Ой, стараліся мы ды перастараліся, не ў прыклад кажучы, быццам дзеці малыя, якім цацкі за гэта навюткія і фабрычныя, нікім не кранутыя, далі на свята прычаканае, урэшце. I захапіліся, ажно да першабытнага самазабыцця зацьменнага, у якое год за годам нам гады замігацелі ўваччу на падабенства лікаў тых выйгрышных на рулетцы нейкай азартнай. Стаўкі тадышнія на карту нашу запаветную дазвалялі пакуль на няшмат, спачатку на абноўку чаравічную, а затым і на касцюмную, з зашпількамі фарсістымі-серабрыстымі. Ну і разжыліся ж радасна і сяк ды так на мэблю блішчастую і на кватэры жаданыя з пакоямі гардзінна-шырокаваконнымі. А неўзабаве і ўнучанятамі, як анёлкамі, дзеда з бабкай з рукамі парэпанымі пацешылі мы па-панску для шыкоў-насці пад тайны свой комплекс хама на паркетах.
Дзяцей пагадавалі ж так, быццам яны былі не нашымі, але прысланымі панамі доўгапамятнымі нам на ўтрыманне смачнаежнае і выхаванне фінціклюшнае. Раслі яны панічамі ды паненкамі ў нас на хвалу ўсё-такі вясковую і вазілі ж іх туды што ні свята, у дрымоцце тое прыгуменняў, напаказ і на зайздрослівасць прыемную ад суседзяў у заплоцці. Лялькамі разадзетымі і шпанюкамі, якім толькі малака птушынага не хапала.
Як кажуць: і азірнуцца не паспелі, калі сівізна пасыпалася на галовы нашы інеем прымаразку першага, і вочы заімгліліся стомаю пасля дарогі такой пыльнадоўгай, малапраезнай у тое першапраходнае вандраванне наша. Песні, што спявалі мы ў вёсны маладыя і ў леты натхнёныя рэхам беспаваротным адляцелі на той свет, а словы родныя з родных непатрэбшчынаю цяпер на гарышчы хаты або ядлоўцамі на палях удзічэлых староння сардэчнага; душы ў пустапаш пустазельную вырадзіліся. Бацькоў сваіх вось крадком пахаваўшы на могліцах, хвайнячкамі бяспамяці зарастаючых за палеткамі пакінутымі, дзетак жа ў зямлю абяцаную або ў амерыкі шумна выправіўшы з кашалькамі тугімі, — агледзеліся, самотна век дажываючымі, каратаючымі дзень ды да вечара, над фатаграфіямі даўнімі тужліва паседжваючы... Адно неба засталося нязменна зорным, і буры пераджніўныя гэтак жа па-маладзецку грымотныя, і захады ў задуменні назаўсёды ціхім барвовыя, і маладзік месяца ў ноч Пятра і Паўла, бы перад колішнімі зажынкамі, цярпліва напамінаючым з нябёсаў над айчынай апустынелаю, што без сярпа перш не было б хлеба.
Як жылі, так і пражылі. Па законе старасці натужваемся думаць пра раней непрадчуваныя намі тысячагоддзі, разумеючы, хоць бессаромна позна, як блізка —-аднак! — адышліся мы наперад, нягледзячы на растлумачальную ды слушную гідлівасць нашу да існавання сярмяжнага пад стрэхамі саламянымі, пад якімі проста па-варварску былося. Добра, што, прынамсі, ўяўляем сабе бяздарна ўсё тое, колькі гэта нам застаецца да спасціжэння неспасціглых Элады і Рыма. Пытаем самі ў сябе з сумненнем, ад якога бярэцца мудрасць: а як гэта нас успамінацьмуць і ці прыстойным словам?