— Чакай... чакай... — перапыніў той Андрэя, усё роўна нібы ведаючы яго думкі.
— Я слухаю вас.
— Во калі ты хораша сказаў! Слухай мяне, тады не пашкадуеш.
— Я вельмі слухаю вас.
— Добра, — важны соладка пазяхнуў ды прыхаваў свой язычыска, на які моцна хацелася плюнуць!
У Андрэя пакруглелі вочы: вельмі важны, напэўна, ведае аб тым, што было такое жаданне — плюнуць!
— Чаго?! — вызверыўся ён на Андрэя, яго вочы.
— Прабачце! — зніякавеў перад ім і давай плакаць, плакаць...
— Ну-уу-ууу-ууууу...
— Выбачайце, прабачайце!
— Хвілінку, — важны, падабрадушнелы, выпусціў язычыска на ўсю яго даўжыню, пасля чаго сказаў: — Перастаньце, бо не магу глядзець і слухаць.
— Ужо не плачу. Ужо не.
— Вось добра.
— Ага.
— Што — ага?
«Божа, няўжо я зноў штось падумаў?! Халеры няма на галаву маю: калі аб чымсьці дрэнным, дык возьме і падумае! I калі гэта надыдзе тая блаславёная часіна, у якую пажыву, не думаючы. Зусім не думаючы!» — затужыў Андрэй. У яго ёсць знаёмая, лялечная бландзіначка, прэтэнцыёзная гультайка, кафейная курачка, якая, калі даводзіцца ёй трохі падумаць, сапе і цалкам шчыра, хаця толькі жартам, кажа яна, што куды лягчэй было б ёй праспацца няхай і з двума мужчынамі адразу, чымсьці напісаць службовую справаздачу. (Яна, як гэта ні дзіўна, займае досыць адказную пасаду; іначай кажучы, есць белы хлеб з падтаквання начальству.)
— Нічога. Дальбог!
— Верыш у Бога?
— Я? У Бога? — Андрэя пытала аб тое ж і курачка-дурачка, але так сабе.
— Ты... ты... ты...
— Паночку, у мяне жонка, двое дарастаючых дзяцей! — махляваў ён вельмі важнаму.
— Двое?
— Ага.
— Напэўна?
— Каб я так здароў быў! Менавіта — двое! I спагадлівая жонка.
— У Бога, значыць, не верыш?
— Не веру!
— Та-а-аа-ак... Ты, Андрэй Антошка, можаш быць здольным чалавекам.
— У чым, калі дазволіце ведаць?..
— Ну, перш за ўсё, у паслухмянасці. Вы ж, пэўна, чулі прымаўку, што ціхмянае цяля дзве маткі ссе? — «вы» і «ты» ў яго ішлі ўперамежку.
— Так, вядома. Я пастараюся апраўдаць ваш давер, пане вельмі важны. Я з глыбокай радасцю ўсведамляю сабе, што прыйшоў сюды з надта ж добрай думкай пра вас!
— Дазваляеш сабе празмеру лішняе, Андрэй Антошка! Як гэта павінен я разумець тваю радасць, якую ўсведамляеш, ды яшчэ і глыбока? Ці раней у цябе не было яе?
— Пакарай мяне, Божа, калі я тут сказаў што падвойнае! Пакарай мяне таксама і тады, калі радасць гэта пачне высыхаць!
— Досыць гэтых перамовак з Богам! Я — важнейшы!!!
— Слухаю вас.
— Так яно... ну, гэта самае, так яно павінна... ну! — вельмі важны забыў апошняе слова.
— ...быць! — падказаў Андрэй.
— Ты, аднак, думаеш!
— Не буду! Больш не буду! — Андрэй упаў на калені і плакнуў.
— Пабачым.
— Не буду...
— Кажу: пабачым!
«Прападу!» — зразумеў Андрэй і з кабінета вельмі важнага шчасна выйшаў на мяжу жытнёвую.
Бабулька, што жала на суседняй палосцы недзе ў 1950 годзе, адагнулася і спытала:
— Андрэйка, мо пап'еш вады крынічнай са скарынкаю? Папі, лягчэй табе стане.
Андрэй глытнуў з гладыша, абхапіўшы яго аберуч.
— Ага, сынок, на здароўечка. Вада дае жыццё, а зямля чалавека не здрадзіць.
Піў, ажно захліснуўся. Тады паставіў збан пад снапок, выпрастаўся, уцягнуў у грудзі паветра з-над угрэтай пожні ды пакрочыў паміж палеткі каласістыя, да лапікаў бульбы, дзе Тадзік абворваў скараспелку. Дарожкаю палявою сучыў і дрыжэў ад жадання спяваць, але ніяк не змог разявіць рот. Словы дзесьці прачытаныя выбягалі да пераду, вабілі і вабілі:
Абярнуся я
галубіцай,
у акно тваё
буду біцца.
Прабягу каля ног дарогай —
у цябе іх наперадзе
многа.
Белым досвіткам,
сінім вечарам
Упаду
каля вербаў
рэчанькай.
Ціхай зоранькай
буду маліцца.
Не ікона я—
маладзіца.
Сяргей, што возам якраз над'ехаў ад Доўгага выгана, выручыў Андрэя і заспяваў анёльскім пяяннем: «По-о-оле-э-э ты-ы на-а-аша-ае-е-е-е, по-оле-э ты-ы ро-о-одна-ае-е-е! Ні-івы-ы за-а-ала-аці-істы-ыя-яа, збо-ожы-ы ка-ла-асі-і-істы-ы-ыя-а! В-о-оля-а шы-ыро-окая, ду-уша-а з сэ-эрца-ам глы-ыбо-окі-ія-а! Пе-есня-я ра-а-азлі-іў-у-уна-аяая, жы-ыццё-оо з усме-ешка-ай шча-аслі-іў-уны-я! Ма-а-аррры-ыыы-ы бязме-е-э-эжны-ы-ыя-я-яя-ааа, ду-умкі-і су-уце-ээ-эшны-ыя-я-а, гэ-э-э-эй, гэ-эй!! Лю-у-дзі-і сва-а-або-о-о-одны-я-я-а-аа, я-ак рэ-э-экі-і па-аў-уна-аво-одны-ыя-а-аа, гэ-эй, гэй-гэй-гэй, г-э-э-э-эй!!! Андрэй-э-эй на-аш вя-а-арнуў-уу-у-ўся-а, да-аро-ага-ай ста-а-амі-і-іў-у-у-уся-я-а-аа, гэ-э-э-ой, эй!..»