— Хадзі есці! — паклікала мяне маці. Як заўсёды, за маянтковым старадрэўем пацямнеў небакрай і ўбачыў я, звысоку закруціліся пушынкі першага снегу. Мне захацелася гарачае капусты з мясам!
На гарышчы, каля апухаў, стаіць куфар нябожчыцы бабулі (у ім зараз усялякае шмаццё). Да крокваў падвешаны пукі маку з попахам пылу. Пад шчытоўкаю грамадкаю стаіліся бутэлькі, ахінуўшыся павуціннем. Тут патрэскваюць струкі фасолі, накладзенае снапкамі пад самюткае ваконца (на цвіку, якога ржа не з'ела, патрэбныя камусьці галінкі рабіны. У падапушшы балаган ламачча: халадзільнік з паабіватымі бакамі, пакончаная калодкаю прадьная машына, пыласос, бы здохлае ў заканурку парася. Далятае сюды рознагалоссе сумятлівае ад вуліцы, павольніствае ад падворышчаў, аглухлае ад аселіц. I, мабыць, таму цяжка мне пазбыцца тае ўявы наглуха забітае труны (што так страшна жывым). Пра смерць мы думаем часцей, чымсьці ўсведамляем сабе тое!
Блага мне, маці. Усё горш і горш. I нікому не растлумачыш таго. Адкажуць: «А халера цябе, урэшце, ведае, чаму гэта аднаму табе ўсё не слава Богу?.. Во, паглядзі лепей, колькі тых медалёў яшчэ наперадзе, каб толькі здароўе да іх было!»
А гады штораз карацейшыя.
I прыяцеляў менш. Драбнеюць яны яксьці ў нясціхных жорнах часу, як бы стоптваюцца. На раз'езджаных шляхах эпохі нізкапробнасць пыліць ды драпежніць, рохкае, чулая на нюх і слепаватая. Праходзіш вёрсты свае ўсё з прыглядкамі ды аглядкамі, хоць пушчы дзікія даўным-даўно зніштожылі і звяр'ё ўжо ў заапарках.
А мне падла прывідам у адхонні...
Я хворы Беларуссю, і смерць за мною гіенаю валачэцца. О вы, з гікам парабкоўскім, ці скінеце тады капелюшы свае над трупам маім і супыніце, на той адзіны раз, насмешкі над скананнем маім, чаканым вамі?!
Я пакуль, аднак, жыву. I не без шляхетных і такіх парываў, што вянуць пад вечар, каб уранне аднова заіскрыцца чысцінёю роснай. Не трэба мне вашых турбот, не хачу я лячэння, яно абражала б мяне румянашчокасцю тае здаволенасці, калі пара на слёзы.
Вось мая мара, дзіцё хілае, падгадавацца не паспела і акрыяць, як тут бабы па хатах суседніх пра яго паховіны загаманілі ды памінальныя пяянні памалу акуратна падвучваюць сабе. Жалобнасць цягнецца ўслед нудою апусцелага поля, запавуцініўшы пачуцці. I нямаш схову ад яе, хоць матчын сад, глядзіш, яблынямі і вішнямі расквітнеў, але бель іх магільна ўзвышанай мне, а радасць — зязюляю на трыбах у верхлессі (паслухаеш, паслухаеш і зноўку бярэшся за абы-што).
Каб толькі забыцца!
Не ўдаецца табе пачын, спрабоўваеш іншага. У год недарэчны чакаеш наступнага. У хваробу спадзяешся здароўя. Дзеля задумы, ад якое не сорам, што ты жывеш, пра часы ёй прыхільныя мроіш. А ў існаванні сваім пакрэмзаным мясціны яснейшыя знаходзіш. Калі ж Бога жывога чалавека табе адбіраюць і ласкава пакідаюць усяго бяссільны плач, у покуці звечарэлым цуд аб'явіцца, заззяе: ідзеш разлогамі вясновымі, пад выссю жаўруковаю, і беды ўсенькія на сухі лес адлятаюць ад цябе, і захлынаешся вераю ў тое, што ты для шчаснасці рассмяянае народжаны, і табе няма чаго азірацца на лёсу сабачанё тужлівае. Ты ідзі, ты ідзі, ідзі...
Самым што ні ёсць галоўным аказваецца менавіта ісці!
Вясна ў той год ішла марудна і з халадамі. У месячныя ночы з'яўляліся прымаразкі з інеем, ад маянтковых сажалак далятаў крык вялікай птушкі. У хаце было цёмна, не хацелася запальваць святло. У бок Астравоў то гудзеў, то заціхаў трактар, бытта сувязны кукурузнік над партызанскімі лясамі ў забытую вайну. Не браў сон, а выйшаўшы на ганак, можна было пачуць нізкі і хуткі лёт дзікіх гусей, відаць, на Свіслацкія багны. У такую ясноту страшнавата на падворышчы, ад густога ценю хлява і стадолы, пад якімі, здаецца, нехта чакае цябе...