Згадзіцеся, лепка такой моўна-лінгвістычнай мазаікі патрабуе пісьменніцкай вопытнасці, майстэрства. Яны ў Сакрата Яновіча ёсць, бачацца не толькі ў мастацкіх дэталях і падрабязнасцях (скажам, малюнак восені: «За амбразураю акна жаўцелі грушы, і сядалі на іх сонныя восы» ці — гарачыня, цяжкая праца ў полі: «Бацька выціраў шапкаю пот і вытрасаў з кішэні размоклы ад таго пачак папяросаў»), але і ў сталым, вынашаным поглядзе на рэчы, на істотнае ў чалавечай душы. Прачытайце псіхалагічную аповесць «Самасей» — колькі ў ёй інтымнага, патаемнага, таго, над чым кожны чалавек задумваецца, але не кожны мусіць прызнацца. Часам здаецца, што ў нас адны праблемы, а дзесьці ўжо за рысаю граніцы — іншыя. Не, яны агульныя, бо створаная Богам прырода чалавека — адна, у ёй надзіва сумясцілася высокае і нізкае. Тып раздвоенай асобы, увасоблены пісьменнікам у вобразе Андрэя Антошкі, жыве сярод нас, у ім кожны можа знайсці нейкую сваю часцінку, бо як бы ні імкнуўся чалавечы розум, ён ніколі не паставіць сябе па-за сутнасцю такіх паняццяў, як зямля, праца, грошы, каханне, начальства, маці, здрада, смерць, подласць, прырода... Мне імпануе, што Андрэй Антошка да многіх заган у сабе ставіцца з самаіроніяй і сарказмам (рыса даволі рэдкая!), а значыць, усведамляючы іх, будзе ачышчацца. Пры ўсёй неўтаймаванасці і неўладкаванасці ягонай натуры, былога вяскоўца, а цяпер гараджаніна, цяжка ўявіць, што ён змірыцца з жыццёвым прынцыпам, які дазваляе і бюракратычныя выхадкі («Затанцуеце так, як вам зайграю...»), і ананімкі, і паклёпы, і шантаж... За гэта гавораць шматлікія высновы-афарызмы героя, у якіх адчуваецца народная кемлівасць і глыбіня: «Тое, што здарыцца публічна, немагчыма выкрасліць з людской памяці», «Нешчаслівасць павінна быць усяго каўдобінай, у якой, магчыма, зламаеш калена, але не скруціш шыю!», «Быць сваяком — гэта ўсё роўна, што мець долю ў чужым капітале». Камусьці такое можа здацца маралізатарствам, рэзанёрствам. Я асабіста так не лічу. Маралізатарства — гэта наўмыснае скіроўванне, а тут вылушчаная з заблытанай рэчаіснасці і ўпакаваная ў думку філасофія. У літаратурным асяродку часам можна пачуць меркаванне, што дыхтоўная проза не церпіць усякіх адступаў, абагуль-ненняў, уставак, у Сакрата Яновіча — яны скрозь! I пераскокі ў дзеянні ён смела робіць, не баючыся парушыць цягучую традыцыйную пластыку. Наогул у мяне склалася ўражанне, што для празаіка праблемы формы не існуе (хоць у вялікім жанры яна, здаецца, непазбежная для кожнага), тут і дзённікі, і сны, і пісьмы, і публіцыстычна-лірычныя развагі, і будова дыялогаў па прынцыпе п'есы (па ролях)... Карацей кажучы, цвёрда вымураванага сюжэтнага каркаса няма. У сувязі з гэтым думаецца: жыццё таксама няможна пераказаць; пераказаць можна эпізод з жыцця.
Перад табою, чытач, — разліў нашай, чалавечай, душы, у якім удзячна купацца і зроку, і слыху, і розуму, і пачуццям і пасля якога нават з самасеяных зярнят вырастае дабраякаснае насенне.
Уладзіслаў Рубанаў,
лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа
САМАСЕЙ
аповесць
Былі яны з трэцяга камісарыята.
Андрэй Антошка ўбачыў іх яшчэ да таго, як прыйшлі яны да дзвярэй ды пазванілі. Званок быў чужы, доўгі, па-службоваму беспардонны.
Калі ён глядзеў на іх праз акно, дык падумаў, што гэта валакуцца да хворага санітары. Хто ж захварэў?
Выйшлі яны з машыны зусім такой жа, як і ў «хуткай дапамозе». I толькі калі падыходзілі да пад'езда, ён зразумеў, што гэта ўсё ж не санітары. Адзін з іх падняў галаву і, здалося, зірнуў проста на Андрэя. Быў падобны да суседа — прыгорблены, хутканогі. Яго раскірачаны цень, відаць, ад лямпачкі над дзвярыма, вялізным павуком сігануў у кусты, што на панадворку. У цемру.