Нарэшце ачалавечыўся ён, заўсёды выгалены да сінечы на барадзе, з культурнымі паводзінамі, гэткі таварыскі ды спагадлівы мужчына на дзяржаўнай службе, пра якога ніхто нічога дрэннага не скажа. Даўно забыў ён і пра тыя спявачкі, ад якіх некалі не без рацыі быў уцёк. Бо яму ўдалося!..
З тратуара ўваходзілася сюды праз дзверы са стоптаным парогам, за якімі пачыналася прадонне калідора; дзесьці наперадзе бялела ваконца. Крокі прыглушваў бруд; ад падлогі пахла пылам і мышамі. Было па-архіўнаму ціха.
Дзяўчына ў канцылярыі, расседжаная за кульгавым сталом (пісьмовага прызначэння), глядзела на цябе, як на валэндача. — Вам чаго? — запытала, і здавалася, што яна, вось, распазяхаецца. — Яго няма, — гаварыла аб патрэбным табе ўрадоўцу. — Зайдзіце заўтра, — нецярплівілася, калі ты не адступаўся. — Адкуль мне ведаць, ці ён будзе, — злавалася пабрынялымі вуснамі на тваю настойлівасць. Ты застаў яе за другім снеданкам. — Зайдзіце, ну... Мы-мы-мы...
Ад твайго жарту, які абавязкова рассмяшаў знаёмак, яна паслупянела. Яна рабіла ўражанне тае асобы, якой шчыра не хочацца: ні есці ды ласаваць, ні курыць і піць, ні чытаць і думаць... Уяўляла сабою гэткае існаванне, якое, мабыць, дарэчы было б параўнаць з пяньком і ў адліжным снезе.
I на цябе пасыпалася ад яе якаясьці санлівасць, і табе ўжо стала як быццам усё роўна: стаяць тут ці выходзіць... Вяртаючыся дамоў, ты здзіўляўся тым, што пайшоў быў у гэту ўстанову, — пакуль не сцяміў бязвольна забытую прычыну таго, у забеганым натоўпе на вуліцы, у вуркатанні машынаў (некаторыя з іх, бы тыя гукаючыя свінні...).
«У цёплае пагоддзе нядобра афармляць справы», — адкрыў ты сабе. А пажылы падлізнік, якога ты недалюбліваеш, пакланіўся ў твой бок ажно з па-за дымнага скрыжавання, даючы гэтым зразумець любую яму, а табе да абрыдласці вядомую іранічнасць з намаганнем на вялікасвецкасць, і ты прамармытаў: — У тых, якім засталося адно кпіць з іншых, чамусьці падобны характар і голас, і паходка таксама, і... Эх, пляскатанне языком.
Ты азірнуўся, ці — не дай Бог! — хто не пачуў.
Супакоіўшыся, дома, ты паглыбіўся ва ўводзіны да псіхалогіі ўступнага этапа справы. Важны тут дзень тыдня, гадзіна не без значэння, прыкладам кажучы, ранішняя. Неабходна ўлічыць выгляд уласнае фігуры і манеру размовы, сур'ёзістае або бесклапотна сімпатычнае, і здольнасць шчасна ўвайсці ў сувязі з сакратаркаю, што завецца першым сутыкненнем на прадвызнача-ным напрамку. А культура чакання? — цярплівае, спешлівае, абыякавае, надакучлівае (з выціраннем успацелага лба або з непрысутным тварам)...
Нельга паддацца, кажаш, намтрою ад задрыпанае мэблі. Гэтая, мала даследаваная, з'ява ўплывае на нас неўпрыкметку, асабліва калі карпеем тырчма над сваімі думкамі ў афіцыёзна ўбогім кабінеце альбо менавіта ў чакальным пакоіку (выседжаныя крэслы, пахілыя вешалкі, распоўзлая шафа з наваленаю ў яе дакументацыяй). Аблезласць як праява бядоты суцішвае нас, схіляе да ўступлівасці, спачуванняў. (Ты ж суцяшаў загадчыка — праўда, па-хітрунску слязлівага, —- які потым гнаў цябе з пасады!)
Я выслухваю цябе з зацікаўленнем, але і зліпаюцца мне вочы, і ахопліваюць мяне дрымоты. Я магу ўявіць значнасць дасведчанага табою і адначасова неяк непадпускаю гэтага да сябе. Тваё я ўспрымаю бы газетны пераказ пра дагэтуль невядомае племя, што жыве на палінезійскай выспачцы, аб якой нічагуткі не ведаю ды і не вельмі хачу таго...
У мяне ёсць ужо выгодніцкая боязь перад табою. Такое пачуццё, мабыць, нашэптвае мне, што я ўсё-такі не павінен пазбягаць цябе, як кагосьці такога, хто ўтрэскаўся ў глупствы, у іх ліпны лабірынт мухалоўкі. Мне трэба — калі нічога болей, — прынамсі, зразумець цябе
Ясна, што простыя ўцёкі рэдка даюць выйсце.
На музыках у Сяржанаўскай фабрыцы Колька танцаваў з дзяўчынаю, у якое былі каштанаватыя валасы, рухавыя ды гарачыя. Яны казыталі яму ў шчаку. Калі закончваўся танец, ён не адыходзіўся з ёю ўбок, пад сцяну, але стаяў пасярэдзіне залі, ля каланады. Усё ўглядаўся ў яе, такую задаволеную ды вёрткую.
Упачатку каторагасьці танца падышоў быў да яе пры Кольку нейкі франт з вусікамі, смешны. Той хацеў загуляць з ёю, адбіць! Колька не пусціў дзяўчыны, нагрубіяніў яму; запацелаю рукою прыціскаў яе да сябе. Яна не баранілася, мяккая ды лягавітая, адчуваў гэта...