Выбрать главу

Бадай, на чацвёрты дзень грыпу Андрэй адчуў сябе пармальна. Уставаў світанак, па-асенняму нерухавы і спахмурнелы. Па шыбах часам дзынкалі кроплі, неяк спрабоўючы звярнуць на сябе ўвагу, але без той нецярплівасці, да якой здольны красавіцкі дажджапад, вяшчунскі.

У гэтакую рань, калі вядома, што ты здаровы, але пакуль непатрэбны, ёсць жаданне настойліва прызадумацца пра знаёмых ды сяброў. У такі перапынак жыцця прыдатнасць роздуму над гэтымі людзьмі, аднак жа, не надта відавочная, бо — у адпачытай памяці — важнае і няважнае з'яўляецца на роўных правах. I, мабыць, значнае трэба лічыць вынікам ператомленасці.

Беручыся за важнае, менавіта за важнае, імкнемся дабіцца нечага значнага. Андрэя засмучала прадчуванне таго, што ён усё-такі круціцца, не мяркуючы як той шоцік ля лесвіцы, па якой увысь лазяць іншыя. Яны ўпэўнена ступаюць боцішчамі на прыступкі, абтрасаючы яму на галаву смецце або і кавалкі гною, што прыляпіліся да абцасаў, быццам у бацькі... (Бацька ўзыходзіў па лесвіцы на вышкі, што звычайна над хлявом, і, раскрочыўшы ногі, гудзеў на Андрэя, каб ён падаваў яму важкія вязкі саломы. Закідвалася іх туды доўгімі віламі, двухзубымі. Бацька хапаў такую вязку, паварочваўся з ёю і заносіў яе ў закутак, пад шчытавую сцяну; саломме сыпалася Андрэю на галаву. Ён быў замалы, каб прымаць тыя вязкі там, угары: не ўтрымаў бы іх.)

Баязлівец або слабак пастаіць на першай ці другой прыступцы ды сыдзе на зямлю. Яго хуценька адштурхнуць, каб не перашкаджаў, тыя, у каго вяма дрыжыкаў ад таго, што лесвіца пагрозліва скрыпаціць і — магчыма заломіцца... Баязлівы або нямоцны часам возьмецца, здалёку, выкрыкваць, што яму нічога не даюць, што адагналі яго — такога прагоняць яшчэ далей, так далёка, адкуль не чуваць яго звяху. ён, у адвячорак, набраўшыся адвагі палахліўца, падбяжыць пад тую лесвіцу, ля якой зрабілася пуста ды цёмна, і паглядзіць на яе, цэлую, зусім цэлую. Нават дакранецца нагою да яе нізкай прыступкі і па-сабачаму сігане без стрымгалоўя, у пахі свінушніка, бо яму здасца, што нехта, хтосьці над ім выгукнуў: куды, разлеза!

Андрэй меў калісьці, у маладосці, сабачку Пудліка, вернае стварэнне. Вельмі баяўся сабак, і таму было яму надта даспадобы мець якраз валахатага сабаку. Разумны быў, падаваў Андрэю лапу, лізаў яму шчокі. Пудлік памкнуўся лезці за Андрэем на тыя вышкі. Паскавытаў ад таго жадання, чапляўся за колькі прыступак, але паварочваў назад, дзесьці з палавіны вышыні лесвіцы. Забаўна растапырваўся, і здавалася, вось-вось грымнецца ён вобземлю...

Пагаліўшыся, Андрэй прыпарадкаўся і рушыўся на прагулку. Ён любіў даходзіць ад скрыжавання вуліц, да гушчэчы даўняга парку, дзе ў прадвесне — нікагусенькі! Па ўцямнелым дрэве, на панурай яго вяршаліне, пракаркае варона або паміж кустамі запанікуе заяц. У адлігу з ялінавага вецця абвальваецца каваліскамі снег. Сонца залоціць кару, адаграе яе, і тады ўзнікае ўражанне, што дрэвы прачынаюцца, пазяхаюць. Стаіш сабе ля галінкі і назіраеш, як яна, разагрэтая, памалу астывае пад захад, кладавіцца спаць, каб назаўтра ізноў пражыць, ціхусенька, у заценьку. Выламаць такую галіначку, прапахнёную шышкамі, гэта ж тое, што дапусціцца непрабачальнага.

Збоч дарожкі тырчыць стары чалавек, з кульбаю. З блізарукай настойлівасцю ён прыглядаўся да Андрэя.

— Добры дзень. Вясна ідзе, — старому трэба пагаварыць.

— Адліга якая! Сонца, ай-ай-яй...

— Так. Бясхмарны дзень, утульны, — Андрэй пазбываўся бязмэтнай нецярплівасці.

Пахацела сухім, леташнім крапіўнікам і мятай — ад рэдкалесся з альшыны і елачак, што рухава чарнелі на падабенства вывадка дзікіх качак. I была ахвота ўяўляць сабе празрыстую азёрную затоку, у якой жаўцее дно, цвітуць водарасці, варушацца рыбы, моршчыцца ветрык, а калі глядзіш у глыбіні, не бачыш смерці. У раніцу — добра пакупацца, паплысці на чорныя воды, туды, дзе працякае падводная рэчка ля паўвострава Высмалы. Плысці ў халоднае, ад якога паварочваешся, успомніўшы, што ляжаць тут, у бяздоннях, збітыя пад час вайны самалёты. I старажытныя лодкі, і шкілеціны людзей, і тысячагадовыя бярвенні. Колькі гэта радасці паплёскацца менавіта ў пясчанай плыцізне, выгібаючыся па-гусінаму!

— Снег хутка сыдзе, гаспадары пойдуць араць і сеяць. Жаўрукі, пэўна, ужо прыляцелі? — Андрэй згадзіўся пагутарыць са старым.

— У мае маладыя гады, пане, у гэту пару дзеці босымі бегалі па калюжынах і караблікі з газет пускалі на ваду...