...У замглёнасці ўзлесся, у бок Пачапка, пасецца дзікі звер. Відацьме, алень. Чаму ён якраз навідавоку? Гэта ж так небяспечна для яго апынуцца ў полі зроку чалавека!..
Эх, аўтамашынай паімчацца б табе па шашы ў майскім дрэўі! Панаднейшы смак ад таго, калі ты далей, у глыбі мураванай Польшчы, або ў па-заходняму акуратным замежжы. У бацькоўскім жа старонні дагніваюць пакінутыя вёскі, якімі, а каб не, зацікавяцца археолагі зацюканасці ды бядоты. Куды прападае людская праца? — палі зарастаюць хмызам, украпівелыя сядзібы нагадваюць сабою колішпія могілкі з руінаю капліцы, а ўнукам нашым манерным і не ў здогад нават тое, што ёсць жа і ў іх дзяды ды прадзеды... Народ мой хворы бяспамяццю таксама.
...Яблык падае блізка ад яблыні. Гэта так, як лёс маці паўтараецца ў дачцэ, праўда, па-свойму... Хвалімся, галытва ўчарашняя, вялізным кавалкам хлеба, нарэшце і катэджамі з мансардамі, каб папанстваваць, не цямячы чамусьці, што знакі багацця сталі не тыя і што ўсё гэтак жа міражныя яны для нас. Мінулае нацыі, бы абсалютная ісціна або прыцягненне зямное, што моцна трымае нас, — помсліва, ці як, не дае нам выпрастацца, пазбыцца анамаліі росту.
У Крынскай пушчы ўпаткацьмеш паляны з вывараценямі і лугі, ад хараства якіх затрымціць табе ўваччу. Адзін лес старасць упрыгожвае, і ён век-вечны. Будзе мець рацыю той, хто прыраўняе да яго культуру (без яе свет сам не ведаў бы пра сябе, пра тое, што ён быў і ёсць!). Сядзеш, каб ногі табе адышлі, збоч ад сенакоснай траскоты касілак і на строме рэчкі ў лозах, над тою яе затокаю, у якой вудзяць маладых шчупакоў. Вада бруіцца ў ёй у водарасцях, а цябе пранізвае заедлівае: ну чаму гэта мы, чаму забедныя і забедныя?! Дападаем да сваіх шанцаў, а яны, аказваецца, высмактаныя... Ачышчаючы з галчыных гнёздаў комін і апухі, ты дзівіўся, што знаходзіў у іх засушаны трупок піскляняці, як заўсёды, адно заморанае.
...Еўропа нам даўно за гарамі. Нічога не скажаш, не мужыку ж палацы ў галаве (прынята гаварыць у высокім тоне). А па шчырасці, дык куды прасцей усенька у нас адбываецца — а будзь ты сабе кім хочаш, абы грашавітым! Нішто ёсць усё золата і блакіт дня, тамы кніг ды старцаў развагі, сама існасць існасці, — хлісні долі нашай над нашымі, мазаля яе і ганьбы пакаштуй. Вымавіш тады: разумею — і аціхнеш утомна, без болю (бо ён у таго толькі, хто не пагаджаецца).
...Племя маё нагамі дапераду выносяць унукі ягоныя, тыя ж пачужэлыя, і пажыткамі дзеляцца. А мо і застанецца пасля яго ўсяго сытасць бяздумная, якой будзе выгода параю? Калі так, дык пажартавала з нас асвячоная эпоха ўсеўладная, быццам ласкавая пані яснавяльможная калісьці, што служкаў сваіх віншавала імянінна ды за стол запрасіла, а мы так жа і цяпер наеліся за ім ажно да адрыжкі, усё роўна што за ўсе вякі мінулыя, а як жа глумныя над намі!..
Няма пэўнага адказу на пытанне, адкуль бярэцца дурнота. Усё не дае мне гэта спакою — тлумачэнні яе неадукаванасцю ёсць, аднак павярхоўныя. Куды ж тады падзецца з прафесарам-дурнем?
Не больш дае таксама праўда пра адзічэласць бядоты раптоўным дабрабытам. Знаходзяцца такія, што, разжыўшыся на вілу, аўта і каханку, — не перастаюць пазнаваць людзей.
Бліжэй да ісціны тут лёгкасць нажывы, асабліва празмернай. У гэткі шанц сапраўды можна ашалець, калі бракуе арыстакратычнай вытрымкі. Патомнае ўбоства знакаміта асвятляе гэтыя няяснасці, а ўсё-такі дзякуючы таму, што ў гісторыі наогул ёсць гісторыя ежы, адзення і пасцелі.
Чалавека робіць дурнем і сітуацыя. I гэтак жа параўнанне: каму дурань, а каму і не.
I так пачынае быць без канца... Як з мудрасцю.
А ці без дурноты ведалі б мы разумнае? Вялікі мудрэц і ёсць вялікі дурань. Няўпэўнены я толькі ў тым, ці дурань можа быць разумным. Хоць як быццам не пярэчыць гэта логіцы, і прыклады таго, здаецца, відаць...
Я ўсё шукаю адказу на пытанне: «Адкуль бярэцца дурнота?»
У Вавёрчыным завулку — лужы і жалезныя платы. Асабнякі ў ім, бы тыя дзеці аднае, але не вельмі каб разумнае маткі. З ганкаў тут сыходзяць усё роўна што пасля святочнага абеду (на які падаюць прыгожую свіную катлету, абкіданую зялёным гарошкам). Дзяўчаты носяць узімку высокія прычоскі з аздобнікамі, белыя даўжэзныя шалі ды каўнерыстыя кажухі наросхліст, сягаючыя ім да лытак. Яны чамусьці дзялецкія такія і не нагадваюць сабою карнавальныя балі з дастойнымі вальсамі. Летам жа, у пару выспявання садкоў, аголеныя і загарэлыя, нечым занятыя з той заклапочанасцю пачынаючай гаспадынькі, якой ужо заказалі вясельных музыкаў (пад восень). А недзе дзікі пляж забеластоцкі, над рэчкаю лясною з вадзянымі ліліямі, і погуд далёкі вузкакалейкі, у якім як жа добра пабыць у адзіноце.