Выбрать главу

— ...Я займаю вам час, — скончыла гаварыць. Я вылузваўся са свайго: нашто прыгажуням замужжа? Стаючыся жонкамі, яны дапускаюцца гэтым несправядлівасці, бы з тымі грашыма, што крыўдзяць таго, хто іх не мае!

— ...А ці ж не мая рацыя? — запытала яна.

— Што? — перапытаў я і загаварыў: — Так, напэўна. Я думаю — усё тое, несумненна, так... — і вярнуўся: мы ўбілі сабе ў галовы, што прыгожаму і добраму трэба падмогі. Няпраўда! Мы, звычайна, яго хочам больш за іншых.

— ...Я і спадзявалася, што мая будзе рацыя!

— Ага... вядома ж...

Яна зіркнула на мяне іначай; як на хворага.

— Выбачайце, — суха сказала. — Мне пара...

Устала.

— Да пабачэння.

— Бывайце, да пабачэння, — я пахаладзеў ад павеву прыкрасці. Ад здагадкі, што яна магла ж абразіцца за маю няўважлівасць.

Выходзіла.

Я праводзіў яе і, калі яна сышла ўніз, да пад'езду, вярнуўся ў кватэру, зачыніў ды замкнуў дзверы, зайшоў у пакой. Я сеў у тое крэсла, мяккае, у якім яна сядзела; было цёплае.

АЧАЛАВЕЧЫЎСЯ

Ён не тое што пашукаў, а пастараўся сабе работу.

Быў гэта даволі не дурны занятак з продажу білетаў на канцэрты паўгарадскога спявацка-танцорскага калектывіку жыццёвых банкрутаў. Гешэфтам кіраваў непапраўны плацёжнік аліментаў, які, у безграшоўе, яўна хадзіў нанач да пакладзістае жонкі лірычнага барытона. Раганосцу было ўжо ўсё роўна, нават і добра, — тады мог піць да белага дня ў забягалаўцы «Сонейка».

Прэтэнцыёзныя спявачкі ды ўпаўшыя духам танцоркі грызліся паміж сабою за нешта сваё, кабечае. Каб той сабака пачуў быў іх сварнечу, дык, пэўна, засмяяўся б, сеўшы на хвасце... Яны найчасцей мелі надзею на бліскўчае замужжа, папярэджанае каханнем, як у галівудскіх кінафільмах. Усё яшчэ вясковыя, але апранутыя паводле варшаўскае моды, аднак без чуцця новага ім густу; некаторым з іх сапраўды шанцавала на нядрэнных мужоў, чаго яны недаацэньвалі, лічачы, што ахвяроўваюць сваім талентам артыстак, ідучы за слесара ці столяра...

Калектыўчык папаўняўся навапрынятымі адэпткамі прыгожага мастацтва, у якіх, зазвычай, наглядалася спачатку шмат інтрыгуючае натуральнасці, дзявочае скромнасці і цікавага спеву або танца. Ніяк не знаход'зілася сярод іх такая, што катэгарычным чынам адмовіла б шэфіку ў засваенні пасцельнае сітуацыі з ім. Гэткае іх велікасвецкае выгладжванне манераў пазнавалася па тым, што навічка неўзабаўку звярталася да яго, усемагутнага, не толькі па імёні, але і з асаблівым агнём у вачах.

Пабачыўшы многа чаго ў гэтых спявалак-давалак ды ў іхняга супольнага каханка, якім дзяліліся яны, як вароны падлай, ён не вытрываў усяго таго і згідзіўся! Пайшоў адсюль за грузчыка скрыняў у гандлёвай фірме. Брыгада, у якую ён трапіў, займалася развозам тавараў у мястэчкі Беластоцкага краю. Аднак жа нідзе так, як менавіта тут ён навучыўся сцябаць гарэліцу ў патаемках і шчыпаць кумпястых буфетчыцаў.

Аднаго разу, галавастаю «шкодаю» ды цэлым ган'ём, ляснуліся ў прыдарожную вярбу (за Мілейчычамі). Вылецеўшы з шафёркі чортам, галавою капануў ён у восеньскую раллю. Ратуючы з балота розум, агледзеўся і прысягнуў перад самім сабою, што стане пісарам. (Ад імпэту ногі параскідала, і нагавіцы на іх падраліся ўздоўж швоў, ажно жах было глядзець на сябрыскаў з пакрыўленымі мордамі ды пакілбашанымі рукамі, у якіх, здавалася, яшчэ трымаюць шкляніцы...)

На пісара таго выйшаў ён за палову грошай у параўнанні з тымі, што зарабляў з працоўнымі буянамі. Гэта яго здабыча стала магчымаю таму, што ў дырэкцыі акурат падшукоўвалі кандыдата ў ахвярныя казлы, на дурноту якога можна б узваліць нарастаючыя недахопы (аб чым ён наўрад ці і сёння ведае). Ухвалена паставіць яго намеснікам загадчыка, з тытулам: пан загадчык, ха-ха-ха!..

Тады з'явілася ў неўдалоты мэта жыцця.

Ён дасягнуў яе, ажаніўшыся з чысценькай гараджанкаю. Па сваёй прасцяцкасці ён і не падумаў пра тое, што гэта дырэкцыйныя бадзягі падвялі яму выезджаную імі тую беларучку (палохала іх аліментамі!). I ён схапіўся за яе, бы той мядзведзь за цэбрык з мёдам; вяселле адбылося вельмі па-панску, у бляску лампіёнаў. Яна крыўляла сабою на цнатлівую, прыемна ашаломленая ягонымі мужчынскімі магчымасцямі... Набіла яго па шчацэ толькі адзін раз, неяк перад Каляду, неўзабаве пасля хрэсьбінаў сына, калі спрабаваў здзівіцца хуткімі нарадзінамі малога і да таго падобнымі няяснасцямі. Колькі дзён прыходзіў на работу ў процісонечных акулярах і з нейкай улюбёнасцю ўсё злічваў у куце ножкі ад старых крэслаў, забракаваных інспекцыяй працы.

Узвычаіўшыся да лёгкага хлеба, ён вылюдзіўся на гаваркога ўрадоўца і нават з бяспечнай бязбоязю ўзнімаў гутаркі аб тым, што яму лепей аплацілася б запіхаць у панчоху мільёны з бацькоўскае гаспадаркі чымсьці за марны грош гібець на такой пасадзе, Тыцкаў гэтымі мільёнамі кожнаму пад нос, адначасова робячы засцярогу, што тыя грашыскі сатана на хвасце панясе, бо ж жонка ў яго, бачыце, далікатненькая жанчыначка. Таму вось жыве ў гэтым Беласточыску адно дзеля яе!