Выбрать главу
У МЯСТЭЧКУ

У мястэчку жывуць ад снедання да абеду, потым хутчэй да вячэры (каб паспець да тэлевізара).

У руінах, што за гумнамі, абсталявалі ферму курэй; а малады Кінчыбайла, званы таксама Бамбізаю, даставіў там хлевіска сабе для сярэбраных лісоў. У паркі канец вясны кавалерка водзіць туды разбэшчаных маладзіц, у зараслі чорнага бэзу паміж недаваленымі сценамі з каменёўя ды з доўгай, сярэдневяковай, цагліны. У поўню палохае тут Белая Пані: яна з'яўляецца на — аброслай бярозкамі — вежышчы, якую разбірае дзеля фундаменту пад свой другі дом Кінчыбайла (сыну ставіць).

Не адзін толькі яго род пабагацеў калісьці на шныранні ў мурах, вывезеных немцамі жыдоўскіх купцоў і фабрыкантаў. Стары ж Кінчыбайла, больш вядомы як Бамбіза, так і паклаў тады галавою, уцякаючы ноччу перад жандарамі ў завулкі гета. Ён спёр быў насценны гадзіннік, які — як на тую бяду — пачаў званіць у мяшку за плячыма... А ў другі фронт, калі снарадам пабіла гусей на падворышчы плябаніі і міна разарвала чыйгосьці кормніка, што вылез паваляцца ў балоце на скрыжаванні, — меншы Бамбізік, які зусім удаўся ў бацьку, паквапіўся акурат на пярсцёнкі нябожчыка пана ў двары, днямі пахаванага ў маянтковай магільні. I падпаў ён пад кулю нямецкага снайпера, што засеў на званіцы, адкуль цікаваў за савецкімі разведчыкамі. Большы з іх выжыў, вызвалення прычакаўшы ў малінах. Ён млеў у гэтай пахотнай гушчавіне не столькі ад выбўхаў за платамі і на вуліцы, і ад пасвістваючых ад іх асколкаў, колькі ад натугі, каб не чыхнуць хоць... Пад яблыню за разораю прыбіліся бандытаватыя ўласаўцы, выглядаючы штораз з высокай травы, бы гусакі з зялёнага аўса; мацюгаліся яны і заядла матлашылі якуюсьці бабу, якая то плакала, то заходзілася ад рогату.

Усе тыя здабыткі Бамбізаў панеслі сабакі пад хвастом, калі пры новай уладзе хто не быў дурань паказваў сябе бедняком. Найразумней, аднак, зрабілі тыя, хто — на нішто не спадзеючыся — пыльнуў у апусцелы за акупацыю вялікі горад. Гаварылі пра іх, што пасталі яны на работу і бяруць грошы.

Мястэчка гібела, але — чорт яго не браў! — аніяк не прападала. Цяпер жа ажывае: каля навюткіх хлявоў адгрукаў сёй-той пекную хату з ганкам і верандаю, або нават і свежую мураванку. Унукі гэта будуюцца ўбудоўваюцца, зарабляючы без канца і меры на чым толькі здумаўшы, абы каб хутка і многа. Іхнія кумпястыя жонкі сыплюць дзецярнёю, што і вырашае будучыню. Ды і вясковых «бежанцаў» несціхана прыбывае ў ім.

ЭПІЗОДЫ ФРОНТУ

Бацька клыпаў ад гумна, несучы акалоты на подсціл у хляве. калі з Кабыліх горкаў пачала біць артылерыя. Снарады праляталі над галавою, адзін то мала шапку яму не сарваў, чапіўшы за казырок... Упаў і разарваўся, але бацька пляснуў першы (асколкі заселі ў саломе, працяўшы перавясла).

Бачыў гэта сябра, як на тое разглядаючыся з бульбяніка. Яму нешта жыхнула перад вачыма так, што сам ён не памятаў, як зашыўся ў склеп, за кадушку з квашанай капустаю. А яго жонка, якая мацней вайны баялася быць пахаванай жывою, выперлася на самюткую вуліцу, дзе і закілзалі яе маладыя ўкраінцы. Яны завялі гэтую маладзіцу ў равы, што за Дзевічым лугам, каб скубці ім там ды пячы настраляных курэй (ёй не было блага з імі праз усю ноч, і цішэй).

Назаўтра ўжо добра займалася на дзень, як засакатаў кулямёт, відаць, у крушнях каля Кашэчай горкі. Гэтак жа і перастаў. Тады ўзяў і закукарэкаў наш ашалелы певень (калі хадзілі на падворышчы тыя казакі, то я бачыў яго стоеным у крапіве за калодкамі). Бацька пайшоў да студні жывіну паіць і папаўся якомусь немцу. Каб адчапіцца ад яго, мусіў купіць ён сапёрскую сякерку, даючы яму за яе бохан хлеба, кавалак сала, бутэльку першаку. «Уласаў прадаў Расею, а я хоць тапор!» — казаў па-руску бацьку.

Саветы наступалі на Галяковую даліну. Немцы ж акапаліся ў Барсуковым хвайнячку, але і тамака была ім недастойка. Пад полудзень прыгналіся адтуль траіх на матацыкле, падпальваць хаты і будынкі, бо адступаць будуць. Сябар — на ўсё маючы спосаб — вышныпарыў у казённай мураванцы партрэт Гітлера. Засланяючыся фюрэрам, бы іконаю, бараніў гэтым гергачам усяго, да чаго яны падыходзілі. Рагочучы, ажно адгінаючыся, ляпамі ў неба, і з аўтаматамі на жыватах, — паласнулі запальнымі кулямі па страсе хлеўчыка. У ім нездаволена загудзеў кормнік. Гэта і выратавала ўсіх нас тут ад бяды, затое сябар бацькі набраўся яе, бы вужоў на балоце! Нямчугі ўпадабалі свінню, а ён, дурыла, трухаючы з тым партрэціскам за ёю, не даваў ім яе, выкрыкваючы «хай Гітляр!». Як піць даць укладавілі б яны яго, калі б не наляцеў «істрабіцель»; закруціўшыся над Дзевічым лугам, ізноў павярнуў на пажарык.