Вера выстуквала на пішучай машынцы.
А ён — шмыгнуў да сябе.
За агнямі Беластока, за яго апошнімі вуліцамі, расшчэпле-нымі на трэскі прыгародніх сцежак-дарожак, у даліне, што за пагоркамі, цямнее вёска. У ёй не відаць тае бліскатнечы горада, — толькі зарыва, якое падсвятляе зоркі на небе, зайздрослівыя мігатлівіцы ў марозную ноч. Не стаю я ў гэту цемень на грудзе за гумнамі, сяджу сабе за цёплым акном, у хаце, і гляджу богведама куды. Я тут на вяселлі брата.
Усе паўставалі і спяваюць «Сто лят», а мне ад таго сумна чамусьці.
Адбываецца сялянскае вяселле: за сталамі з сотня гасцей, якім падаюць вульгарныя літроўкі, ля парога шпараць свае кавалкі ўжо падпоеныя музыканты, чуецца песню за песняй, мужчыніскі падгаворваюць бабаў піць «да канца», а рагатухі — «да дна». Гавораць усе адразу, усе да ўсіх — сусед да суседкі, суседка да су-седа, і ніхто нікога не слухае.
Вясельнасць развясельваецца.
А мне маркотна, хоць ты забіся! Няўжо гэта ад таго, што вясельнікі са скуры вылузваюцца, каб усяму прыдаць нейкі рэстаранны тон, выветраць адсюль сялянскасць, збіцца на чужы лад, як з нечым удала пазычаным. «Забалела ты, мая галованька...» заціхла ў шматгалоссі рэнаў рольскіх, вайцехаў млынарскіх, ірэнаў сантар, азнавураў, санджэрсаў, якія прыбіліся сюды нейкім тлумам укормленых дачнікаў на лета надрэчнае. Красамоўны сват неўзабаўку папярхнуўся «актамі вэсэльнымі», «прошапанствамі», ды яшчэ чымсьці такім,— сёння не спамятаць мне, менавіта чым (?). Аднак, напэўна, не ягоным, не сваім, затое ж бліскучым, бы той багемскі пярсцёнак у вітрыне, што ля цэнтральнае вуліцы, дзе неоны і аўтамашыны, і напарфумаваныя тратуары.
Вяселле, усё-такі, сялянскае яно, бо іншых няма на свеце, (гарадскія не бываюць). Словам, вяселле!
Дружкі-сваячкі ў дарагіх сукнях, упрыгожаныя пераконана-сцю ў тым, што яны — не сялянкі, ганарацца сваімі пасадамі на заводах. Дружбанты-сваякі ў чорных касцюмах для большае святочнасці, відаць, дрэнна адчуваюць сябе ў хамуце манераў, падгледжаных у патомных мяшчанаў, але яны не пацеюць да пятае ці бо і сёмае чаркі. Гэтыя таксама не сяляне. Адны старыя пачуваюцца імі, і таму па іх тварах скачуць грымасы вінаватасці. О, яны добра разумеюць, што ўсенька непрыгожае можа выкінуць толькі ад іх. Нехта з маладзеччыны, на выгляд дзіўна скромны, нечакана загаварыў да: старога па-свойму, па-беларуску ўголас і той бядак пачырванеў ад гэткае ганьбы ды хутка-хуценька адказаў ён хлопцу па-гарадскому, па-панску, «інцілігентна»!..
На вяселлі за Беластокам нешта плялі пра багіню кахання, пра Венеру, але побач яе я ўбачыў і багіню ганьбы, Вёску, дакладней — Вёскішчу. А мо яна ёсць няшлюбнае дзіцё Венеры? Так, вядома, было б лепей, бо нашто ж нам тая багіня ганьбы?!.
Нарэшце вось я сцяміў свой дзівацкі сум: гэта ж усе чакаюць смерці Вёскішчы! I, як пра нябожчыцу, якую грэх памінаць ліхам, пад раніцу на вяселлі запяялі — «...ручнікі плылі...», «...а ў полі...», «Я Іванка так мілую...». Праўда — не столькі бяздарна, колькі безнадзейна паныла, з такім няясным роздумам ці шкадаваннем у п'яных, чаго абавязкова будуць яны саромецца потым.
Пачалі раз'язджацца — хто да аўтобусавага прыпынку, а хто да чыгуначнага, каб паспець на фабрычную гадзіну работы, вельмі паспешліва развітваючыся з маладою параю, усё роўна што баючыся пачуць ад яе: «Забярыце нас адсюль, молім, забярыце!..»
У такі час, калі праводзіш вясельнікаў за вёску, у дарогу, і, дайшоўшы з імі аж да Відушчае гары, паглядзіш на віднеючы ўдалечыні начны горад, дык ці не здасца ён табе вялізным могільнікам у Свята Памёрлых з безліччу свяшчэнных вогнікаў у густы лістападаўскі вечар?
У яго было, вядома, сваё імя і прозвішча. I не такое ўжо вельмі паганае яно, тое яго прозвішча, нават не мужыцкае. Імя, аднак, меў ён выразна беларускае.
Але тады, яшчэ ў дзяцінства, усё гэта заставалася без аніякага значэння; край наўкола быў жа яму свой.
Маці, праўда, злавалася: «Дурні, то і па-дурному празвалі хлопца!» Сымон Музыка — такая празыўка прыбілася да яго, сапраўды, не зусім каб зразумела як...
Блага прыслужылася яму тут, у гэтым, адна беларуская- кніжыца, якой сам ён і ў вочы не бачыў, а фактычна — так казалі ў мястэчку, — якоесьці слоўца ці што з тае яе мовы, якая жа ж нікому, хоць нібы і нашая яна, не давала выехаўшым адсюль у свет ані хвалёных ведаў, ані гонару хаця б. Ад яе на вярсту несла чарнаротаю злосцю да ўсяго, што адукаванае, далікатнае, такое панскае (адчуў і ён тое потым). Сымон Музыка, як месца свайго нараджэння падаваў упаследак, — чаму б і не? — досыць шыкоўны ў Беластоцкім краі, пэўна, горад з некаторымі традыцыямі гістарычнага плана, пакуль не прыйшла пара адслужваць войска (струсіў быў перад рэкруцкаю камісіяй, паўстаўшы перад ёю ва ўсім сваім сораме голасці, і тым разам не здолеў прыемна сабе змахляваць).