля дробненька запісаны фармуляр. — Гэта пратакол па вашай справе, апошні, — вытлумачыў. — Прачытайце яго, калі ласка, і падпішыце — на кожнай старонцы — унізе.
— Пратакол? — перапытаў Андрэй.
— Для фармальнасці, ведаеце, трэба было скласці такі заключны дакумент. На гэтым усяму канец.
— Гм, пратакол... — падпісваў разборліва, выводзіў літары адну ля другой.
Картка, другая, наступная картка, чацвёртая, пятая...
Падпісаўшы, Андрэй праводзіў капітана.
Апавядаў яму пра лета ля возера Зэльва, аб цішыні і грыбах, стрункасці соснаў і рознасці пошумаў у пушчы, звычаях птушак, якіх, шчыра кажучы, амаль не бачыў. I — пра смакавітасць рыб, асабліва акунёў таксама наапавядаў. А калі дакладней гаварыць аб цішыні, дык падзяляецца яна на тры галоўныя — поля, лесу і неба. Той, хто любіць цішыню неба, ушануе глыбіню думкі. Цішыня ж поля выклікае апетыт, жаданне разламаць круг хлеба, свежага, з печы. Цішыня лесу дае ўяўленне аб страху, боязі...
— Да пабачэння, пане Антошка, — гаварыў капітан. Яму не было калі слухаць. — Выбачайце, што заняў я вам гэтулькі часу.
— Не, гэта вы прабачце мяне. Гэта я... Трэба было пазваніць мне, і я зайшоў бы да вас, у камісарыят, падпісаць пратакол.
— Нічога, дробязь. Мне, прызнацца, іншы раз вельмі хочацца нармальна пагутарыць. Зразумейце мяне і — не турбуйцеся.
Цёпла развіталіся.
Калі б яны пагаманілі так даўжэй, тады на развітанне, магчыма, кінуліся б сабе ў абдымкі... Застаўшыся адзін у кватэры, у гэтай чацвёртай цішыні, аб існаванні якой даведаецца пазней, Андрэй ледзь не закрычаў ад чагосьці, што ўдарыла яго знянацку, ззаду, невядомаю сілаю. Што гэта? Нешта хіхікала побач, у адлегласці выцягнутай рукі, нябачным смехам, усёвідушчым. Быц-цам чорт на таполі ля спаленай у вайну сялібы, у купіне дзічак у жыце, за каменем-валуном.
Разглядаўся зіркачамі страху.
Капітан жа прыходзіў не так сабе.
«Чаго ён спадзяецца ад мяне?» — Андрэй падпісаў гэты пратакол, не чытаючы яго. Уверагодніў напісанае яму загадзя.
Думкі згуртаваліся ў дружную сям'ю. Запрыкмеціў: некаторыя з іх настолькі ўвайшлі ў яго, што сталіся яны ягоным рэагаваннем. «Вось табе, хэ-хэ, пераход з нематэрыяльнасці ў матэрыяльнасць», — паджартунак датычыў таго адчування страху, які, непрыстойны чалавеку, робіць яго сабачкам у нагавічках, выдрэсіраваным. Такі страх яшчэ можна выгнаць, схапіць яго за мызу.
Тым часам пачаў наведваць Андрэя страх, якога ўжо нельга было выперці за дзверы або высмеяць, ці пабіць, быццам хулігана, што адважны пакуль баяцца яго. Гэты страх не скакаў да горла, не тузаў за рукавы, не хіхікаў усёведаючым хіхіканнем. Ён стаяў. Не круціўся баязліва, не ішоў і не адыходзіў, нават не насупліваўся. Мудры! У ім, можна падумаць, нешта і з добразычлівасці...
Спадабалася Андрэю выходзіць на шпацыр у непагадзь. Забіваўся ён у той закутак якогасьці панадворка, куды не заглядвалі вокны. Там яму надта спорна думалася, у дождж з бязмоўем, якога ніхто не бачыць.
Каторагасьці дня Андрэй прастудзіўся, меў высокую тэмпературу. Прымусіў сябе з'есці кавалак хлеба з вяндлінай, пасля чаго заснуў на цэлы дзень і вечар. Яму снілася непрыгожае дзяўчо, якое жыве ў будынку, што насупраць; яно шторанак фізкультурнічае на балконе сваёй паненскай кватэры. Навошта такому целу здароўе?